Зь гісторыі землятрусаў

Землятрус, які ў палове сакавіка зьнішчыў паўночна-ўсходнюю частку Японіі, быў адным з наймацнейшых у гісторыі сучаснай сэйсмалёгіі, паведамляе Амэрыканскі геалягічны цэнтар.

Японскае мэтэаралягічнае агенцтва паведаміла, што сіла штуршкоў, зафіксаваных у пятніцу 11 сакавіка, склала 9 балаў паводле шкалы Рыхтэра, а не як пачаткова меркавалася 8,8 бала.

Нагадаем, 9 балаў паводле шкалы Рыхтэра склаў землятрус на Камчатцы ў 1952 годзе. 9,1 бала дасягнула сіла штуршкоў сем гадоў таму на Суматры. Менавіта тады ўзьнікла гігантычная хваля цунамі, якая ў раёне Індыйскага акіяну забіла 230 тысячаў чалавек.

У 1964 годзе сіла землятрусу на Алясцы склала 9,2 бала.  Наймацнейшы землятрус закрануў у 1960 годзе Чылі. Тады сэйсмографы зафіксавалі штуршкі сілаю 9,5 (дзевяць з паловай) бала паводле Рыхтэра. Пакуль што землятрус сілаю 10 балаў ня здарыўся.

Паводле экспэртаў, удар мэтэарыта ў паўвыспу Юкатан у Мэксіцы 65 мільёнаў гадоў таму выклікаў штуршкі сілаю 12,5 балаў ды пакінуў кратэр дыямэтрам у 180 кілямэтраў.

Тым часам колькасьць сьмяротных ахвяраў не заўсёды залежыць ад сілы штуршкоў. Важным паказчыкам зьяўляецца шчыльнасьць пасяленьня, від будынкаў і гэалягічныя ўмовы.

Намнога слабейшы землятрус, чым апошні у Японіі, год таму на Гаіці (7 балаў ) прычыніўся да сьмерці 230 тысяч чалавек. Нагадае, што Японія - гэта адна з найлепш падрыхтаваных да такой стыхіі краін.

Лета 2011 году будзе халаднейшым чым летась

Сёлетнія летнія месяцы будуць халаднейшымі чым летась. Такім чынам сьцьвярджаюць партугальскія кліматолягі, якія публікуюць свае прагнозы ў тыднёвіку „Science”.

У іхнай ацэнцы, настолькі вялікая хваля сьпёкі як у 2010 годзе паявіцца найраней у другой палове бягучага стагодзьдзя. Такім чынам на нейкі час эўрапейцы могуць забыць пра сьпёку. Тым ня менш, у даўжэйшай пэрспэктыве прагнозы не выглядаюць найлепш.

Клімат пацяпляецца, лічаць навукоўцы зь Лісабонская ўнівэрсытэту. Сьпёка, якая адзначалася ў мінулай дэкадзе, была найгоршай за апошнія 500 гадоў, але хвалі гарачыні будуць зьяўляцца ў 5-10 разоў часьцей, чым у мінулых стагодзьдзях.

Высокая тэмпэратура паветра й засуха бываюць небясьпечнымі для здароўя чалавека. У мінулым годзе ў Расеі адзначана 55 тысячаў сьмяротных зыходаў з-за сьпёкі. Апрача таго, гарэлі лясы, на 25% зьнізілася сельскагаспадарчая вытворчасьць.

Паводле ацэнкаў партугальскіх навукоўцаў, у выніку леташняй сьпёкі Расея страціла 1% эканамічнага даходу.

Ці ёсьць узор прываблівага мужчыны?

Мужчыны любяць бландзінак – гэта вядомая справа, а якіх мужчынаў любяць жанчыны?

Меркаваньня па гэтаму пытаньню шмат, але таксама ёсьць нямала вынікаў навуковых дасьледаваньняў, якія тычацца прываблівасьці мужчынаў.

Прызнаньнем жанчынаў карыстаецца асабліва сімэтрычны твар, з выразнымі скуламі, а таксама значнай велічыні сківіцай і густыя бровы. Дасьледаваньні сьведчаць пра тое, што мужчыны, твар якіх  сімэтрычны, маюць больш спакушальны натуральны пах. Жанчыны любяць у мужчынаў таксама доўгія ногі, найлепш на 5% даўжэйшыя, чым сярэднестатыстычная даўжыня.

Высокія мужчыны больш прываблівыя, бо рост, маўляў,  сьведчыць пра добры стан здароўя й выносьлівасьць, напрыклад, падчас голаду. 

Апрача таго, плячо павінна быць на адну чацьвёртую шырэйшым чым талія. Брытанскія навукоўцы апрацавалі таксама ўзор ідэальнага мужчынскага голасу - адпаведнае спалучэньне частаты гуку, хуткасьці гаворкі й перапынкаў між сказамі прычыняюцца да таго, што голас здаецца жанчынам асабліва прыемным. 
 

Навукоўцы перасьцерагаюць: каралавыя рыфы пакутуюць

Кандыцыя трох чацьвёртых сусьветнай папуляцыі каралавых рыфаў можа неўзабаве значна пагоршыцца – лічаць навукоўцы.

Каштоўным экасыстэмам пагражае празьмерны промысел рыбы, забруджаньне вады ды кліматычныя зьмены.

Найноўшы рапарт па гэтаму пытаньню стварылі экспэрты з больш як 20 дасьледчыцкіх групаў, якія ўзначаліў Інстытут сусьветных рэсурсаў са штаб-кватэрай у Вашынгтоне.

На думку навукоўцаў, найбольшай пагрозай для каралавых рыфаў зьяўляецца грабежніцкая лоўля рыбы. Рыбакі ловяць рыбу ў такім маштабе, што новая папуляцыя не пасьпявае аднаўляцца. Часам яны выкарыстоўваюць моцныя выбуховыя рэчывы, што канчаткова зьнішчае рыф. Найгорш сытуацыя выглядае ў Індыйскім і Ціхім акіянах. Пагрозай таксама зьяўляецца забруджаньне, якое нясуць у мора воды буйных рэкаў. 

Калі сытуацыя будзе разьвівацца паводле пэсымістычнага сцэнару, то праз 20 гадоў большасьць сусьветных каралавых рыфаў адмоўна ўспрыме таксама рост тэмпэратуры ў выніку глябальнага пацяпленьня.  

Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org