Полькі без абавязковай цыталёгіі й мамаграфіі

Цыталёгія й мамаграфія пакуль ня ўвойдуць у сьпіс абавязковых мэдычных абсьледаваньняў для працуючых жанчынаў. Полькі павінны самі паклапаціцца пра стан свайго здароўя.

Прапанову, над якой польскае Міністэрства аховы здароўя працавала ад 2008 году, неаднойчы крытыкавалі фэмінісцкія асяродзьдзі, сьцьвярджаючы, што яна парушае Асноўны закон. Фэміністкі зьвярталі ўвагу на неаднолькавае стаўленьне да жанчынаў і мужчынаў ды на спробу абмежаваньня грамадзянскіх свабодаў. Супраць прапановы Міністэрства аховы здароўя выказвалася таксама Міністэрства працы.

Нагадаем, абавязковыя цыталягічныя й мамаграфічныя абсьледаваньні плянавалася фінансаваць са сродкаў, прызначаных на прафіляктыку рака малочнай залозы й шыйкі маткі.

Старшыня Польскага зьвязу анкалёгіі доктар Януш Мэдэр падкрэсьлівае, што кожны дзень у Польшчы ад рака шыйкі маткі памірае 5 жанчынаў. Дзьве трэція полек не выконваюць дыягнастычных аналізаў, якія дазваляюць раней выкрыць рак і пасьпяхова зь ім змагацца.

Паводле доктара, каб прымусіць жанчыны рабіць мэдычныя агляды, добры кожны спосаб.

Януш Мэдэр : Раней, калі некаторыя абсьледаваньні былі абавязковыя, напрыклад, падчас прыёму на працу, гэта было плюсам. Паводле мяне, пакуль мы як грамадзтва не пачнем успрымаць прафіляктычных абсьледаваньняў як прывычкі, варта было б увесьці свайго роду прымус. Нагадаю, што дзякуючы такім мэдычным абсьледаваньням як, напрыклад, цыталёгія, можна загадзя вызначыць пацыенткі, якім пагражае рак.

- лічыць старшыня Польскага зьвязу анкалёгіі доктар Януш Мэдэр.

Таксама міністар здароўя Эва Копач пераконвае, што цыталёгія й мамаграфія павінны быць часткай абавязковых мэдычных аглядаў. Таму яна не выключае ўзнаўленьня працы над згаданымі прапановамі ў будучыні.

У рамках прафіляктычных праграмаў бясплатную цыталёгію могуць выканаць раз на тры гады полькі ва ўзросьце 29-59 гадоў. Бясплатная мамаграфія ахоплівае жанчыны ва ўзросьце 50-69 гадоў раз на два гады. 


У Вялікабрытаніі знайшлі паасобнік 400-гадовай Бібліі

У Вялікабрытаніі знайшлі вельмі рэдкі паасобнік арыгінальнай сусьветнавядомай бібліі караля Джэймса.

Кніга, як ня дзіўна, знаходзілася на палічцы разам зь іншымі выданьнямі ў звычайным вясковым касьцёле.

Чальцы парафіяльнай рады вёскі Гільмартан (Hilmarton) ў графстве Ўілтшыр (Witlshire) зусім выпадкова трапілі на старую кнігу ды са зьдзіўленьнем сьцвердзілі, што гэта арыгінал, якому каля 400 гадоў.

У сьвеце толькі каля 200 настолькі старых паасобнікаў згаданага выданьня. Біблія караля Джэймса - гэта найбольш папулярная ангельскамоўная кніга ў сьвеце. Ніякае іншае ангельскамоўнае выданьне не карысталася настолькі вялікай папулярнасьцю як згаданае Сьвятое Пісаньне.

Паводле гісторыкаў, біблія караля Джэймса мела значны ўплыў на папулярызацыю ангельскай мовы ў сьвеце. „У Брытанскай імпэрыі першай кнігай па-ангельску, зь якой знаёміліся людзі, была мемавіта згаданая Біблія. Гэта паводле ейных тэкстаў людзі вывучалі ангельскую мову”, -  кажуць прадстаўнікі брытанскага Біблейскага таварыства.

Парафяльная рада хоча захаваць кнігу ў касьцёле ды зьмясьціць яе ў адпаведнай вітрыне.


„Grupa 5” – пераможца архітэктурнага конкурс

Архітэктары з варшаўскай майстэрні „Grupa 5” перамаглі ў міжнародным конкурсе на праект новага будынку Факультэту радыё й тэлебачаньня Сылескага ўнівэрсытэту.

У конкурсе ўдзельнічаў 71 калектыў архітэктараў з розных краінаў. Ягоныя вынікі былі абвешчаныя на бягучым тыдні ў Катавіцэ.

Як падкрэсьлівае дэкан Факультэту радыё й тэлебачаньня Сылескага ўнівэрсытэту прафэсар Крыстына Дактаровіч, новы будынак вельмі патрэбны студэнтам і вучэльні.

Крыстына Дактаровіч: Гаворка ідзе пра новыя студыі й майстэрні. Напрыклад, факультэт пакуль ня мае ўласнай тэлевізійнай студыі, таму карыстаецца студыяй тэлебачаньня «Катавіцэ», за якое трэба плаціць. Мы карыстаемся таксама апаратурай фірмы „Silesia-Film”. Можна сказаць, што мы несупынна нешта наймаем ці пазычаем.

- сказала прафэсар Крыстына Дактаровіч.

Як дадае прэзыдэнт гораду Катавіцэ Пётр Ушок, дзякуючы новаму будынку факультэту сам горад таксама атрымае новы выгляд.

Пётр Ушок: Гэта патрэбная інвэстыцыя, якая ажывіць горад. З гэтай мэтай чатыры гады таму былі прынятыя рашэньні аб зносе каля 20 будынкаў у адным з раёнаў гораду ды перасяленьні адтуль каля 500 жыхароў. Пазьней згаданая тэрыторыя была падрыхтаваная да паўторнага выкарыстаньня. Між іншым, гаворка ідзе менавіта пра будаўніцтва Факультэту радыё й тэлебачаньня.

- нагадаў прэзыдэнт гораду Катавіцэ Пётр Ушок.

У бліжэйшай ваколіцы новага факультэту ў будучыні ўзьнікне таксама новая спартыўная заля, а частка старых камяніцаў будзе адрамантаваная на патрэбы студэнтаў.

Новы будынак Факультэту радыё й тэлебачаньня Сылескага ўнівэрсытэту будзе каштаваць каля 22 мільёны злотых (гэта больш за 5,5 мільёна эўра ). Ягонае быдаўніцтва павінна закончыцца праз 2 гады.


Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org