• "Requiem па непатрэбных рэчах" Віктара Шалкевіча
  • 16.03.2011

Выйшла новая кніга Віктара Шалкевіча "Requiem па непатрэбных рэчах". Гэта зборнік эсэ пра розныя рэчы зь дзяцінства й юнацтва барда, зь якімі зьвязаныя ўспаміны й па якіх аўтар сумуе да сёньня. Сярод іх - радыёла «Урал-57», матацыкл «Восход-2М», мабільнік Nokia 5110.

Выданьне пабачыла сьвет у сэрыі “Гарадзенская бібліятэка”. Кніга мае 100 старонак, аздобленых прыватнымі здымкамі вядомага гарадзенскага барда. “Requiem па непатрэбных рэчах” - ужо 12-е выданьне "Гарадзенскай бібліятэкі".

Цяпер аўтар працуе над новай кнігай пра Горадню, якая будзе называцца „Мястэчка G і ваколіцы“.

У Гарадзенскай выставачнай залі 15 сакавіка адчынілася выставы Факультэта графікі Акадэміі мастацтваў з польскага гораду Катавіцэ. Прадстаўленая экспазыцыя зьяўляецца агляднай прэзэнтацыяй творчасьці розных пакаленьняў мастакоў-пэдагогаў катавіцкай акадэміі выяўленчага мастацтва й выразна паказвае характар зьмен, якія адбываліся з катавіцкай графікай. Сёньня яе вобраз расьцягваецца паміж надалей жывой павагай да клясычных тэхнік і экспэрымэнтам, пашыраючым ролю значэньня графікі ў традыцыйным разуменьні, як у аспекце майстэрскім, так і ідэйным.

У адкрыцьці выставы прымалі ўдзел дэкан мастацкага факультэта Гжэгаж Ханьдэрэк і кіраўнік майстэрні шаўкаграфіі Вальдэмар Вэнгжын.

Выстава працуе ад 10 да 19 па адрасе: вуліца Элізы Ажэшкі, 38.

Пяты раз у Варшаве распачынаецца цыкл канцэртаў, прысьвечаны музыцы францускамоўных краін.

Фэстываль франкафоніі адчыніць 18 сакавіка канцэрт Монікі Бродкі ў сталічным клюбе “Stodoła”. На наступны дзень на сцэне клюбу Fabryka Trzciny зьявіцца гурт “Oh la la!”, які выконвае мікс электроннай музыкі з клясычным рокам і псыхадэлічным Poney Express.

У другі дзень фэсту выступіць Мэліса Лавё, гаіцянка, якая жыве ў Канадзе, і Feloche, адзін з самых цікавых францускіх музыкаў 2010 году. Перад публікай выступіць таксама сэнэгалец Пако Сар, які чатыры гады жыве ў Варшаве.

24 сакавіка ў клюбе Palladium выступіць Nouvelle Vague – гурт, які здабыў неверагодную папулярнасьць дзякуючы рэміксам ангельскіх гітоў з 80-ых гадоў. Пазьней можна будзе паслухаць дуэт La Boetie, які нядаўна выпусьціў дэбютны альбом "Somewhere Underneath".

Фэстываль Франкафоніі завершыцца 25 сакавіка ў клюбе Kamieniołomy. Выступяць першапраходзец psych nouveau сцэны Turzi і Асід Уошд.

Больш інфармацыі пра фэст на сайце www.francophonic.pl

За некалькі тыдняў да бэатыфікацыі Папы Рымскага Яна Паўла ІІ на экраны польскіх кінатэатраў выйдзе фільм пра “польскага” пантыфіка. Аўтары стужкі рэклямуюць яго як самы буйны дакумэнтальны фільм пра Сьвятога Айца. Мэта фільму - гэта ня проста прадставіць біяграфію кардынала Караля Вайтылы, а паказаць ягонае пасланьне пасьля сьмерці, а таксама месца, якое ён заняў у гісторыі.

Праца над фільмам працягвалася чатыры гады. Відэаматэрыялы для стужкі зьбіралі па ўсёй Польшчы: Нацыянальнай кінатэцы, Польскай тэлевізіі, Ягелёнскім унівэрсытэце, Ватыканаскай кінатэцы.

Фільм здымалі ў 13 краінах, 120 мясьцінах у розных кутках сьвету, ад Ватыкану й Польшчы па Сьвятую Зямлю, Афрыку й Паўднёвую Амэрыку.  У фільме выказваюцца каля 30 маральных аўтарытэтаў з усяго сьвету: Далай-Лама, галоўны рабін Ізраіля, патрыярх Канстантынопаля, Лех Валэнса.

Нацыянальны тэатар падрыхтаваў прэм’еру “Lorenzaccio” Альфрэда дэ Мюсэ ў рэжысуры Жака Лясаля. Ролі ў спэктаклі выконваюць Эва Вісьнеўска, Януш Гаёс, Марцін Гыцнар і Зьбігнеў Замахоўскі.

Адзін з найлепшых рамантычных пісьменьнікаў Альфрэд дэ Мюсэ абулікаваў “Lorenzaccia” у 1834 годзе. Гэта манумэнтальная трагікамічная аповесьць: герой, каб вызваліць Францыю ад князя-тырана, павінен найперш прынізіцца, здабыць давер уладара й стаць саўдзельнікам ягоных злачынстваў.

У спэктаклі выступаюць больш за 80 актораў, ён складаецца з працяглых сцэн, падзеі адбываюцца ў сарака розных месцах. “Lorenzaccia” працягваецца больш за шэсьць гадзін.

Нагадваем пра новую старонку moje.polskieradio.pl. Гэта новы партал Польскага радыё, на якім ёсьць цэлы шэраг тэматычных каналаў, уключна з музычнымі, а таксама архіўныя матэрыялы Польскага радыё.

дг