Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Лібіі. Гэта адказ на выкарыстаньне сілавых сродкаў у дачыненьні да дэманстрантаў і крывавы разгон антыўрадавых маніфэстацыяў у краіне.
Згаданае рашэньне прынялі амбасадары 27 краінаў супольнасьці ды канчаткова зацьвердзілі міністры энэргетыкі, якія сустракаюцца ў Брусэлі.
Згодна спадзяваньням, санкцыі падобныя да тых, якія надоечы ўвяла Рада бясьпекі ААН. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра эмбарга на продаж зброі й вайсковай тэхнікі, якая можа выкарыстоўвацца супраць дэманстрантаў.
Апрача таго, Муамар Кадафі ды галоўныя прадстаўнікі ўраду Лібіі ахопленыя забаронай на ўезд на тэрыторыю Эўрапейскай супольнасьці, а іхныя банкаўскія рахункі ў эўрапейскіх банках замарожаныя.
Высокі прадстаўнік па зьнешняй палітыцы Эўразьвязу Кэтрын Эштан асудзіла дзеяньні рэжыму Муамара Кадафі.
Яна выказалася за правядзеньне незалежнага расьсьледаваньня па злачынствах дыктатара, падркэсьліваючы, што міжнародная грамадзкасьць выступае супраць насільля ў Лібіі.
Кэтрын Эштан: Мы асуджаем сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў Лібіі. Насільле й рэпрэсіі павінны закончыцца, а адказныя за іх асобы павінны быць затрыманыя й прыцягнутыя да адказнасьці. Гэта ня толькі пазыцыя Эўропы, але таксама міжнароднай грамадзкасьці й яе прадстаўнікоў – Рады бясьпекі ААН.
Такім чынам пасьля амаль тыдня з моманту першых паведамленьняў пра крывавыя падзеі ў Лібіі, Эўразьвяз адрэагаваў на ўсю сытуацыю больш станоўча.
Да гэтага часу Эўрoпа абмяжоўвалaся крытыкай уладаў у Трыпалі, ня кажучы прамым тэкстам пра віну лібійскага дыктатара.
Гаворка ідзе пра тое, што рашэньне аб увядзеньні санцкыяў патрабавала адзінагалоснасьці, а да гэтай пары супраць рашучых дзеяньняў з боку Эўразьвязу выступала Італія, якую зь Лібіяй зьвязваюць эканамічныя інтарэсы. Апрача таго, улады ў Рыме былі занепакоеныя масавым наплывам уцекачоў з Афрыкі ды бясьпекай сваіх грамадзянаў у згаданай краіне.
Пытаньне крызысу ў Лібіі закраналася падчас паседжаньня Рады па правох чалавека ААН у Жэнэве, у якім удзельнічалі, між іншым, прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі й Расеі.
Высокі прадстаўнік ААН па правох чалавека Наванэтэм Пілэй падкрэсьліла, што ў Лібіі дапамогі патрабуе перш за ўсё цывільнае насельніцтва.
Парлямэнцкая Асамблея ААН разгледзіць таксама магчымасьць прыпыненьня Лібіі ў правох чальца арганізацыі.
Нагадаем, падчас апошніх выхадных Рада бясьпекі ААН адзінагалосна прагаласавала за ўвядзеньне санкцый супраць Лібіі.
Накладзеныя Радай бясьпекі ААН санкцыі – гэта эмбарга на пастаўкі зброі ў Лібію, арышт замежных рахункаў высокапастаўленых лібійскіх чыноўнікаў і накіраваньне справы супраць Кадафі ў Міжнародны крымінальны суд пры ААН.
У ацэнцы Вітальда Вашчыкоўскага, экспэрта навукова-аналітычнага Інстытуту Сабескага, санкцыі ААН і Эўразьвязу перш за ўсё супакояць сумленьні краінаў Захаду, але не паўплываюць на агульную сытуацыю ў Лібіі.
Вітальд Вашчыкоўскі: Гэта дасьць перакананьне, што, маўляў, Захад нешта робіць па гэтым пытаньні. Цяпер Лібія ізаляваная. Значная частка краіны вызвалeная з-пад кантролю Муамара Кадафі, і таму большы ўплыў на зьвяржэньне дыктатара будуць мець ягоныя суайчыньнікі – жыхары Лібіі, a ня санкцыі Захаду.
Экспэрт нагадаў, што ў Лібіі цяпер назіраецца надта вялікі хаос, каб уводзіць нейкія дзеяньні. Ён сказаў, што непасрэднай прычынай дэманстрацыяў былі высокія цэны на прадукты харчаваньня, а пасрэднай - адсталасьць ад іншых краін. Арабы бачаць розьніцу, паколькі побач знаходзіцца разьвітая Эўропа.
Вітальд Вашчыкоўскі мяркуе, што цяжка будзе замяніць лад у згаданай краіне на дэмакратычную сыстэму.
Вітальд Вашчыкоўскі: Палякі й наогул краіны Ўсходняй Эўропы мелі канкрэтны плян, бо сыстэмныя пераўтварэньні накіроўваліся ў напрамку Заходняй Эўропы. У арабскіх краін такога ўзору няма. Турцыя ці Інданэзія, некаторыя іншыя мусульманскія краіны, увялі своеасаблівыя сыстэмныя й эканамічныя пераўтварэньні. Магчыма, што менавіта ў згаданым напрамку будуць імкнуцца таксама арабскія дзяржавы.
У сваю чаргу доктар Марцін Грабоўскі зь Ягелёнскага ўнівэрсытэту зьвяртае ўвагу на стрыманае стаўленьне да крызысу ў Лібіі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША.
Гэта, паводле экспэрта, можа быць вынікам папярэдніх памылкаў, зьдзейсьненых Амэрыкай у дачыненьні да Іраку ці Афганістану. Дадаткова, паводле Марціна Грабоўскага, Лібія не зьляўляецца найважнейшым гандлёвым партнэрам ЗША.
Марцін Грабоўскі: Замежная палітыка прэзыдэнта Барака Абамы, якую ачольвае дзяржсакратар Хілары Клінтан, адрозьніваецца ад папярэдняй палітыкі. Умяшальніцтва ЗША ў канфлікт не прынесла б дастатковых карысьцяў, паколькі Амэрыка не вядзе зь Лібіяй дастаткова буйных інтарэсаў.
Сусьвятныя СМІ паведамляюць пра пасьлядоўнае зьмяншэньне тэрыторыі пад кантролем Муамара Кадафі.
Паводле тэлебачаньня Аль-Джазіра, улада лібійскага дыктатара абмяжоўваецца ўжо некаторымі раёнамі сталіцы краіны - Трыпалі. Паводле камэнтатараў, рэжыму Кадафі засталіся ўжо лічаныя гадзіны.
У суботу ўвечары былы міністар юстыцыі Лібіі аб’явіў пра намер фармаваньня новага часовага ўраду ў Бэнгазі.
У нядзелю праціўнікі Муамара Кадафі заявілі пра стварэньне часовай Нацыянальнай рады, якая будзе прадстаўляць гарады, што апынуліся пад уладай праціўнікаў дыктатара.
аз