• Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Пагоня”
  • 10.03.2011

Беларуская мова ў гісторыі займала важнае месца ў жыцьці народу й дзяржавы. Беларуская эміграцыя зьвяртала вялікую ўвагу на слаўную мінуўшчыну мовы й такім чынам падкрэсьлівала, што няма прычынаў цурацца свае роднае мовы. Сёньня зазірнем на старонкі часопіса „Пагоня”. 

 Літаратурна-гістарычны часапіс „Пагоня” выдаваўся ў Зальцбурзе ў гадох 1945-1946.

 У „Пагоні” зьмешчаны быў артыкул пад загалоўкам Беларуская мова ў гісторыі Беларусі (У. Гл., Беларуская мова ў гісторыі Беларусі, у: „Пагоня”, № 3, Зальцбург 1946, с. 36-38). Аўтар падпісаўся ініцыяламі У. Гл. Хаваецца пад імі, праўдападобна, Уладзімер Глыбінны, які ў невялікай публікацыі знаёміць чытачоў з найважнейшымі момантамі ў гісторыі беларускае мовы.

 Беларуская мова, як асобная, пачала складацца яшчэ ў даўнія, пакрытыя сівізной часу, эпохі – чытаем у артыкуле. Ужо выразна адчуваецца беларуская мова ў такіх старых юрыдычных помніках, як: гандлёвая ўмова 1229 году паміж полацкімі й смаленскімі князямі, з аднаго боку, і немцамі – з другога (Смаленская тарговая праўда). Выкарыстаньне беларускае мовы пацьвярджаецца й дыпляматычным лістом (скаргай) Рыскае рады канца XІІІ ст., пасланым віцебскаму князю Міхалу Канстантынавічу. Ліст гэты зьяўляецца яскравым сьведчаньнем таго, што беларуская мова карысталася пашанай нават сярод іншых нацыянальнасьцяў, зразумела, дзякуючы сваёй раньняй літаратурнасьці.

 Самастойнае беларускае пісьменства існавала ўжо ў XІ ст. – адзначае аўтар зальцбургскай „Пагоні”, – а ў XІІ ст. зявіліся ўжо выдатныя пісьменьнікі, як, дапусьцім, Клімент Смаляціч у Смаленскім Княстве з сваімі Пасланьнямі, кніжнік Аўрам Смаленскі – красамоўца другой паловы XІІ і пачатку XІІІ ст. зь ягонымі летапіснымі зборнікамі, Кірыл Тураўскі ў Тураўскім Княстве зь ягонымі казаньнямі. На вялікі жаль, у часе Лівонскай вайны былі захопленыя Іванам Грозным багатыя сховішчы Полацкай кніжніцы разам зь летапісамі, хронікамі й рознымі гістарычнымі дакумэнтамі. Аднак, нягледзячы на гэта, вядомыя шматлікія культурныя й літаратурныя помнікі тае пары, як хаця б Жыціе Ефрасініі Полацкай – вядомай і адданай працаўніцы на ніве асьветы й культуры, пашыральніцы тагачаснае духоўнае асьветы шляхам перапісваньня й распаўсюду кніжак, грошы за якія яна раздавала бедным. Палітычнае жыцьцё Беларусі тых часоў знайшло сваё адлюстраваньне і ў вядомым творы канца XІІ ст. – Слове аб палку Ігаравым (тамсама, сю 36).

 Асабліва высокага ўзроўню дасягнула беларуская культура ў другі пэрыяд гістарычнага існаваньня Беларусі – пэрыяд суцэльнае беларускае дзяржаўнасьці, які пачаўся зь сярэдзіны XІІІ ст. утварэньнем на беларускіх землях – Наваградчыне, Слонімшчыне, Ваўкавышчыне ды Гарадзеншчыне – беларускага княства на чале зь Міндаўгам у Наваградку.

 Літоўцы ў той час ня мелі яшчэ свайго пісьменства й трымаліся паганскага веравызнаньня. Беларусы ж, якія прынялі хрысьціянства й празь яго набылі пісьменства й бізантыйскую культуру, мелі выпрацаваную і ўдасканаленую літаратурную мову. І таму ня дзіва, што ў новай дзяржаве беларуская мова стала пануючай мовай, мовай дыпляматычных зносінаў, пісьменства, перапіскі, размоваў і, урэшце, дзяржаўнага заканадаўства. Маецца тут на ўвазе Літоўскі Статут. Асьвечаныя й дзяржаўныя людзі, як і ўвесь народ, карысталіся беларускай мовай. Аўтар адзначае на старонках „Пагоні”, што, карыстаючыся кніжнаю моваю, нават літоўскія дзяржаўныя дзеячы бралі ейны народны элемэнт, таму што элемэнт царкоўна-славянскі быў для іх чужы з прычыны іншага веравызнаньня.

 У часы княжаньня Альгерда ў гадох 1345-1377 беларуская мова афіцыйна была прызнаная дзяржаўнай урадавай мовай. Усе дзяржаўныя акты пісаліся на беларускай мове.

Выдатным помнікам дзяржаўнасьці беларускае мовы зьяўляецца Літоўскі Статут, выдадзены ў двух рукапісных рэдакцыях 1529 і 1566 гадоў ды ў адной друкаванай – 1588 году. Яшчэ старэйшым выдатным юрыдычным помнікам у беларускай мове зьяўляецца Статут Караля Казімера 1468 году (тамсама, с. 37-38).

Узмацненьне беларуска-літоўскае дзяржавы й панаваньне ў ёй беларускае мовы ды культуры прычынілася да адносна лёгкага далучэння да яе ўсіх беларускіх земляў. Некаторыя, як Полацкая зямля й Віцебская далучыліся добраахвотна. Беларускай мовай для пісаньня юрыдычных дакумэнтаў карысталіся нават лівонцы ў Рызе ды іншыя.

На працягу трох з паловай стагодзьдзяў, ад паловы XІV да канца XVІІ, у ВКЛ панавала беларуская мова й афіцыйна прызнавалася ўсімі дзяржаўнымі дзеячамі за літаратурную, кніжную, дзяржаўную і ўрадавую мову. Фактычна, да канца XVІІІ ст. беларуская мова ўжывалася як літаратурная. Гэтыя традыцыі пазьней аднаўляліся цэлаю плеядаю беларускіх адраджэнцаў у XІX і XX стагодзьдзях.

У народзе ж беларуская мова заўсёды была, ёсьць і будзе ўжывацца – падкрэсьлівае аўтар публікацыі – як можна меркаваць па ініцыялах, гэта Ўдзімер Глыбінны.

Ці беларуская мова пратрывае сёньняшні, нялёгкі для яе час і зойме пачэснае месца – таксама залежыць ад беларускага народу, залежыць ад усіх грамадзян Беларусі, а прынамсі ад сьвядомае іх часткі.

Ніна Баршчэўская