• "Залатое жніво" й ягоныя плёны
  • 10.03.2011

У польскія кнігарні паступіла кніжка "Залатое жніво" аўтарства Яна Томаша Гроса й Ірэны Грудзіньскай-Грос. Польскія эмігранты габрэйскага паходжаньня, якія жывуць у ЗША, у сваёй кніжцы ставяць тэзу, што падчас Другой сусьветнай вайны палякі ўзбагаціліся на Галакосьце: хавалі габрэяў за грошы, шантажавалі тых, каму ўдалося ўцячы зь гета, забівалі сваіх габрэйскіх суседзяў і захоплівалі іх маёмасьць. Яшчэ да таго, як кніжка патрапіла ў польскія кнігарні, выклікала даволі спрэчныя эмоцыі ў грамадзтве, а таксама сярод навукоўцаў.

Інспірацыяй для напісаньня кніжкі „Залатое жніво” Яну Тамашу Гросу паслужыў стары фатаздымак, на якім група людзей стаіць над кучай выкапаных чалавечых чэрапаў на тэрыторыі былога канцлягера.

Гэты здымак 3 гады таму апублікавала „Gazeta Wyborcza”. Журналісты выданьня пісалі рэпартаж з ваколіцаў Трэблінкі й атрымалі здымак ад аднаго з жыхароў. Паводле яго словаў, на  здымку бачна група мясцовых жыхароў, якія пасьля вайны вандальскім чынам перакопвалі тэрыторыю канцлягэра ў пошуках габрэйскіх каштоўнасьцяў i былі злоўленыя на гарачым учынку міліцыяй.

Некаторыя дасьледчыкі гісторыі мелі сумневы адносна гэтага здымка - свабодная атмасфэра сярод сфатаграфаваных дазваляла зрабіць выснову, што на тэрыторыі былога канцлягера праводзіліся працы па прыборцы.

Аднак аўтары "Залатога жніва" пераконваюць чытача, што здымак дайкладна адлюстроўвае зьяву ўзбагачэньня палякаў на Галакосьце й поўную абыякаваць да генацыду. Больш таго, Гросы пераконваюць, што падчас вайны забойствы габрэяў былі нармальнай зьявай і што габрэяў забівалі ня толькі паталягічныя элемэнты, але й шанаваныя асобы, добра вядомыя ў грамадзтве, а грамадзтва іх падтрымлівала.

Наколькі гэтая кніжка  адлюстроўвае праўду, а наколькі адлюстроўвае аўтарскае ўяўленьне аб падзеях? На гэтае пытаньне спрабуе адказаць галоўны рэдактор габрэйскага часопіса „Мідраш” Пётр Пазіньскі.

Пётр Пазіньскі: Гэтая кніга зьмяшчае сапраўдныя факты. Яна, канешне, вельмі жорсткая, а некаторыя факты абагульняюцца. Такое ўражаньне, што яна напісанай з мэтаю пазбавіць чытача добрага самаадчуваньня. Але Грос шакуе кожнай сваёй кнігай, а апошняй хіба найбольш. Добра, што ён піша пра гэтыя факты, але зь іншага боку зьмяшчае шматлікія абагульненьні, часам даволі несправядлівыя. Сам фатаздымак даволі супярэчлівы. Ніхто з упэўненасьцю ня скажа, ці здымак прадстаўляе вандалаў, ці людзей, якія парадкавалі тэрыторыю. Магчыма, гэта памылка самога Гроса, што выбраў менавіта гэты фoтаздымак. Аднак гэта не мяняе факту, што ў Трэблінцы яшчэ падчас вайны й пасьля вайны маса людзей капала ямы, дзе ляжалі спаленыя ці проста закапаныя парэшткі забітых там габрэяў. Частка жыхароў навакольных вёсак жыла дзякуючы лягеру. Людзі яшчэ зусім нядаўна ў адкрытую распавядалі, як карысталіся тым, што ў іх ваколіцы знаходзіўся лягер сьмерці.

Праціўнікі кніжкі  абвінавачваюць Гроса ў тым, што ён не гісторык і што маніпулюе крыніцамі, а ягонае асуджэньне падзеяў зьяўляецца несправядлівым і аднабаковым. 

Факты вандалізму мелі месца, але яны былі зьвязаныя з дрэннай пасьляваеннай сытуацыяй насельніцтва, якое пакутавала ад голаду й галечы. Людзі  нейкім чынам стараліся знайсьці сродкі на ўтрыманьне й знаходзілі іх на месцы забойства габрэяў. Але гэтыя інцыдэнты ня могуць характэрызаваць увесь польскі народ, кажа Зузанна Радзік з Польска-габрэйскага грамадзянскага форума.

Зузанна Радзік: Кніжка дае нам унівэрсальныя веды пра людзкую натуру. Чалавек, які апынуўся ў такіх абставінах, мае жудасную здольнасьць захавацца сябе такім чынам. І такая сытуацыя мела месца ня толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах. Аднак у Польшчы іншая сытацыя, паколькі менавіта ў нас знаходзілася такая колькасьць канцлягераў. Зьява „могілкавых гіенаў”, якія раскопвалі месцы паховінаў і прасейвалі людзкі попел, не паявілася, напрыклад, у Францыі, бо там не было канцлягераў. Ці мы гэтага хочам ці ня хочам, пра гэта будуць гаварыць, бо гэта здарылся тут.

Кніжка амаль перакрэсьлівае вядомы ў грамадзтве вобраз палякаў, якія ратавалі габрэяў, ставячы пад сьмяротную пагрозу сябе й сваю сям’ю.

Аўтары самі зазначылі, што не цікавяцца Праведнікамі народаў сьвету, якія ратавалі габрэяў падчас вайны. Таксама яны не прызнаюць факту, што ў Польшчы за дапамогу габрэям пагражала сьмерць. Варта нагадаць, што за дапамогу габрэям падчас вайны пакарана сьмерцьцю каля 700 палякаў. Акрамя таго, палякі лідыруюць у сьпісе Інстытуту «Яд Вашэм» сярод узнагароджаных тытулам Праведнік народаў сьвету. Спасярод 23 тысяч людзей, якія атрымалі гэты тытул, 6200 - гэта палякі.

Караліна Русіновіч