• Запрашаем у Польшчу – лыжныя садкі
  • 25.02.2011

Напэўна адным з пытаньняў, якое задаюць сабе бацькі–аматары гарналыжнага спорту, што зрабіць зь дзецьмі, калі дарослыя ідуць паезьдзіць на лыжах ці снаўбордзе? Адказ даволі просты - узяць з сабой, толькі спачатку трэба іх таксама навучыць гэтаму спорту. Альбо ёсьць яшчэ адзін варыянт - запісаць у лыжны садок. Такія ўстановы ўсё часьцей паяўляюцца ў польскіх горналыжных курортах. Менавіта там пад вокам пэдагогаў і дасьведчаных інструктараў дзеткі будуць вучыцца стаяць на лыжах, трымаць раўнавагу, а пасьля й зьязджаць па невысокіх горных спусках. Звычайна ў такіх пляцоўках першыя крокі на лыжах ставяць дзеткі ад 3 да 9 гадоў, але некаторыя пляцоўкі прымаюць нават 2-гадовых дзяцей.
Навука ў такім месцы адбываецца ў форме гульні, паколькі гэта асноўны элемэнт адукацыі дзяцей такога ўзросту. На спуску замест брамак ці іншых перашкодаў стаяць грыбкі, цацкі ці іншыя цікавыя прадметы, якія выклікаюць давер у маладых лыжнікаў.

Прафэсіяналы кажуць, што найлепшыя эфэкты язды на лыжах дзеці дасягаюць ва ўзросьце 5-ці гадоў, а катаньне не выклікае вялікай нагрузкі на каленкі й іншыя суставы. Ня варта спадзявацца, што пасьля некалькіх гадзінаў на лыжах зь інстуктарам дзіця адразу па-майстэрску пачне зьязджаць з самых высокіх спускаў. Як кажуць, усяму свой час, таму будзе вельмі добра, калі на пачатку дзеткі пачнуць самастойна абуваць лыжныя бацінкі, прышпільваць лыжы й трымацца на іх. А паступова яны пачнуць самастойна зьязджаць. Самае галоўнае, каб дзеткі не баяліся ехаць. Найлепей дзеткі вучацца ў групах аднагодак, таму ў лыжных садках групы камплектуюцца з 4-5 аднагодак. Інструктар у стане прасачыць за такой групкай, каб яна не „разьехалася” па спуску, ды й можа прысьвяціць неабходную колькасьць часу на індывідуальныя заняткі з кожным „гарналыжнікам”.

Часьцей за ўсё заняткі ў лыжным садку - гэта пяцідзённы курс па 2 гадзіны ў дзень. Ёсьць таксама інтэнсіўныя курсы па 5 гадзін у дзень. Але трэба мець на ўвазе фізычныя магчымасьці кожнага дзіцяці й стан здароўя. Кошт навучаньня ў такім садку вагаецца ад 100 да 150 эўра за курс. Усё залежыць ад месца, адукацыйнай праграмы ды й разнастайных акцыяў. Некаторыя садкі канцэнтруюцца выключна на навуцы язды на лыжах, а некаторыя пляцоўкі апякуюца дзеткамі як сапраўдныя садкі, дзе дзеці, акрамя знаёмства з сакрэтамі гарналыжнага майстэрства, гуляюць, атрымліваюць поўнае харчаваньне й знаходзяцца пад апекай кваліфікаваных пэдагогаў.

Яшчэ адна рэч, на якую варта зьвярнуць увагу, едучы ў горы й карыстаючыся паслугамі гарналыжных інструктараў для сябе й сваіх дзетак, гэта праверка кваліфікацыі інструктараў і іх страхоўка. Да гэтага апошнім часам заклікаюць нават сябры польскай гарналыжнай асацыяцыі. Польскае заканадаўства дазваляе кожнаму чалавеку займацца інструктарскай дзейнасьцю й вучыць гарналыжнаму майстэрству. Таму ў гарналыжных курортах дзейначаюць таксама псэўдаінструктары, якія прапануюць свае паслугі таньней, чым у дыплямаваных інструктараў з пасьведчаньнем майстра польскай гарналыжнай асацыяцыі. А кваліфікаваны інструктар мае ня толькі адпаведную падрыхтоўку, але й адпаведную страхоўку, якая ў сытуацыі нешчасьлівага выпадку на спуску, які можа здарыцца з падапечнымі такога інструктара, гарантуе мэдычную дапамогу й фінансавую кампэнсацыю ад страхавой кампаніі. Апошнімі днямі барацьбу з псэўдаінструктарамі пачалі, між іншым, улады гораду Шклярска Парэмба.

КР