• Купалаўскі тэатар рыхтуецца да прэм'еры Тэатру Уршулі Радзівіл
  • 02.03.2011

Польскі інстытут у Менску й Народны фотаклюб “Менск” запрашаюць на фотавыставу “Сьвятлоадчувальныя 2010” Беластоцкага, Ломжыцкага й Сувальскага рэгіёнаў Польшчы. Выстава працуе ў галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (вул. Сурганава, 14) да 15 сакавіка. 

Экспазыцыя “Сьвятлоадчувальныя 2010” -  гэта агляд індывідуальных уяўленьняў польскіх фотамастакоў пра навакольны сьвет.

З гэтым рэгіёнам Усходняй Польшчы ў фатографаў Горадні й Менска даўнія творчыя й сяброўскія сувязі. Працы Генрыка Рагазінскага, Марэка Далецкага, Віктара Волкава, Пятра Савіцкага, групы “Класік студыя” вельмі добра вядомыя беларускаму гледачу. З 1995 года яны езьдзяць адзін да аднога на пленэры й прымаюць удзел у агульных выставах. Гэта Кельцэ й Кракаў, возера Свіцязь, Аўгустоўскі канал і “Беларускі шлях Яна Булгака” ў 2001 годзе.

Летась выставу “Сьвятлоадчувальныя 2010” змаглі пабачыць аматары фатаграфіі ў Горадні.

Нацыянальны Акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы рыхтуецца да доўгачаканай прэм’еры спэктакля “Выкраданьне Эўропы, альбо Тэатар Уршулі Радзівіл” у пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна.

Гэты надзвычай маштабны праект уключыць у сябе балет, опэру й драматычны спэктакль. Ён пастаўлены паводле п’ес княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл, заснавальніцы прафэсійнага тэатра ў Беларусі. Па сутнасьці, гэта будзе спроба творчай рэканструкцыі вечара ў Нясьвіскім замку. Спэктакляў такога пляну ў Беларусі яшчэ не было.  Ён узнаўляе карані й вытокі беларускага прафэсійнага тэатральнага, опэрнага, балетнага, сцэнаграфічнага мастацтва.

У спэктаклі граюць заслужаныя артысты Беларусі: Віктар Манаеў, Георгій Маляўскі, Аляксандар Падабед, Сяргей Журавель і інш. У балеце “Дасьціпнае каханьне” ролю Люцыдара выконвае заслужаны артыст Беларусі Аляксандар Фурман. Таксама ў спэктаклі бяруць удзел студэнты Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа.

Прэм’ера спэктакля заплянавана на сакавік.

Выбітны польскі паэт Адам Загаеўскі, кандыдат на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры, выправіўся ў турнэ са сваёй кнігай вершаў «Антэны ў дажджы». Яго апошняя кніга - гэта збор твораў з трох ранейшых тамоў.

У нядзелю ў Каралеўскім драматычным тэатры ў Стакольме адбылася прысьвечаная творчасьці Загаеўскага вечарына. Днём раней ён сустрэўся з чытачамі ў Гарадзкой бібліятэцы. Аўтар чытаў свае вершы па-польску, а іх перакладчык Андэр Бодэгард - па-швэдзку.

У Швэцыі Загаеўскага прымаюць вельмі цёпла. На сустрэчы з паэтам прыходзіць шмат прыхільнікаў паэзіі, а мясцовыя крытыкі пішуць добрыя рэцэнзіі на яго зборнікі. У адным з апошніх нумароў "Expressen" журналістка напісала, што менавіта ён павінен атрымаць сёлета Нобэлеўскую прэмію.

У зборнік паэзіі “Антэны ў дажджы” ўвайшлі вершы з кніг “Вяртаньне”, “Антэны” й “Нябачная рука”. Швэдзкамоўнае выданьне вершаў Адама Загаеўскага пабачыла сьвет на пачатку гэтага году. Перакладчык Андэрс Бодэгард вядомы тым, што менавіта дзякуючы ягонаму майстэрству швэды змаглі пазнаёміцца з паэзіяй Віславы Шымборскай.

У 2000 годзе Адам Загаеўскі атрымаў прэстыжную швэдзкую ўзнагароду Томаса Транстароэмэра, а ў 1985 годзе - стыпэндыю швэдзкага Пэн-клюбу.

У Лос-Анджэлесе адбылася цырымонія ўручэньня прэміі Оскар-2011. Галоўнымі пераможцамі ў гэтым годзе сталі фільмы “Жалезная хватка” братоў Коэн, “Кароль гаворыць!” Тома Хупэра й “Сацыяльная сетка” Дэвіда Фінчэра. Цырымонія адбылася ў Галівудзе.

Лепшым фільмам Оскар-2011 стаў “Кароль гаворыць!” Стужка была намінаваная ў 12 катэгорыях, а ў выніку атрымала 4 статуэткі ў найбольш прэстыжных: лепшая мужчынская роля, лепшы фільм, лепшы арыгінальны сцэнар і лепшы рэжысэр. Фільм “Пачатак” Крыстафэра Нолана атрымаў такую ж колькасьць прэмій, але ўжо ў тэхнічных намінацыях: за якасьць гукамантажу, за лепшыя спэцэфэкты, за міксаваньне гуку, і за дасягненьні ў кінематографе. Гэта дзякуючы гукарэжысэру Ўолу Пфыстэру, які працаваў над фільмам.

Драма “Сацыяльная сетка” Дэвіда Фінчэра атрымала тры прэміі Оскар: за лепшы адаптаваны сцэнар, лепшую музыку да фільма й лепшы мантаж. Лепшай актрысай году стала Наталі Портман за ролю ў карціне Дарэна Араноўскага “Чорная лебядзь”. Лепшым замежным фільмам у гэтым годзе стала дацкая стужка “Помста”.

Лепшым анімацыйным фільмам 2010 стала “Гісторыя цацак: Вялікія ўцёкі”, які быў прызнаны самым касавым праектам мінулага году. Крысьціян Бэйл упершыню атрымаў прэмію Оскар за ролю другога пляну ў карціне “Баец”. За лепшую жаночую ролю другога пляну ўзнагароду атрымала Мэліса Лео (“Баец”). Кампазыцыя “We Belong Together” з мультфільма “Гісторыя цацак: Вялікія ўцёкі” стала лепшай арыгінальнай песьняй. Кінакарціна “Ўнутраная справа” стала лепшым дакумэнтальным фільмам, а сярод кароткамэтражных прэмію атрымаў фільм “Больш не чужыя”.

Нагадваем пра новую старонку moje.polskieradio.pl. Гэта новы партал Польскага радыё з шэрагам тэматычных каналаў, уключна з музычнымі, а таксама архіўныя матэрыялы буйнешай і найстарэйшай польскай радыёстанцыі.

дг