Набліжаецца канец карнавалу, празь некалькі дзён каталіцкія вернікі пачнуць Вялікі пост. Згодна з традыцыяй, апошні чацьвер перад папельцам называецца тлустым чацьвяргом. Гэта адзіны дзень году, калі жанчыны, ды й ня толькі, могуць дазволіць сабе аб`ядацца ласункамі, ня лічачы кілякалёрыяў. У гэты дзень на стале валадараць стравы, смажаныя на тлушчы.
Калісьці ва ўсіх хатах гатавалі шмат тлустай ежы, кашы з капустай ды шкваркамі, вэнджанае сала ды шмалец. А ў багатых хатах, акрамя таго, на стале паяўлялася мяса й каўбасы. Тлусты чацьвер ня мог абысьціся без аладак, бліноў, пампушак, а таксама такіх дэсэртаў, як пончыкі й хвораст.
Пончыкі любяць амаль усе, але няшмат хто ведае, што гэта турэцкі ласунак, які ў 15 стагодзьдзі завандраваў з Турцыі ў Вену разам з турэцкім нашэсьцем, а пасьля разышоўся па ўсёй Эўропе й карыстаецца попытам па сёньняшні дзень. Раней тлусты чацьвер быў традыцыяй, папулярнай у Цэнтральнай Польшчы. У Малапольшчы смажылі хвораст, а на Падляшшы – бабалухі, гэта салодкія булачкі, паліваныя растопленым салам са шкваркамі. І няважна, што было на стале, важна, каб гэта была тлустая страва. Пазьней паявіліся салодкія пончыкі.
Тлушч быў сымбалем карнавалу, таму што падчас посту забаранялася спажываць тлустыя стравы. Можна сказаць, штоў выпадку пончыкаў ды іншых вырабаў, смажаных на тлушчы, масьле ці алеі, мы маем дачыненьне з пэўным кулінарным кодам, які мае сваё значэньне. Пончыкі былі страваю, якая сьведчыла аб тым, што надышоў час радасьці, забавы й тлустых страваў, бо празь некалькі дзён усё гэта скончыцца. Сапраўды, ці ёсьць нешта лепшае, чым сьвежыя араматныя пончыкі проста з патэльні?
Трэба дадаць, што добры пончык павінен быць такі далікатны, што калі яго сьціснуць у руцэ, то пасьля ён павінен вярнуцца да першапачатковага кшталту. Існуе некалькі відаў пончыкаў і мэтадаў іх прадукцыі, распавядае кандытар Стэфан Адамчак і дадае, што пры жаданьні кожны можа зрабіць такі ласунак у хатніх умовах.
Стэфан Адамчак: Да 1кіляграма мукі трэба дадаць адпаведныя прадукты: дрожджы, цукар, тлушч і яйкі. З гэтай масы вырабіць цеста. Дадаць адпаведнае варэньне. Пасьля можна пячы, можна смажыць, пасьля паліць глазур’ю.
Сёньня ад самай раніцы перад варшаўскімі кандытарскімі крамамі стаяць чэргі. А асноўным асартымэнтам, выключна ў гэты дзень, зьяўляюцца пончыкі й хвораст. Бо ў тлусты чацьвер гэтай прадукцыі кандытары прадаюць у 25 разоў больш, чым у звычайны дзень. Уладальніца варшаўскай кандытарскай пані Барбара кажа, што сёньня ў асартымэнце ласункі выключна на тлусты чацьвер.
Пані Барбара: Сёньня ў нас толькі пончыкі. Ня будзе булачак, коржыкаў, ані іншых вырабаў акрамя пончыкаў і хворасту. У нашай кандытарскай самыя папулярныя пончыкі з мармеладам з ружы, са сьлівачным павідлам і яечным лікёрам.
Існуе народная прыкмета, што калі нехта ў тлусты чацьвер ня зьесьць прынамсі аднаго пончыка, то ня будзе яму шанцаваць ні ў ніякіх справах. Адзін паляк зьядае ў гэты дзень пераважна 2,5 пончыкі, а калі падлічыць, то ўсе разам - амаль 100 мільёнаў. Аднак, увага, адзін пончык зьмяшчае ў сабе ад 200 да 400 калёрыяў. Дзеля таго, каб іх спаліць, трэба бегаць каля 30 хвілін, альбо танчыць цягам 3 гадзін.
Але ня толькі пончыкі зьяўляюцца галоўнай адметнасьцю тлустага чацьвярга. У гэты дзень калісьці адбываліся "бабскія цомбры", а гэта традыцыйныя бабскія гулянкі зь пераяданьнем тлустых страваў і алькаголю. Цомбры бяруць пачатак у 17 стагодзьдзі, а назва паходзіць ад прозьвішча злога войта Цомбра, які ганяў жанчын, якія расстаўлялі свае крамы на кракаўскім рынку. Легенда распавядае, што войт памёр у тлусты чацьвер, і з гэтай нагоды жанчыны зрабілі сабе забаву. У той дзень яны адлупцавалі ўсіх мужчын, якія паявіліся на рынку. З Кракава звычай даволі хутка распаўсюдзіўся далей. І хаця ўсіх мужчын у ваколіцы жанчыны не лупцуюць, але знойдзецца адзін небарака, які атрымае за ўсе беды й няшчасьці.
Калі нехта забыўся пра тлусты чацьвер, то ўжо крыху позна смажыць пончыкі. Але на „бабскія цомбры” пара даволі адпаведная. Можа толькі ня трэба нікога лупцаваць.
Караліна Русіновіч