• Дыскусіі пра лацінку
  • 03.03.2011


Існуе працяглая традыцыя выкарыстаньня беларускай лацінкі ў разьвіцьці  сучаснай беларускай мовы. Цяпер назіраецца шмат дыскусій на тэму беларускай лацінкі. Многія ёю цікавяцца, для некаторых яе існаваньне – нечаканасьць. Адначасова адукаваныя беларусы часам успрымаюць лацінку як недасканалую, і самі бяруцца яе дапрацоўваць.

На мой погляд, няма патрэбы рэфармаваць беларускую лацінку, таму што яна дасканала адлюстроўвае ўсе рысы, характэрныя беларускай мове. Існуе працяглая традыцыя выкарыстаньня беларускай лацінкі ў разьвіцьці сучаснай беларускай мовы – каля двух стагодзьдзяў. І за гэты час выпрацаваўся ўзор беларускай лацінкі.

Трэба адзначыць, што ў пэрыяд, калі ў Беларусі лацінка не ўжывалася (пачынаючы з 1940-х гадоў), яна працягвала разьвівацца ў эміграцыі, дзе цягам паўстагодзьдзя дайшла да сёньняшніх дзён у выглядзе, які канчаткова быў выпрацаваны знакамітым беларускім мовазнаўцам Янам Станкевічам яшчэ ў гадох 1937-1941.

У эміграцыі лацінкай выдаваліся такія часопісы, газэты й кнігі, як напрыклад:
- двухтыднёвая газэта „Беларус на чужыне” (Лёндан 1948-1950);
- часопіс беларускіх скаўтаў на чужыне „Рада Кругу” (Чыкага, першы нумар выйшаў у 1951 г);
- навуковы часопіс „Літва” (Чыкага 1967-1973?, рэд. Вацлаў Пануцэвіч);
-  кніга Берасьцейская вунія аўтарства В. Пануцэвіча (Чыкага 1972).

Варта заўважыць, што ў той час, калі прыходзілася выдаваць газэты на рататары, ніхто не наракаў, што не хапае адпаведных літар!

Рэфарматары лацінкі выступаюць за шэраг новаўвядзеньняў: часам прапануюць пісаць w замест ŭ. Іншай прапановай зьяўляецца адыход ад літары ł. Сярод аргумэнтаў, між іншым, тое, што яна зьяўляецца запазычанай з польскай мовы. У якасьці альтэрнатывы „польскаму” ł прапануецца славацкае ľ.

На маю думку, нелягічна пісаць w замест у кароткага (ŭ), таму што ў гісторыі разьвіцьця беларускай лацінкі w азначала кірылічнае в, напруклад, у зборніку беларускага песеннага фальклёру  Piosnki wieśniacze znad Niemna i Dźwiny (1844-1846) Яна Чачота, у камэдыі Селянка (1846) і паэме Гапон (1855) Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у газэце „Мужыцкая Праўда” (1862-1863) Кастуся Каліноўскага, у зборніках Дудка беларуская (1891) і Смык беларускі (1894) Францішка Багушэвіча, у газэце „Беларус” (1915) і інш.

Няма сэнсу таксама цурацца літары ł толькі таму, што яна супольная з польскай мовай. Пры параўнаньні абедзьвюх моваў – беларускай і польскай – напэўна знойдзецца значна больш супольных рысаў, якія сьведчаць пра ўзаемапраніканьне абедзьвюх моваў суседніх народаў – гэта па-першае. А па-другое, так яно склалася, што пачынальнікамі сучаснай беларускай літаратуры былі польска-беларускія творцы. Дык няўжо й ад іх трэба было б адрачыся? Па-трэцяе, напісаньне тыпу lies можа прывесьці да памылковага дыфтангічнага вымаўленьня, таму што ў некаторых беларускіх гаворках на поўдні Беларусі, а таксама на Падляшшы выступае дыфтонг .

На маю думку, нельга таксама блытаць двух розных спосабаў напісаньня: беларускай лацінкі й транслітарацыі. На лацінцы назву краіны Беларусь пішам Biełaruś, а пры транслітарацыі будзем пісаць Belarus’. Але ж ня кожны мусіць быць філёлягам, каб ведаць, як прачытаць правільна транслітараванае слова. Транслітарацыя найчасьцей выкарыстоўваецца ў бібліятэчнай практыцы, пры апрацоўцы бібліяграфічных даных. 

Чарговая ідэя, якая часта паяўляецца ў прыхільнікаў лацінкі, гэта выкарыстоўваньне ётаваньня „дзеля лепшай перадачы беларускай фанэтыкі”. І тут няварта  ўскладняць існуючы правапіс, тым больш, што пры маўленьні й так паяўляецца j, напрыклад, кажам jiniej, а ня iniej.

У транскрыпцыі адлюстроўваецца поўнае супадзеньне правапісу згодна з вымаўленьнем. Такім чынам запісваюцца фальклёрныя тэксты ці дыялектныя з той мэтай, каб цалкам адлюстраваць маўленьне дасьледаванай тэрыторыі ці групы людзей. Падчас транскрыпцыі адлюстроўваюцца ўсе віды асыміляцыі, напр. аглушэньне звонкіх зычных перад глухімі (knižka – kniška) ці азванчэньне глухіх зычных перад звонкімі (baraćba – baradźba).  

