Сталіца Славаччыны рыхтуецца да прыезду беларускіх гасьцей. 2-3 сакавіка ў Братыславе пройдзе некалькі канфэрэнцыяў і акцыяў, прысьвечаных сытуацыі ў Беларусі, паведаміў Польскаму радыё беларускі палітоляг, наш камэнтатар Уладзімер Падгол.
Уладзімер Падгол: Адбудзецца цэлы шэраг мэрапрыемстваў. Так, будуць амяркоўвацца пытаньні ў рамках праграмы „Ўсходняга партнэрства”, на гэтую сустрэчы запрасілі кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Мартынава. Адбудзецца сустрэча кіраўнікоў МЗС Вышаградзкай чацьвёркі, на якую запрошаны таксама міністар замежных справаў Нямеччыны. Таксама пройдзе канфэрэнцыя па глябальнай бясьпецы. Акрамя таго, адбудзецца шэраг прыватных сустрэчаў беларускіх палітычных лідараў з палітычнымі лідарамі Захаду. Тэма ўсіх сустрэчаў агульная - выпрацоўка канцэпцыі адносна Беларусі.
У рамках падтрымкі беларускіх палітзьняволеных у Братыславе пройдзе акцыя салідарнасьці з удзелам беларускіх і эўрапейскіх палітыкаў.
Уладзімер Падгол: Плянуецца пікет палітычных лідараў Эўропы сумесна з палітычнымі дзеячамі Беларусі ў падтрымку палітвязьняў. Магчыма, што таксама будзе зладжана міжнародная дыктоўка па беларускай мове з удзелам эўрапейцаў паводле тэксту Кастуся Каліноўскага „Лісты з-пад шыбеніцы”.
У згаданых мерапрыемствах прымуць удзел прадстаўнікі беларускіх апазыцыйных сілаў Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Казулін, Станіслаў Шушкевіч, Аляксей Янукевіч, Сяргей Калякін, а таксама шматлікія экспэрты зь Беларусі.
кр