У Лібіі вулічныя маніфэстацыі пратэсту супраць уладаў перарасьлі ў сапраўдную грамадзянскую вайну. Рэжым Кадафі страціў усход краіны, выкарыстоўваючы войска, у тым ліку авіяцыю, супраць апазыцыі. На міжнароднай арэне ўсё часьцей чуваць галасы з заклікамі вайсковага ўмяшальніцтва, каб спыніць лібійскі крызыс.
28-га лютага Эўразьвяз увёў санкцыі супраць лібійскага дыктатара, якія тычыліся арышту ягоных актываў у Эўропе ды забароны паставак узбраеньняў уладам гэтай краіны. Пасьля гэтага ўлады ЗША пачалі сьцягваць войскі да ўзьбярэжжа Лібіі, а брытанскі ўрад выступіў з ініцыятываў закрыцьця паветранай прасторы над Лібіяй сіламі НАТО, каб перакрыць Кадафі магчымасьці выкарыстоўваць авіяцыю супраць сваіх супернікаў. Гэтую прапанову падтрымала Ліга арабскіх краінаў.
На днях Турэччына прапанавала вайсковы ўдар па сілах Кадафі ўзамен за неадкладнае прыняцьцё ў Эўрапейскі Зьвяз. Пра гэта паінфармаваў ізраільскі партал “Ynet” са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы ў Эўропе ды ЗША. З Тэль-Авіву перадае Элі Барбур, карэспандэнт Польскага радыё.
Элі Барбур: Паводле інфармацыі прэм’ер-міністра Турэччыны, Эрдаган выказаў гатоўнасьць скіраваць сухапутныя часьці ды падразьдзяленьні марскога флёту, якія ўдарылі б па сілах верных Кадафі. У гэтай апэрацыі ўдзельнічалі б дапаможныя сілы НАТО. Ізраільскі партал піша, што прапанова Анкары прынята з задавальненьнем прэзыдэнтам Баракам Абамам. Аднак супраць яе рашуча выступіў прэзыдэнт Францыі Сарказі. На ягоную думку, мэтай Анкары зьяўляецца адбудова Атаманскай імпэрыі, а прапанова ўмяшальніцтва ў Лібію – гэта спроба выкарыстаць сытацыю.
Францускі прэзыдэнт зазначыў, што пазыцыя Францыі наступная: “Кадафі мусіць сысьці”, але вайсковая апэрацыя бяз санкцыяў ААН немагчымая. Нягледзячы на гэта Францыя выслала да берагоў Лібіі вайсковы дэсантны карабель.
Нікаля Сарказі: Сёньняшняя сытуацыя ў Лібіі – гэта сапраўдная трагедыя. Спадар Кадафі мусіць сысьці з пасады, гэта наша нязьменная пазыцыя. Наш карабель скіраваны туды, каб забраць замежных грамадзянаў зь Лібіі, тых краінаў, якія ня маюць уласных сродкаў, каб эвакуяваць сваіх грамадзянаў. Наш абавязак дапамагчы ім так, як мы гэта зрабілі з нашымі грамадзянамі.
Яшчэ больш радыкальна супраць вайсковай апэрацыі выказаўся прэсавы сакратар францускага ўраду Франсуа Баруэн. Паводле ягоных словаў, вайсковае ўмяшальніцтва прывядзе не да паляпшэньня сытуацыі, а да пагаршэньня крызысу. З Парыжа перадае карэспандэнт Польскага радыё Томаш Сяменьскі.
Томаш Сяменьскі: Пра паседжаньне ўраду пад кіраўніцтвам Сакразі паведаміў прэсавы сакратар ураду. Ён сказаў, што сытуацыя ў Лібіі была адной з тэмаў размоваў у кантэксьце міжнародных адносінаў. Ён сказаў, што становішча Францыі застаецца нязьменным у справе вайсковай інтэрвэнцыі ў Лібіі. Францыя кажа пра перавагу гуманітарнай дапамогі, а не вайсковага ўмяшальніцтва. Вайсковая апэрацыя магчыма толькі пад эгідай Рады бясьпекі ААН. На сёньняшні дзень гэта пытаньне нават не разглядаецца. Перад гэтым міністар замежных справаў Францыі зазначыў, што вайсковае ўмяшальніцтва можа прывесьці да нечаканых эфэктаў, бо насельніцтва арабскіх краінаў зарэагавала б на яе нэгатыўна.
У супрацьвагу заходнім плянам сваю прапанову мірнага ўрэгуляваньня лібійскага крызысу высунуў прэзыдэнт Вэнэнсуэлы, які запрапанаваў перамовы паміж Кадафі ды апазыцыяй, у якіх ён гуляў бы ролю мадэратара. Зьявілася інфармацыя, што Кадафі падтрымаў гэты плян. Аднак зь ім не пагаджаецца апазыцыя. На думку арабіста Лукаша Фыдэрыка з Варшаўскага ўнівэрсытэту, плян Чавэса неэфэктыўны.
Лукаш Фыдэрык: Дыялёг магчымы пры жаданьні абодвух бакоў, якія цяпер змагаюцца паміж сабой. Для апазыцыі асоба Уга Чавэса не зьяўляецца кандыдатурай, якая гарантуе поўны аб’ектывізм працэсу перамоваў ды пагадненьня. Адсюль мае сумневы ў посьпеху гэтага пляну.
Супраць вайсковага ўмяшальніцтва ў Лібію выказваюцца Расея й Кітай, сябры Рады бясьпекі ААН. Гэта значыць, што ЗША вымушана будзе праводзіць апэрацыю бяз санкцыі ААН. Вашынгтон да гэтага пакуль не гатовы. Найбольшую падтрымку, нават у Маскве, сёньня выклікае прапанова закрыць лібійскую паветраную прастору.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч