Сёлетняя зіма ў Польшчы была асабліва халодная

Апошнюю зіму ў Польшчы можна лічыць адной з найбольш халодных.

Сярэдняя тэмпэратура за тры зімовыя месяцы склала мінус 3 градусы Цэльсія ды была на 2,2 градуса ніжэйшая за норму. Экстрэмальна халодным быў сьнежань, - паведамляе Інстытут мэтэаралёгіі й воднай гаспадаркі (IMGW).

Найхаладнейшымі рэгіёнамі Польшчы былі: усходняя частка Прыазер’я, дзе сярэдняя тэмпэратура склала мінус 4,8 градуса Цэльсія, усходняя частка пояса нізінаў – мінус 3,8 градуса, верхавіны гораў Карканошы й Татры. Найніжэйшая тэмпэратура надвор’я  – мінус 26,7 градусаў Цэльсія, зафіксаваная 16 сьнежня ў горадзе Еленя Гура. Найцяплей цягам трох зімовых месяцаў было 24 сьнежня ў горадзе Бельска Бяла  - 14,2 градуса Цэльсія.

Усю зіму ўтрымліваўся таксама сьнег. Ягоная максымальная таўшчыня складала 94 сантымэтры на гары Каспровы верх ў Татрах й 85 сантымэтраў на Сьнежцы ў Карканошах. Падобным чынам сытуацыя выглядала ў Сувалках, дзе максымальная таўшчыня пласта сьнегу складала 64 сантымэтры .

Як паясьняюць спэцыялісты зь IMGW, зіма 2010/2011 была другім па чарзе сэзонам, які лічыцца халаднейшым, чым норма па краіне ды паасобных рэгіёнах.

Гэткая сытуацыя раней назіралася ў сэзонах 1984/85 і 1986/87, 2004/2005 і 2005/2006.

Складаныя супрацьпаводкавыя загароды

У выпадку пагрозы паводкі некалькі асобаў цягам 30 хілінаў могуць збудаваць 100 мэтраў супрацьпаводкавага валу з мабільных загародаў, - гарантуюць прадстаўнікі фірмы, якая апрацавала гэтую тэхнічную інавацыю.

Дзеля параўнаньня, каб збудаваць падобны традыцыйны супрацьпаводкавы вал зь мяшкоў зь пяском трэба было б 80 асобаў ды як мінімум іхнай 8-гадзіннай працы.

Сыстэма складаных элемэнтаў, якія дазваляюць збудаваць супрацьпаводкавую загароду прэзэнтавалі надоечы ў Варшаве. Яна складаецца са сталёвых падпораў, спалучаных сталёвымі плянкамі й плітамі. Пасьля іх ушчыльненьня й забесьпячэньня элястычнымі спалучэньнямі ўся канструкцыя становіцца супрацьпаводкавой загародай любой даўжыні.

Пасьля паводкі загароду можна разабраць і безпраблемна захоўваць.

Буслы вяртаюцца, але яны няверныя

Буслы - доўгачаканы сымбаль вясны - вяртаюцца ў свае дамы ў Польшчы, але не чакаюць вяртаньня свайго партнэра. Калі ён зьявіцца надта позна, у гнязьдзе яму можа ўжо ня быць месца.

Буслы вяртаюцца ў Польшчу, больш менш, у тую ж самую пару, у другой палове сакавіка. Цёплыя краіны яны пакідаюць, калі там мяняецца даўжыня дня. Галоўны ўплыў на тое, калі яны прыяцяць у Польшчу, мае надвор’е. Калі надвор’е дрэннае - прылёт спазьняецца.

Буслы спалучаюцца ў пары, але толькі на час выседжваньня птушанят. Часта партнэры зімуюць у розных месцах. Узімку буслы трымаюцца ў групах. Напрыклад, у Эгіпце  мала месца з выгадным доступам да ежы й вады, таму птушкі гуртуюцца. Зь цёплых краінаў яны вылятаюць таксама ў групах па некалькі дзясяткаў птушак. З часам група зьмяншаецца, бо кожная птушка вяртаецца ў сваё месца.

Пасьля таго, калі яны прыбудуць на сваю леташнюю тэрыторыю, правяраюць ці ўмовы да жыцьця  надалей карысныя ды ці іхныя гнёзды не занятыя.

Хаця буслы прывязваюцца да сваіх партнэраў, але калі адзін зь іх доўга не вяртаецца бывае, што той, які прыляцеў першы шукае сабе новага партнэра.


Японская хмара палякам не пагражае

Паводле экспэртаў, калі нават пасьля аварыі на японскай АЭС у Фукусіме, хмара забруджаная радыёактыўнынымі рэчывамі дасягне тэрыторыі Польшчы, то палякам няма чаго баяцца.

Чым далей хмара аддаляецца ад эпіцэнтра выбуху, тым ейная радыяцыя зьмяншаецца.

„Хмара, якая сфармавалася пасьля аварыі на АЭС у Фукусіме, невялікая ды напэўна нікому не пашкодзіць – нават у Расеі, ці ЗША, а тым больш у выпадку Польшчы, - лічыць Анджэй Струпчэўскі зь Інстытуту атамнай энэргетыкі POLATOM.

Паводле экспэртаў зь Дзяржаўнага агенцтва атамістыкі, цяжка пакуль ацаніць, калі японская хмара апынецца над Польшчай.

Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org