• NATO ўзначаліла вайсковую апэрацыю ў Лібіі
  • 28.03.2011

NATO ўзначаліла вайсковую апэрацыю ў Лібіі. Такое рашэньне прынялі ў нядзелю 28 краін-удзельніц вайскова-палітычнага блёку. Міжнародная кааліцыя, якая пачала апэрацыю ў Лібіі й якой кіравалі ЗША, спыняе сваю місію. Перадача кантролю над апэрацыяй ад Вашынгтона да Брусэлю можа заняць некалькі дзён.

NATO будзе дзейнічаць у рамках тых жа правілаў, што й міжнародная кааліцыя. Нязьменнай застаецца й мэта апэрацыі. Гаворыць генэральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн.

А. Фог Расмусэн: Наша мэта – гэта абарона мірных жыхароў і тэрыторыі, дзе жывуць грамадзянскія асобы, ад нападаў рэжыму Кадафі. NATO будзе выконваць усе рэкамэндацыі ААН – ні больш, ні менш. Гэта значны крок, які пацьвердзіў магчымасьць Пакту да рашучых дзеяньняў. З мэтаю абароны лібійскага народу мы будзем супрацоўнчаць зь міжнароднымі й рэгіянальнымі партнэрамі. 

Тэрміны апэрацыі NАТО пакуль невядомыя, аднак раней прадстаўнікі альянсу заяўлялі, што апэрацыя супраць палкоўніка Муамара Кадафі працягнецца 90 дзён. Галоўнакамандуючым апэрацыяй у Лібіі стаў канадзкі генэрал-лейтэнант Шарль Бушар.

Польшча да вайсковай апэрацыі ў Лібіі не далучылася. Паводле прэзыдэнта Браніслава Камароўскага, польскія жаўнеры ўжо ўдзельнічаюць у двух місіях: на Балканах і ў Афганістане. Аднак няўдзел у выйсковай апэрацыі не азначае, што Польшча застанецца па-за дзеяньнямі Паўночна-атлянтычнага саюзу. Варшава накіруе ў Паўночную Афрыку місію з гуманітарнай дапамогай. 

Б. Камароўскі: Нагадаю, што нядаўна я падпісаў рашэньне пра высланьне польскага вайсковага карабля ў раён Міжземнага мора. У самой апэрацыі ў Лібіі ён ня ўдзельнічае, але яго заданьне – гэта таксама частка пляну NATO.

Прэс-сакратар лібійскага ўраду Муса Ібрагім назваў дзеяньні NATO немаральнымі й абвінаваціў альянс у парушэньні міжнароднага заканадаўства.

М. Ібрагім: Ужо зразумела, што Захад і NATO адкрыта перайшлі на бок паўстанцаў у гэтым унутраным, грамадзянскім канфлікце. Гэта супярэчыць міжнароднаму праву. Гэта не было дамоўлена на ўзроўні Рады Бясьпекі ААН. Гэта немаральна.

Лібійскія паўстанцы, тым часам, захапілі родны горад Муамара Кадафі Сірт, разьмешчаны ў 600 км на ўсход ад сталіцы краіны Трыпалі. Такім чынам, пад кантролем мяцежнікаў апынуліся Бін Джавад, Рос-Лануф, Эль-Агейла, Брэг і Адждабія.

Паўстанцы з энтузіязмам распавядаюць, як сілы дыктатара здаюць пазыцыю за пазыцыяй.

Паўстанец: Салдаты Кадафі проста ўцякаюць. Мы нават ня можам зь імі сутыкнуцца, каб даць адпор. Яны так хутка ўцякаюць, што нават губляюць зброю, вопратку, харчаваньне. Мы ўсё гэта за імі зьбіраем.

Паўстанцы заявілі пра намер у самы бліжэйшы час аднавіць пастаўкі нафты з краіны. Сваім пасярэднікам у зьдзелках мяцежнікі выбралі Катар, зь якім ужо заключаны ўсе неабходныя пагадненьні.

Самога Муамара Кадафі лібійцы не бачылі ўжо цэлы тыдзень. Апошні раз ён выступаў перад натоўпам у аўторак, 22 сакавіка. На днях дзяржаўнае тэлебачаньне паказала па экранах белы аўтамабіль дыктатара, акружаны сотнямі яго прыхільнікаў. СМІ заявілі, што Кадафі па-ранейшаму знаходзіцца ў краіне, аднак самога палкоўніка на экране так і не паказалі.

дг