Паяўляецца таксама пытаньне, ці варта ў лацінцы пашыраць напісаньне выбухнога ґ у словах, дзе ў беларускай мове часта вымаўляецца фрыкатыўны гук г у сувязі з дапушчальнай варыянтнасьцю ды адсутнасьцю ў кірыліцы літары, якая б пазначала выбухны ґ? На мой погляд, не. Варта памятаць пра існаваньне, з аднаго боку, літаратурнай нормы, а з другога – звычаю (узусу), згодна зь якім беларусы вымаўляюць г фрыкатыўнае таксама ў запазычанай лексыцы.

Асобнае пытаньне, якое выклікае спрэчкі, гэта правапіс заходнеэўрапейскіх уласных назваў. Як пісаць: Jacques Chirac, Jacquesa Chiraca, ці Žak Šyrak, Žaka Šyraka? У гэтым выпадку я зьяўляюся прыхільніцай беларускага правіла „пішы згодна з вымаўленьнем”. Значыць ня трэба захоўваць правапіс мовы – першакрыніцы, але перадаваць згодна зь беларускім правілам. У адваротным выпадку розныя цяжкасьці паявіліся б асабліва пры скланеньні запазычаных прозьвішчаў. Дапусьцім, як запісаць у арыгінале форму творнага склону Žakam Šyrakam? Ці можа да францускай асновы далучыць непасрэдна беларускія канчаткі Jacques’am Chirac’am?

Лацінка (таксама як і кірыліца) павінна перадаваць вымаўленьне назвы з мовы першакрыніцы, але ў форме, згоднай з прынцыпамі правапісу беларускай мовы, напрыклад, польскае прозьвішча Olszewski трэба будзе запісаць з аканьнем як Alšэŭskі (дарэчы, гэтае прозьвішча менавіта ў такім гучаньні пашыранае на Беларусі), таму што о ў беларускай мове выступае толькі пад націскам, а ненаціскное пераходзіць у а (зьява аканьня). У сваю чаргу прозьвішча Wałęsa найлепш запісаць як Wałensa – у беларускай мове няма ę, якое ў вымаўленьні (таксама, дарэчы, і ў польскай мове) раскладаецца на эн, напр. пэндзаль. Той сам прынцып датычыць прозьвішчаŭ тыпу Ejnštejn, Chusejn.

Калі б адступіць ад прынцыпу правапісу згодна з вымаўленьнем, узьнікла б чарговае пытаньне, як запісаць на лацінцы, напрыклад, арабскія прозьвішчы – згодна зь якім правапісам: ангельскім, францускім, польскім?

Такія ўскладненьні могуць яшчэ больш адштурхнуць патэнцыяльных карыстальнікаў лацінкі. Гэта па-першае, а па-другое – назіраліся б разыходжаньні паміж кірылічнымі й лацінічнымі прынцыпамі напісаньня замежных імёнаў і прозьвішчаў.

Часам паяўляюцца меркаваньні, што ў гэтым выпадку мы фактычна зводзім лацінку да ролі другаснай сыстэмы, існаваньне якой немагчымае без кірыліцы, якая пры гэтым суадносіцца з расейскай традыцыяй! Так гістарычна склалася, што ў Беларусі суіснавалі два спосабы перадачы думак у пісьмовай форме – кірыліца й лацінка, і менавіта ў такой чарговасьці. За кірыліцай значна даўжэйшая традыцыя, і ня трэба яе атаесамліваць з традыцыяй расейскай, таму што гэта не адно й тое самае.

Заснавальнікам беларускага кірылічнага кнігадрукаваньня зьяўляецца Швайпольт Фіёль (1483 год). Аказваецца, што яшчэ перад Францішкам Скарынам існавала ў Кракаве Літоўская (Беларуская) кірылічная друкарня Швайпольта Фіёля.  Друкарская справа пашыралася на беларускіх землях на працягу цэлых XVІ і XVІІ стагодзьдзяў. Натуральна, нельга перацаніць ролю Францішка Скарыны ў гэтым працэсе, але трэба таксама памятаць пра вялікае значэньне прыхільнікаў і памагатых у асобах асьвечаных і багатых людзей таго часу, такіх як Слуцкія, Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, у дварах якіх адчыняліся друкарні. XVІ стагодзьдзе – гэта залаты век у гісторыі Беларусі, калі адбываўся росквіт беларускае дзяржаўнасьці, культуры, літаратуры й асьветы, век адраджэньня беларускага народу. Статуты Вялікага Княства Літоўскага выданыя ў старабеларускай мове менавіта кірылічным шрыфтам.

Лацінка, зразумела, можа поўнасьцю адлюстроўваць і перадаваць усе рысы беларускае мовы, гэта самастойная сыстэма, незалежная ад кірыліцы, але на сёньняшні дзень яна ня можа замяніць кірылічны правапіс. Ды й пытаньня такім чынам ніхто ня ставіць!

Беларускую лацінку неабходна выкарыстоўваць пры перадачы беларускіх прозьвішчаў у афіцыйных дакумэнтах, напрыклад, у пашпартах. Навошта карыстацца запісам згодна з ангельскай ці францускай мовамі, калі існуе свая, беларуская традыцыя?!

Ніна Баршчэўская