• Аб’яўлены збор сродкаў для дапамогі звольненай настаўніцы
  • Audio3.2 MB
  • 29.03.2011

Грамадзкія актывісты са Слуцку й Салігорску распачынаюць збор сродкаў у падтрымку настаўніцы гісторыі Натальлі Ільініч з вёскі Талька, якая была пазбаўленая працы за тое, што на мінулых выбарах зьбірала подпісы за Рыгора Кастусёва. 

Неўзабаве пасьля выбараў ў доме Натальлі Ільініч адбыўся ператрус. Тады дырэктарка талькаўскай сярэдняй школы Натальля Меркуль, якая папрацавала на пасадзе ўсяго 4 месяцы,  раптоўна вырашыла не працягваць кантракт з настаўніцай вышэйшай катэгорыі, якая працавала ў школе 26 гадоў.

Пухавіцкі раённы суд не абараніў Натальлю Ільініч, нягледзячы на тое, што супраць яе звальненьня выступалі калегі, вучні, бацькі й нават афіцыйны прафсаюз. З агады сваёй працы настаўніца арганізавала ў сваёй школе краязнаўчы гурток, стварыла сайт talka.info, рэгулярна запрашала ў Тальку беларускіх артыстаў. Натальлю Ільініч вельмі любяць і шануюць у вёсцы – кажа салігорская журналістка Ларыса Насановіч.

Л. Насановіч: У Тальцы Натальля Ільініч сапраўды была як сьвятло ў ваконцы: дзякуючы ёй школа стала вядомая на ўсю краіну. На яе маліліся як бацькі, так і вучні. Дзякуючы спадарыні Натальлі яны ня чулі сябе правінцыяламі, іх дзеці паступалі ў ВНУ. І вось цяпер такіх людзей, як спадарыня Натальля, выкідваюць за борт!

Некалькі дзён таму Натальля Ільініч падала касацыйную скаргу на рэшэньне Пухавіцкага раённага суда. Яна ўсё яшчэ спадзяецца, што яе адновяць на працы. Між тым, настаўніца, якая мае дачку-студэнтку,  не працуе больш за 2 месяцы. Дагэтуль сям’я жыве за кошт грошай, якія былі выплачаныя пры звальненьні, кажа Натальля Ільініч.

Н. Ільініч: Я атрымала кампэнсацыю за тое, што мяне своечасова не папярэдзілі аб звальненьні. Таксама я атрымала заробак за студзень. У мяне ёсьць карова, я прадаю малако, тварог. Вось за гэтыя сродкі й жывем.

 Аднак гэтыя грошы хутка скончацца, а пэрспэктывы працаўладкаваньня ў звольненай настаўніцы невясёлыя. Хутчэй за ўсё, як кажа сама Натальля Ільініч, яна пойдзе працаваць прыбіральшчыцай. Грамадзкія актывісты са Слуцку й Салігорску распачынаюць збор сродкаў у падтрымку настаўніцы. Адгукаюцца шмат людзей – кажа  журналістка і грамадзкі дзеяч Ларыса Насановіч.

Л. Насановіч: Людзі адгукаюцца, бо адчуваюць, што такая бяда можа прыйсьці ў дом да кожнага. У Беларусі перасьледуюць прафэсіяналаў сваёй справы – гэта самае страшнае! Натальля Ільініч толькі адна з многіх. У нас вельмі шмат выпалдкаў, калі здымаюць з пасады альбо звальняюць не людзей з нізкім прафэсыйным узроўнем альбо амаральнымі паводзінамі, а менавіта прафэсіяналаў з высокім пачуцьцём сваёй годнасьці. Людзям проста становіцца страшна: што чакае іх дзяцей, іх саміх у недалёкай будучыні?

Грошы спадарыні Натальлі можна выслаць паштовым пераводам на адрас:

вёска Талька Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці,

вуліца Васільева 18,

паштовы код 222 813.

Адрасат: Ільініч Натальля Валянцінаўна

Як зазначыла сама спадарыня Натальля, грошы ад грамадзкай дапамогі пойдуць ня толькі на дапамогу сям’і, а перадусім на падрыхтоўку другога выданьня яе краязнаўчай кнігі “Талька й навакольлі”. Настаўніца можа займацца кнігай толькі дзякуючы гэтай дапамозе – кажа Натальля Ільініч.

Аляксандар Папко