Ці дні паштовай маркі палічаныя?

У Даніі паштовая марка можа адыйсьці ў гісторыю. З 1 красавіка ў згаданай краіне за адпраўку ліста можна будзе заплаціць пры дапамозе сотавага тэлефона.

У Польшчы, каб адправіць ліст, трэба пачакаць у абавязковай чарзе ў паштовым аддзяленьні, купіць марку (найчасьцей некалькі, каб сабраць адпаведны намінал) ды прыклеіць на ліс. У сваю чаргу ў Вялікабрытаніі папулярнымі зьяўляюцца налепкі, што друкуюцца непасрэдна ў паштовым аддзяленьні.

Тым часам датчане выдумалі лепшы спосаб: дастаткова напісаць смс-паведамленьне й адправіць яго на адмысловы нумар пошты. У адказ кліент атрымлівае смс з кодам, які трэба напісаць на канверце замест традыцыйнай маркі. Код дзейнічае 7 дзён. Дзякуючы гэтаму ня трэба клапаціцца пра тое, дзе знаходзіцца бліжэйшае адкрытае паштовае аддзяленьне.

Хопіць сотавы тэлефон, ручка й паштовая скрыня. Спачатку дацкая праграма смс-маркаў ахопіць толькі лісты вагою да 50 грамаў. Увядзеньне падобнага спосабу аплаты разглядаюць таксама ў Швэцыі.

Генэтыка – найбольш папулярная галіна навукі

З усіх галінаў навукі найбольшым зацікаўленьнем карыстаецца генэтыка. Пра гэта сьведчаць вынікі апублікаванага надоечы рапарту прэс-агенцтва Thompson Reuters.

Генэтыкай займаліся 7 з 13  найбольш працавітых (гаворка пра колькасьць выдадзеных навуковых працаў) і найчасьцей цытаваных навукоўцаў у 2010 годзе. Рэкардыстам зьяўляецца Эрык С. Ляндэр (Eric S. Lander), зьвязаны з Гарвардзкім унівэрсытэтам і Масачусэцкім тэхналягічным інстытутам (Massachusetts Institute of Technology), які ў мінулым годзе апублікаваў 10 важных навуковых працаў, між іншым, з галіны генэтыкі рака лёгкіх.

Экспэрты зьвяртаюць увагу, што 10 гадоў таму, калі навукоўцы расшыфравалі геном чалавека, узьніклі вялікія спадзяваньні на пасьпяховую барацьбу з многімі хваробамі.

Хаця згаданыя прагнозы не да канца апраўдаліся, то навукоўцы надалей хочуць весьці генэтычныя дасьледаваньні, і час ад часу даказваюць, што іхнае намаганьне аплочваецца.

Напрыклад, надоечы на рынку паявіўся новы лек на аўтаімунную хваробу - валчанку (лац. lupus erythematosus systemicus). Гэта першы зарэгістраваны лек, які ўзьнік у выніку непасрэдных дасьледаваньняў геному чалавека.

Вышэйшая адукацыя, ніжэйшы ціск крыві

Чым вышэйшая адукацыя, тым ніжэйшы ціск крыві. Гэткія высновы зрабілі амэрыканскія навукоўцы, якія заўважылі сувязь між узроўнем адукацыі ды станам крывяноснай сыстэмы.

Цягам 30 гадоў навукоўцы зьбіралі дадзеныя амаль 4 тысячаў чалавек. Інфармацыя была падзеленая паводле трох катэгорыяў: людзі з вышэйшай, сярэдняй і ніжэйшай адукацыяй.

Пазьней спэцыялісты параўналі іх ціск крыві. Аказалася, што асобы з вышэйшай адукацыяй мелі ніжэйшы ціск (на 2-3 мілімэтры ртутнага слупка), чым людзі зь ніжэйшай.

Цяпер навукоўцы задаюць пытаньне: чаму? Усё ж навука гэта стрэс, зьвязаны хаця б з экзаменамі. Апрача таго, падчас дасьледаваньня не браліся пад увагу такія паказчыкі, як дыета ці курэньне цыгарэтаў.

Магчыма, справа зводзіцца да характару выконваемай працы: людзі горш адукаваныя маюць меншы кантроль над сваімі прафэсійнымі абавязкамі ды сустракаюцца зь ціскам з боку начальнікаў, а гэта таксама стрэс, мяркуюць навукоўцы.

Незалежныя экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што людзі зь ніжэйшай адукацыяй і ніжэйшымі даходамі агульна маюць слабейшую кандыцыю.

Зялёныя зоны ратунак для сусьветнай эканомікі?

Інвэстыцыі ў гэтак званыя зялёныя зоны (green zone) у даўжэйшай пэрспэктыве могуць прычыніцца да паляпшэньня стану сусьветнай эканомікі.

Пра гэта сьведчыць рапарт навукоўцаў ААН, якія заклікаюць  дзяржавы прызначаць на згаданую мэту 2% сусьветных даходаў (глябальнага ВУП).

Гэта значыць, што выдаткі на зялёныя зоны павінны складаць каля 1 більёна эўра ў год, лічаць вучоныя. Гэта, паводле іх, дазволіла б сусьветнай эканоміцы дабіцца стабільнасьці й ашчаднасьці.

„Яшчэ тры гады таму мала хто ўяўляў, як хутка ідэя зялёных зонаў зацікавіць міжнароднае грамадзтва. Цяпер гэта адна з асноўных тэмаў у прамоцыі збалянсаванага разьвіцьцья й барацьбы з галечай,”- лічыць Ахім Стайнтэр (Achim Steinter)– кіраўнік UNEP (United Nations Environment Programme) – агенцтва АНН па справах аховы навакольнага асяродзьдзя.

У ацэнцы аўтараў рапарту, неабходна дафінансаваць стабільную сельскую гаспадарку, ашчадныя будаўнічыя тэхналёгіі, рыбалоўства й ахову лясоў ды гаспадараньне рэсурсамі вады.

У пачатковым этапе інвэстыцыя ў згаданыя праекты можа прычыніцца да стратаў сусьветнай эканомікі, але празь некалькі гадоў ейная рэнтабельнасьць павялічыцца, а станоўчая тэндэнцыя магла б утрымлівацца да паловы стагодзьдзя, - лічаць эксэрты з Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.


Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org