• Гісторык Генрык Самсановіч стаў ляўрэатам прэміі Польскага ПЭН-клюбу
  • 23.03.2011

У Менску створаны Камітэт памяці гісторыі й культуры Беларусі-Літвы. Камітэт будзе займацца арганізацыяй культурнай, асьветніцкай і навуковай працы. Гэта навуковыя канфэрэнцыі, выставы твораў мастацтва, выпуск паліграфічнай прадукцыі, канцэрты беларускіх музыкаў і іншыя мерапрыемствы. Камітэт будзе хадайнічаць аб вырабе і ўстаноўцы памятных знакаў, перайменаваньні вуліц гарадоў Беларусі.

У гэтым годзе плянуецца арганізаваць паездку прадстаўнікоў Беларусі на Грунвальдзкае поле, правесьці навукова-папулярныя чытаньні, прысьвечаныя Другому статуту ВКЛ, і выдаць прысьвечаны 1000-годзьдзю назвы “Літва” гісторыка-культурны зборнік.

Ва ўстаноўчым сходзе камітэту прынялі ўдзел сябра Беларускага саюза мастакоў Мікола Купава, кандыдат гістарычных навук Эдуард Зайкоўскі, старшыня Беларускага фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса, дасьледчык гісторыі старажытнай Літвы, журналіст Зьдзіслаў Сіцько, фатограф і прадпрымальнік Леанід Касабуцкі, сябра беларускага Саюза пісьменьнікаў Валерый Стралкоў і іншыя. Старшынём Камітэта абралі Міколу Купаву.

Брытанскае трыа The Tiger Lillies, якое называюць легендай сусьветнага дарк-кабарэ й трэш-мадэрна, выступіць 10 красавіка ў менскім клюбе “Рэактар”.

Выступленьні лёнданскага гурту - гэта эпатажныя шоў. Удзельнікі трыа спяваюць пра прастытутак і сутэнэраў, нямоглых старых і інвалідаў, трансвэстытаў і фрыкаў, наркаманаў, бамжоў і няўдачнікаў, выкарыстоўваючы выключна акустычныя інструмэнты, а таксама сцэнічныя касьцюмы й грым.

Гурт заснаваны ў 1989 годзе. За гэты час музыканты выпусьцілі 23 альбомы, сярод якіх сумесны дыск з Kronos Quartet — Gorey End, намінаваны ў 2003 годзе да Grammy.

Гісторык Генрык Самсановіч стаў ляўрэатам прэміі Польскага ПЭН-клюбу імя Ксавэрыя й Мечыслава Прушынскіх.

Прафэсар Самсановіч – аўтар больш як 800 навуковых працаў, нарадзіўся ў Варшаве ў 1930 годзе. Скончыў факультэт гісторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту.  Займаўся гісторыяй польскіх рамёстваў, гісторыяй Гданьска, Балтыкі й Ганзы. Пасьля 1990 году прафэсар Самсановіч пачаў шмат увагі надзяляць польска-эўрапейскім праблемам.

Прэмія Прушынскіх уручаецца за літаратурны рэпартаж, апавяданьні альбо літаратурныя эсэ. У мінулых гадах яе ляўрэатамі былі Леапольд Унгер, Кшыштаф Помян, Рышард Капусьцінскі, Тэрэса Тараньска, Яцэк Жакоўскі.

Уручэньне прэміі адбудзецца 24 сакавіка ў сядзібе Польскага ПЭН-цэнтру ў Варшаве.

Пра прыгажосьць Афганістану, пра афганцаў і іх звычаі ... і пра некалькі хвілінаў, якія зьмянілі жыцьцё многіх людзей, будзе прысьвечаны новы спэктакль Польскага тэатру ў горадзе Бельска-Бяла. Яго прэм’ера адбудзецца 26 сакавіка.

16 жніўня 2007 году жаўнеры з 18-га паветрана-дэсантнага батальёну ў горадзе Бельска-Бяла, якія праходзілі службу ў Афганістане, абстралялі будынкі непадалёк ад вёскі Нангар Хэль. Шэсьць чалавек загінулі, тры былі параненыя. Сярод пацярпелых былі дзеці й жанчыны. Польскіх жаўнераў абвінавацілі ў нападзе на мірных жыхароў. Ім пагражае турэмнае зьняволеньне.

Спэктакль “Бітва за Нангэр Хэль” – гэта гісторыя польскіх жаўнераў, якія едуць абараняць мірных жыхароў і змагацца супраць тэрарызму. Драматург Лукаш Віт Міхайлоўскі дадае, што жаўнеры прадстаўлялі ў Афганістане ўсіх палякаў, якія прагнуць, каб у гэтай краіне запанаваў мір. “Таму, калі мы цяпер асудзім гэтых жаўнераў, то мы асудзім саміх сябе” – кажа Віт Міхайлоўскі. 

У аўторак у Празе адбылася прэм’ера фільму “Сыход”. Рэжысэр і аўтар сцэнару стужкі - экс-прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, які, дарэчы, нечакана зьявіўся на паказе, але схаваўся сярод шэраговых гледачоў.

Гавэл працаваў над “Сыходам” амаль год, разам зь ім працавалі найлепшыя чэскія акторы. Галоўную ролю выканаў Ёсэф Абрхам.

Фільм распавядае пра канцлера, які, сыходзячы са сваёй пасады, павінен пакінуць урадавую вілу й пачынае разважаць пра сапраўдны характар сваіх бліжэйшых паплечнікаў. Перад прэм’ерай фільму Вацлаў Гавэл папярэдзіў, што ў фільме няма аўтабіяграфічных эпізодаў.

Нагадваем пра старонку moje.polskieradio.pl. Гэта новы партал Польскага радыё, на якім ёсьць цэлы шэраг тэматычных каналаў, уключна з музычнымі, а таксама архіўныя матэрыялы Польскага радыё.

дг