Сёньня, шаноўныя слухачы, мы запрашаем вас наведаць вельмі цікавае месца ў Польшчы – гэта невялічкі, але вельмі прываблівы курортны горад – Полчын-Здруй. Полчын знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Польшчы, у Заходняй Памэраніі, ля ракі Вогра. Горад ляжыць у сэрцы Драўскага ляндшафтнага запаведніка, сярод чыстай некранутай прыроды.
Першае жылое пасяленьне на тэрыторыі сёньняшняга Полчына датуецца VI стагодзьдзем. У тыя часы тут існаваў невялікі славянскі горад Палупэ. Аднак найважнейшым момантам у гісторыі горада быў 1688 год, Калі адзін мясцовы ткач выпадкова знайшоў крыніцу мінэральных водаў і цалебныя гразі. Мясцовая легенда апавядае пра тое, як ткач, які хварэў на рэўматызм, акунуўся ў гразь, памыўся ў вадзе й цудоўным чынам выздаравеў. Мясцовы пастар пацьвердзіў цалебны характар гэтых крыніцаў і так пачалася курортная гісторыя Полчына. У 1705 годзе ў горадзе быў пабудаваны першы водалячэбны дом, а ў 1972 годзе Полчын атрымаў статус горада-санаторыя.
Полчын-Здруй называюць “курортам з душою”. Усё дзякуючы Стараму гораду, то бок гістрачынаму цэнтру з ранкам, ратушай, сярэднявечнымі касьцёламі ды камяніцамі. Па сёньняшні дзень Стары горад захаваў свой сярэднявечны характар. Плошчы вы вуліцы вымашчаныя брукам, асьветленыя стылёвымі ліхтарамі, пад якімі стаяць лаўкі для адпачываючых, і паўсюль кветкі, фантаны й кавярні. Дзякуючы гэтаму, у Полчыне дамінуе атмасфэра пачатку ХХ стагодзьдзя, часу найвялікшага росквіту гэтага курорта.
Сёньняшні Полчын добра падрыхтаваны да прыёму турыстаў. Тут ёсьць некалькі санаторыяў, у тым ліку павільён мінэральных водаў, амфітэатар, басэйны, тэнісныя корты, конна-спартовы цэнтар.
Лячэбныя працэдуры – гэта саляныя ванны ды цалебныя гразі, дзякуючы якім лечацца рэўматычныя хваробы, нэўралягічныя, хваробы кровазвароту, хваробы органаў руху ды жаночыя хваробы.
Адным з найбольш каштоўных скарбаў Полчына лічыцца мясцовы курортны парк – месца шпацыраў ды адпачынку мясцовых жыхароў і прыбылых турустаў. Вакол горада паркладзеныя чатыры пешыя маршруты, аматараў ровараў чакаюць дзьве турыстычныя сьцежкі: “Прадаліна Дэмбніцы” даўжынёй 25 кілямэтраў і “Шляхам палчынскай Швайцарыі” – даўжынёй 37 кілямэтраў.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч