На мінаючым тыдні мы адзначалі Сусьветны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды пра тое, як выглядае каталіцкі друк у Беларусі: што выдаецца, якая сытуацыя беларускамоўных выданьняў, зь якімі праблемамі выдаўцы змагаюцца на мясцовым рынку, размаўляем з Алінай Новікавай - дырэктаркай Выдавецтва „PRO CHRISTO”.
Аліна Новікава: Выдавецтва „PRO CHRISTO” было заснаванае ў 2000 годзе з благаслаўленства Яго Эмінэнцыі кардынала Казімежа Сьвёнтэка, таму што ўзьнікла патрэба друкаваць патрэбную Касьцёлу літаратуру: рэлігійную ці тую, якая патрэбная для ідэі эвангелізацыі. Гэта юрыдычная адзінка, зарэгістраваная ў дзяржаве, як вытворчае ўнітарнае прадпрыемства Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Мы дзейнічаем на патрэбы мітраполіі, але таксама адкрытыя на супрацоўніцтва з кожным грамадзянінам Беларусі, які хоча ў нас надрукавацца.
Якія віды выданьняў выходзяць у „PRO CHRISTO”?
Аліна Новікава: Нашыя супрацоўнікі працуюць як на патрэбы каталіцкай прэсы, так і выдавецкай дзейнасьці. У нас выходзяць часопісы: „Наша Вера”, „Ave Maria”, для дзяцей „Маленькі Рыцар Беззаганнай” і „Каталіцкія навіны” - інфармацыйны бюлетэнь. Першай нашай кнігай быў малітоўнік „Ойча наш”, які выйшаў тыражом 30 тысячаў паасобнікаў – гэта быў першы малітоўнік, выдадзены на беларускай мове. Вялікая праца прайшла над „Імшалам” на беларускай мове. Многа кніг друкавалася на патрэбы манашскіх ордэнаў ці супольнасьцяў.
На якіх мовах выходзяць вашыя выданьні?
Аліна Новікава: У нас перад усім беларуская мова. Зразумела, па-рознаму атрымліваецца ў дадзеным годзе. Калі, напрыклад, нехта шмат заказвае па-расейску, то будзе больш гэткіх выданьняў. Усё ж, у асноўным, 90% выходзіць на беларускай мове. На беларускай мове выйшлі, між іншым, гэткія кнігі, як Януш Корчак „Як любіць дзіця” - гэтай кнігай мы ганарымся. Нашая пісьменьніца, перакладчыца ды галоўны рэдактар часопіса „Наша Вера” Крыстына Лялько пераклала на беларускую мову кніжкі Яна Паўла ІІ. У нас заказваюць таксама беларускія пісьменьнікі. Напрыклад, сьвятой памяці Янка Брыль заказваў у нас свае кнігі, нават апошнюю. Ён сказаў памятаю: „Мяне ня стане, але пакіну вам свае кнігі з аўтографам”.
А калі гаворка ідзе пра ўзрост, то для якога чытача накіраваная вашая прапанова?
Аліна Новікава: Мы працуем на патрэбы Касьцёла, і калі трэба было, напрыклад, у мінулым годзе мы выпусьцілі некалькі дапаможнікаў па катэхезе. Беларускія дзеці ўпершыню атрымалі гэтыя кнігі. Выдаем таксама для моладзі. Напрыклад, мы пераклалі кніжку ксяндза Ежы Палыгі „Моладзь пытаецца”, але яна выйшла ўжо на расейскай мове, бо такая была патрэба. У мінулым годзе выйшаў такасма „Кампэндый катэхізіса Каталіцкага касьцёла”. Ну, на жаль, поўнага катэхізіса на беларускай мове ў нас няма, ёсьць толькі на рускай мове, маскоўскае выданьне.
У якіх выстаўках ці кірмашах удзельнічала апошнім часам выдавецтва „PRO CHRISTO”?
Аліна Новікава: Некалькі дзён (9-13 лютага) мы ўдзельнічалі ў XVІІ Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Мы стараемся ўдзельнічаць у згаданым мерапрыемстве кожны год. Гэта для нас вялікі досьвед і радасьць, бо нашыя кнігі, нягледзячы на значную канкурэнцыю з боку каляровых выданьняў іншых выдавецтваў, карыстаюцца папулярнасьцю. Мы бачым патрэбу ў духоўнасьці. Кніжка знаходзіць сваіх чытачоў. Яны пытаюцца, што будзем далей выдаваць. На згаданым мерапрыемстве асаблівым попытам карыстаўся часопіс „Наша Вера”. Мы выдалі зборнік Віславы Шымборскай у перакладзе Ніны Мацяш „Двухкроп’е” на дзьвюх мовах. Ён таксама карыстаўся папулярнасьцю. Мы стараемся рабіць усё магчымае, каб чытачы мелі што чытаць паводле сваіх патрабаваньняў.
Ці, на вашую думку, у Беларусі ёсьць большае зацікаўленьне беларускамоўнымі выданьнямі?
Аліна Новікава: Мы спадзеемся, што маем свой уклад у падмурак адраджэньня беларускасьці й беларускай мовы, таму што мы таксама знаходзімся пачынальнікамі ў стварэньні духоўнай мовы. Пры перакладах узьнікаюць складанасьці. Няма рэлігійных слоўнікаў, каб паглядзець, як што перакладаць на беларускую мову. У нас гэты досьвед ужо ёсьць. Пра нашую прэсу й кнігі беларускія студэнты пішуць магістэрскія работы. Ведавецтва „PRO CHRISTO” дзейнічае ўжо 11 гадоў. Я памятаю, напачатку нават дзяржава вызваліла ўсіх выдаўцоў, якія друкавалі на беларускай мове, ад абавязку ўносіць падатак, гэтак званы ПДВ. Ведаеце, што мы стараліся гэта выкарыстаць, бо гэта было нам мэтазгодна, але другія выдавецтвы гэтым нават не пацікавіліся. Зразумела, літаратуры на беларускай мове выходзіць шмат, але, на жаль, такога попыту, як калісьці, няма. Беларускамоўная літаратура мае абмежаванае кола чытачоў. З другога боку, мы бачым, што некаторая моладзь цікавіцца й стараецца вывучаць беларускую мову; імкнецца размаўляць на ёй; хоча быць годнымі грамадзянамі. Няма такога суму, што гэта не адродзіцца. Ёсьць надзея! У некаторых рэгіёнах, напрыклад, у Гомельскай вобласьці, пераважае расейская мова. Віцебская вобласьць – на расейскай мове. Як ня дзіўна, таксама на Гарадзеншчыне больш расейскамоўных чытачоў. Таму некаторыя выдавецтвы, зыходзячы з камэрцыйнага інтарэсу, на расейскай мове выдаюць. Tym czasam „PRO CHRISTO” на зусім іншых пазыцыях, бо Касьцёл у Беларусі жыве на беларускай мове: і малітвы, і набажэнствы на беларускай мове. Гэта няпроста перакладаць ці пісаць ці ствараць нешта, але мы стараемся.
Размаўляла Анна Задрожна