• Больш за палову палякаў не прачытала сёлета аніводнай кнігі
  • 23.02.2011

Ляўрэатамі прэмій беларускага ПЭН-цэнтра за 2010 год сталі Вольга Бабкова й Сяргей Шапран. Уручэньне прэмій адбудзецца 3 сакавіка ў Менску.

Сяргей Шапран будзе ўзнагароджаны прэміяй імя Алеся Адамовіча за двухтомны жыцьцяпіс "Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах".
Пісьменьніца й гісторык Вольга Бабкова адзначана прэміяй імя Францішка Багушэвіча за кнігу эсэ-рэканструкцый "...І цуды, і страхі", якая стала плёнам яе шматгадовай працы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У кнізе дасьледуецца гісторыя штодзённага жыцьця жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII стагодзьдзях.

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1996 годзе, праз два гады пасьля яго сьмерці. Яна ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу года. За 15 год прэмію атрымалі каля 30 пісьменьнікаў, публіцыстаў і дасьледчыкаў літаратуры, у тым ліку Сяргей Навумчык, Леанід Маракоў, Генадзь Бураўкін і Павал Севярынец.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча - штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра, заснаваная ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца ў сакавіку (да Дня Волі) за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, якія спрыяюць абуджэньню нацыянальнай самасьвядомасьці. З 1996 года ляўрэатамі прэміі сталі Кастусь Акула, Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч, Лявон Баршчэўскі, Міхась Чарняўскі, Аляксандар Лукашук, Васіль Сёмуха й іншыя.

Іранскі фільм “Надэр і Самін. Сэпарацыя” ў рэжысуры Асгара Фархадзі стаў гадоўным пераможцам 61-га Міжнароднага кінафэстывалю “Бэрлінале".

Польскі апэратар Войцех Старань атрымаў статуэтку “Сярэбраны Мядзьведзь” за здымкі фільму  "El Premio" (“Узнагарода”). Стужка зьяўляецца супольнай вытворчасьцю Мэксыкі, Польшчы, Францыі й Нямеччыны.

Уручэньне “Залатога Мядзьведзея” іранскаму рэжысэру ня стала сюрпрызам. Ён ад пачатку быў фаварытам фэстывалю. Узнагароды атрымалі таксама акторы фільму – Лэйла Хатамі, Сарына Фархадзі й Пэйман Моадзі.

Фархадзі паказаў гісторыю сям’і, якая плянуе эміграваць зь Ірану. Калі Надэр адмаўляецца ад гэтай ідэі з-за цяжкой хваробы бацькі, то яго жонка Сімін падае на развод і выязджае з дому. Надэр наймае маладую жанчыну, якая будзе даглядаць за бацькам, але яна не спраўляецца са сваімі абавязкамі. У выніку Надэра судзяць за забойства бацькі.
Два гады таму іранскі рэжысэр здабыў “Сярэбранага мядзьведзя” за фільм “Пра Элі”. На думку камэнтатараў, сёлетняя ўзнагарода мае й палітычны падтэкст. Справа ў тым, што сярод чальцоў журы меў быць і Джафар Пахані, выбітны тэгеранскі творца, але за некалькі тыдняў да фэсту яго асудзілі да 6 гадоў пазбаўленьня волі й забарону займацца фільмамі на 20 гадоў.

Больша за палову палякаў - 56% - цягам апошняга году не прачытала аніводнай кнігі, так вынікае з дасьледаваньня Нацыянальнай бібліятэкі.

44% палякаў прачыталі за год толькі адну кніжку. У параўнаньні з папярэднім годам, гэта вялікі прагрэс, бо 2010 год быў найгоршым годам па ўзроўні зацікаўленасьці кнігамі ў краіне. Адзін з чатырох палякаў, якія скончылі ВНУ, прызналіся ў тым, што за год не пачыталі аніводнай кнігі. Цікава, што жанчыны ў Польшчы чытаюць больш, чым мужчыны.
Але сапраўдныя лічбы могуць быць для палякаў яшчэ горшымі. Справа ў тым, што кніжкамі ў дасьледаваньні названыя кухарскія пазыцыі й альбомы. Таму колькасьць сапраўдных чытачоў складаць прыблізна 12%.

Па паказьніку чытаньня палякі апынуліся за іншымі народамі Эўропы. Французы й чэхі чытаюць у тры разы больш, чым палякі. Аўтары рапарту спадзяюцца, што такая “мода” пратрымаецца нядоўга й неўзабаве палякі ізноў возьмуцца за кнігі.

З нагоды Году Чэслава Мілаша ў Польшчы наша радыёстанцыя адчыніа амысловую старонку ў сеціве. Штотыдзень на бачыне milosz.polskieradio.pl зьяўляюцца новыя праграмы, архіўныя запісы і ўспаміны пра польскага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі.

Новы сэрвіс падзелены на розныя рубрыкі. У рубрыцы “Перадача” можна праслухаць унікальныя запісы Польскага радыё пра ляўрэата. 

У “Чытальні” аматары паэзіі Мілаша, дзеячы культуры й журналісты будуць разглядаць тры найбольш цікавыя творы Мілаша. Першым пра свае ўлюбёныя творы вялікага паэта распавядзе пісьменьнік і журналіст Польскага радыё Ежы Сасноўскі.

У “Календары” будуць зьмяшчацца абвесткі пра падзеі, зьвязаныя з Годам Мілаша. Там можна будзе знайсьці інфармацыю пра конкурсы нашай радыёстанцыі, у якіх узнагародай будуць кнігі Чэслава Мілаша.
Рубрыка “Біяграфія” прадстаўляе гукавыя альбомы з аповедамі брата паэта Анджэя Мілаша.
На працягу году старонка milosz.polskieradio.pl будзе папаўняцца чарговымі матэрыяламі.

З  удзелам прэм’ер-міністра Дональда Туска, пад ганаровым патранатам прэзыдэнта Браніслава Камароўскага ў аўторак у Польскім тэатры ў Варшаве адбылася ўрачыстая прэм’ера фільму “Чорны чацьвер. Янэк Вісьнеўскі загінуў” рэжысэра Антонія Краўзэ.
Гэта чарговы польскі фільм пасьля “Генэрала Ніла” і “Папялушка. Свабода ў нас”, які раскрывае белыя плямы найноўшай польскай гісторыі й хлусьню кіраўніцтва ПНР пра падзеі ў краіне.

“Чорны чацьвер” – гэта гісторыя пра драматычныя падзеі ў сьнежні 70-га году ў Гдыні. Войскі й міліцыя брутальна разагналі апазыцыйную маніфэстацыю. Дарэчы, аўтары сцэнару Міраслаў Пепка й Міхал Прускі былі сьведкамі тых падзеяў.

Аўтары фільму вельмі дакладна рэканструявалі падзеі 1970-га. Дыялёгі герояў фільму – гэта сапраўдныя размовы ўдзельнікаў пратэсту. Фільм здымаўся на тых самых вуліцах, каля гдыньскай верфі, чыгуначнага вакзалу й мэрыі гораду.

У фільме выкарыстаныя таксама архіўныя здымкі, у прыватнасьці, кадры, калі людзі нясуць на вялізных дзьвярах цела 18-гадовага Збышака Гадлеўскага, гісторыя якога стала гімнам апазыцыі 1980-ых. У народзе яго празвалі Янэк Вісьнеўскі. “Баляду пра Янэка Вісьнеўскага” выканаў адмыслова для фільму вядомы польскі рокер Казік Сташэўскі. 

дг