• Напружаная сытуацыя ў Лібіі
  • 11.03.2011

У Лібіі працягваецца грамадзянская вайна. Войскі палкоўніка Кадафі вядуць баі з паўстанцамі на ўзьбярэжжы краіны да ў ваколіцах Трыпалі. Эўразвяз уводзіць санкцыі супраць Кадафі. Францыя прызнала законнасьць паўстанцкага ўраду. Гэта адчыняе шлях для аказаньня наўпроставай падтрымкі паўстанцам.

Баі паміж паўстанцамі й войскамі Кадафі ідуць за горад Рас-Лануф, ключавы порт на ўсходзе краіны, ды ў Завіі, непадалёк ад сталіцы краіны, якая неаднаразова пераходзіла з рук у рукі. Войскі Кадафі выкарыстоўваюць авіяцыю ды цяжкую артылерыю.

Эўрапейскі Зьвяз заклікаў Муамара Кадафі неадкладна сыйсьці ў адстаўку ды паведаміў аб сваёй гатоўнасьці пачаць перамовы з новымі лібійскімі ўладамі. Пра гэта гаворыцца ў праекце дэклярацыі, якая сёньня абмяркоўваецца на саміце ў Брусэлі. Больш падрабязна з Брусэлю перадае Бэата Пламэцка, карэспандэнт Польскага радыё.

Бэата Пламэцка: Праект дэклярацыі налічвае 6 старонак і закранае ўсе паўночна-афрыканскія краіны, дзе пачаліся масавыя пратэсты. Найбольш месца ЭЗ прысвяціла Лібіі. Упершыню Эўразьвяз патрабуе ад Кадафі, каб ён адмовіўся ад улады. Лібія павінна пачаць дэмакратычныя рэформы, а ЭЗ выказвае гатоўнасьць супрацоўнічаць з новымі ўладамі ды аказаць падтрымку ў будаваньні прававой дзяржавы і ў эканамічным разьвіцьці. У дакумэнце падкрэсьліваецца сур’ёзная сытуацыя ў Лібіі, у тым ліку на межах, дзе зьбіраюцца ўцекачы. Апроч гэтага, эўрапейскія кіраўнікі прызнаюць, што ЭЗ прааналізаваў сваю палітыку й хоча зьмяніць свой падыход у адносінах з краінамі Міжземнамор’я. Цяпер ЭЗ будзе звяртаць увагу на дэмакратызацыю, каб забясьпечыць стабільнасьць у рэгіёне.

У чацьвер у Брусэлі адбылася яшчэ адна сустрэча, прысьвечаная сытуацыі ў Лібіі. Міністры замежных справаў Эўразьвязу прынялі рашэньне пра ўзмацненьне эканамічных ды фінансавых санкцыяў, якія цяпер ахопліваюць ня толькі сям’ю Кадафі, але й вялізныя дзяржаўныя фірмы. ЭЗ стварыў чорны сьпіс. Таксама створаны чорны сьпіс супрацоўнікаў рэжыму Кадафі. Што азначаюць гэтыя апошнія рашэньні, тлумачыць Яраслаў Кацішэўскі, былы карэспандэнт Польскага радыё на Блізкім Усходзе.

Яраслаў Кацішэўскі: Гэтыя санкцыі паказваюць, што Эўразьвяз не зьбіраецца працягваць супрацоўніцтва з рэжымам Кадафі. Яны не ўплываюць на тое, што там цяпер адбываецца. Іх значэньне павялічыцца, калі б гэты канфлікт, грамадзянская вайна, зацягнуўся. Таму што эканамічныя санкцыі азначаюць, што Лібія ня зможа гандляваць з Захадам, і ў Кадафі ня будзе грошай, каб набываць зброю й падтрымліваць канфлікт.

Да санкцыяў у дачыненьні да лібійскага дыктатара далучылася Расея. Масква спыніла пастаўкі ўзбраеньня ў гэтую краіну. Якія прычыны гэтага рашэньня? На думку Робэрта Сьмігельскага з Польскага інстытуту міжнародных адносінаў, гэта прагматызм.

Робэрт Сьмігельскі: Трэба ўзяць пад увагу тое, што ў дадзеных умовах практычна немагчыма рэалізаваць гэтыя пастаўкі. У дадатак, некалькі дзён таму прэзыдэнт Мядзьведзеў сказаў, што палкоўнік Кадафі – гэта палітык, які адыходзіць у мінулае. Гэта значыць, што расейскае кіраўніцтва не звязвае зь ім палітычнай будучыні Лібіі. Па гэтай прычыне ў Маскве палічылі, што дзеля ўласных інтарэсаў лепш не псаваць адносіны з будучымі ўладамі Лібіі ды ўвялі санкцыі на пастаўкі зброі ў гэтую краіну.

Яшчэ больш моцны крок, скіраваны супраць Кадафі, здзейсьніла Францыя. Парыж першы  прызнаў Нацыянальную раду Лібіі – часовы паўстанцкі ўрад, які знаходзіцца ў Бэнгазі. Гэта можа ўзмацніць супраціў Кадафі, лічыць Яраслаў Кацішэўскі.

Яраслаў Кацішэўскі: Без сумневаў, гэта моцны сымбалічны крок, які ўзмоцніць пазыцыі паўстанцаў. Больш за тое, гэта дазволіць Францыі ды нават міжнароднай супольнасьці выступіць з падтрымкай тых асобаў, якія ўзначальваюць паўстаньне.

На днях у Брусэлі адбылася сустрэча міністраў абароны краінаў NATO, на якой было прынята рашэньне выслаць да ўзьбярэжжа Лібіі чарговыя вайсковыя караблі, каб манітараваць эмбарга на пастаўкі зброі ў гэтую краіну.
NATO пачалo падрыхтоўку плянаў па закрыцьці паветранай прасторы над Лібіяй. Наземная вайсковая апэрацыя не плянуецца. Гэта адпавядае патрабаваньням паўстанцаў, якія вядуць баявыя дзеяньні з войскамі палкоўніка Кадафі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч