У 21 нумары „Моладзі” за 1951 год зьмешчаны артыкуль Л. Іскры пра гісторыю беларускага альфабэту. Артыкул так і называецца З гісторыі беларускага альфабэту (с. 9-12).
„Першапачатныя формы, або інакш кажучы, найстарэйшыя карані беларускага альфабэту сягаюць вельмі далёка, аж да стараэгіпецкае культуры – адзначае Л. Іскра ў першых радках свае публікацыі. (...) Ёсьць гістарычныя весткі, хоць ня зусім ясныя, што нашыя продкі ўжо ў зараньні свае гісторыі мелі нейкія пісьмовыя знакі. Ведама, што частка племяні Дрыгвічоў захопленая хваляю вялікага перасяленьня народаў разам з агульнаю плыньню завандравала на Балканскі паўабток, там асялілася каля горада Солюня і доўгі час захавала свае пляменныя асаблівасьці, на якія зьвярнуў увагу адзін з баўгарскіх летапісцаў 10-га веку манах Храбар і так схарактарызаваў гэтае племя: „Другувіты пісаху і чэртаху, погані сушчэ”. Але як яны пісалі і крэсьлілі, летапісец ня кажа. Ніякіх памятак ад гэтага пісьма нідзе не асталося”. (с. 9)
Пачаткі эгіпецкага пісьма сягаюць больш за тры тысячы гадоў да Хрыста. Гэтае пісаньне, створанае эгіпецкімі жрацамі, у аснове якога ляжаць малюнкі кожнае рэчы, потым грэкі назвалі ерогліфамі. У меру разьвіцьця культуры, нягледзячы на шмат тысяч ерогліфаў, усё такі не хапала іх дзеля адлюстраваньня аграмаднае колькасьці імён і розных разумовых паняцьцяў, і таму дзеля іх запісаньня карысталіся знакамі прасьцейшых, перадусім аднаскладовых слоў. Гэткім чынам былі выбраныя 24 знакі, якія сталіся першымі альфабэтычнымі знакамі.
У ХІІІ ст. да Хрыста фінікійскія купцы запазычылі ад эгіпцян 24 ерогліфічныя альфабэтычныя знакі й пад уплывам асірыйскага кнігапісу пераўтварылі іх у сапраўдны альфабэт. Пераходны альфабэт захаваўся ў г.зв. сінайскім пісьме. Амаль адначасова з фінікійцамі перанялі асноўны эгіпецкі альфабэт і габрэі. Характэрным прызнакам фінікійскага й гэбрайскага пісьма была наяўнасьць 22 літар дзеля абазначэньня толькі зычных гукаў.
Прыблізна ў ХІ ст. да Хрыста ад фінікійцаў перанялі іхны альфабэт грэцкія купцы й прыстасавалі яго да скорапісу. У Грэцыі на працягу стагодзьдзяў формы літар паступова мяняліся. Пачаткова ўжываліся толькі маюскулы (вялікія літары), і толькі ў ІХ ст. нашае эры зьявіліся й малыя літары – мінускулы.
У далейшай частцы публікацыі Л. Іскра адзначае вялікую ролю Кірыла й Мяфода, якія, каб перакласьці кнігі з грэцкае мовы на старабаўгарскую, павінны былі знайсьці знакі дзеля адлюстраваньня некаторых славянскіх гукаў. І так зьявілася глаголіца – альфабэт, апрацаваны філёзафам Кірылам.
Хутка зь першапачатковае гэтак званае кантактавае глаголіцы вытварылася круглая глаголіца, але абодва гэтыя альфабэты былі даволі марудныя для хуткага пісаньня, і таму вучні Кірыла й Мяфода вырашылі прыстасаваць больш практычны грэцкі альфабэт. І гэтая спроба ім удалася. Нестаючыя літары былі створаны на эгіпецкі лад. Для гуку ж малявалі жучка, для гуку ш узялі гэбрайскую літару шін, для насавых гукаў эн і он прыдумалі юсы. Гэтакім чынам паўстала царкоўна-славянская азбука, якая разам з хрысьціянствам трапіла на Беларусь у той форме, у якой ужывалася ў Х ст. у Баўгарыі. Царкоўна-славянскія літары ў друку праіснавалі аж да ХVIII ст. (с. 10)
Першая думка зьмяніць іх паявіляся ў беларускага вучонага Ільлі Капіевіча-Капіеўскага падчас ягоных падарожжаў па Заходняй Эўропе. Пад уплывам заходнеэўрапейскіх навінак прыпадобніў ён існуючыя літары да лацінскіх. У гэты час сустрэўся ў Галяндыі з маскоўскім царом Пятром І і пазнаёміў яго з сваім праектам. Цар запрасіў беларускага вучонага ў Маскоўшчыну, і такім чынам на пачатку ХVIII ст., у 1709 годзе паявілася гражданка. З Масковіі распаўсюдзілася яна на тэрыторыю Беларусі й Украіны.
У Беларусі гражданка зьявілася ў той час, калі былі зробленыя паважныя спробы прыстасаваць да беларускае мовы лацініцу. Гэтакі акружны шлях мусіла прайсьці гражданка ў сувязі з адменаю беларускае мовы ў дзяржаўным справаводзтве ў 1697 годзе ў межах усяе Рэчыпаспалітае, у склад якой уваходзіла Беларусь ад часу Люблінскае вуніі.
Пасьля падзелаў Рэчыпаспалітае ў ХVIII ст., калі Беларусь апынулася ў межах Расеі, амаль паўсюдна ў беларускім пісьменстве ўжо выкарыстоўвалася лацініца, створаная на польскі лад. Але ў 1867 годзе быў выданы царскі загад, які забараняў карыстацца ў пісьмовасьці беларускаю моваю, асабліва ж лацінскімі літарамі. Гэтая забарона пратрывала да 1905 году. Калі ж ізноў зьявілася магчымасьць друкаваць па-беларуску, ды ўжываліся адначасова 2 шрыфты – і лацініца, і гражданка. Напр. „Наша Ніва” доўгі час друкавалася ў двух выданьнях, і толькі незадоўга перад Першай сусьветнаю вайною, пасьля правядзеньня анкеты сярод сваіх падпісчыкаў, перайшла на гражданку. Іншыя ж выдавецтвы, якія прызначалі свае выданьні для рыма-каталікоў, увесь час карысталіся лацініцаю.
Ніна Баршчэўская