У глябальным сьвеце, дзе цягам некалькіх гадзін можна перамясцьціцца з аднаго кантынэнта на іншы, ёсьць нямала людзей, якія цікавяцца рэтра-падарожжамі. Напрыклад, у Польшчы шмат аматараў паравозаў – рабочых коней чыгунак мінулых гадоў. І ня дзіўна, бо ў Польшчы да чыгункі асаблівы, сэнтымэнтальны падыход, можа таму, што ў краіне даволі добра разьвітая чыгуначная сетка. Праўда, у апошнія гады многія мясцовыя чыгуначныя спалучэньні закрываюцца па прычыне нерэнтабельнасьці.
Дарэчы, штогод летам па тэрыторыі Польшчы праходзіць легендарны “Ўсходні экспрэс”. Гэты склад называюць “цягніком каралёў, каралём цягнікоў”. Залатыя гады цягніка выпалі на пэрыяд да Другой сусьветнай вайны – у фешэнэбельных умовах ён вазіў пасажыраў праз усю Эўропу. Цяпер жа “Ўсходні экспрэс” – турыстычны цягнік, на ім пасажыры езьдзяць па старым кантынэнце, наведваючы розныя краіны, гарады, помнікі гісторыі ды архітэктуры, у тым ліку і ў Польшчы. А сустракаць “Усходні экспрэс” у Польшчы выходзяць на пэроны сотні людзей! І няма нічога дзіўнага – хто ж ня хоча пабачыць уласнымі вачыма легенду жалезных магістраляў! Дарэчы, сёлета “Ор’ент экспрэс” пройдзе праз Польшчу ў ліпені. Прычым праехацца на ім можа кожны, хто гатовы заплаціць за білет некалькі тысяч эўра.
У Польшчу ёсьць таксама іншае мерапрыемства, якое прыцягвае тысячы людзей. Гэта Парад паравозаў, які штогод вясной праходзіць у гарадку Вольштын на захадзе краіны, каля горада Познань. У Вольштыне ёсьць адзінае ў Польшчы паравознае дэпо, дзе прыпісана больш за 20 паравозаў на ходзе. Сярод іх, напрыклад, паравоз пад назвай “Прыгожая Гелена” – найхутчэйшая польская машына даваенных часоў, якая была прызначана для кур’ерскіх цягнікоў і міжнародных экспрэсаў. Акрамя таго, “Прыгожая Гелена” й цяпер працуе на мясцовых пасажырскіх лініях! І, што цікава, іншыя вольштынскія паравозы таксама цягаюць пасажырскія склады на рэгулярных мясцовых лініях, паміж Вольштынам і іншымі гарадамі. Гэта адзіны ў Польшчы прыклад! А найстарэйшы паравоз, які працуе на рэгулярных маршрутах, зроблены ажно ў 1917 годзе!
Сёлета Парад паравозаў адбудзецца ў Вольштыне 30 красавіка. Імпрэза вядомая ня толькі ў Польшчы, але й за яе межамі: у Вольштын прыяжджаюць аматары чыгункі й паравозаў з усёй Эўропы! Некалькі год таму яна набыла міжнародны статус, бо ў Польшчу прыбываюць таксама паравозы зь іншых краін.
Падчас мерапрыемства можна пабачыць ня толькі чыгуначных прыгажуноў, але й праехацца на рэтра-цягніку, у склад якога ўваходзяць вагоны даваеннай прадукцыі. Адным словам, задавальненьне гарантаванае! Запрашаем на Парад паравозаў у Вольштын!
вс