• Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Барацьба ”
  • 31.03.2011

 Гэты ворган Беларускага народнага фронту выдаваўся ў Нямеччыне, у Штутгарце з 1955 па 1979 год. За гэты час выйшла 88 нумароў. На яго старонках зьмяшчалася інфармацыя пра нарады вызвольных арганізацыяў, на якіх абмяркоўвалася барацьба з расейскім бальшавізмам.

Апрача асноўнага палітычна-грамадзкага накірунку, на старонках „Барацьбы” закраналіся таксама пытаньні гісторыі беларускага народу ды ягонай мовы.

 У 4 (27) нумары часопіса за 1958 год зьмешчаны артыкул Ю. Папко пад загалоўкам Беларускі народ – аснова Вялікага Княства Літоўскага. Аўтар стараўся знайсьці адказ на падвойнае пытаньне: адкуль прыйшлі продкі беларусаў на сёньняшнюю этнаграфічную зямлю ды хто быў першым яе гаспадаром. Праўда, канкрэтнага адказу на гэтыя пытаньні ў артыкуле Ю. Папко не знаходзім, а толькі сьцьвярджэньні аўтара, што ў выніку напластаваньня элемэнтаў розных плямёнаў узьнік народ з уласнымі асаблівасьцямі, якія адрозьніваюць яго ад суседзяў. Гэтыя адрозьненьні назіраюцца ў мове, у характары, у жыцьці, ды ў розных абрадах.

 "Калі мы возьмем пад увагу калісьняе жыцьцё нашага народу ў той час, як ён быў народам дзяржаўным – адзначае Ю. Папко на старонках часапіса „Барацьба” - ды параўняем ягоны ўзровень разьвіцьця з пазьнейшым заняпадам і доўгавяковай акупацыяй нашага краю чужынцамі, а ў першую чаргу маскалямі, дык можна сьмела сказаць, што беларуская мова была супольнаю моваю ўсіх нашых калісьніх плямёнаў, якая натуральнаю дарогаю прайшла ступень свайго разьвіцьця. Характэрна, што пазьнейшыя налёты чужых моваў на нашых ускраінах не змаглі пераіначыць аснову беларускае мовы" (тамсама).

 У далейшай частцы артыкула аўтар прыгадаў пра помнікі пісьменства, такія як: смаленскія тарговыя дагаворы, зробленыя амаль тысячу гадоў таму, якія сваёю мудрасьцю не ўступаюць і сёньняшнім дамовам, ці Літоўскую Мэтрыку, Статут Вялікага Княства Літоўскага, якім ужо больш за 400 гадоў. Да гэтага трэба дадаць яшчэ мастацтва й архітэктуру.

 "Ведаючы нашу слаўную мінуўшчыну, робіцца сьмешна й крыўдна; калі "навукоўцы", асабліва расейцы, турбуюцца даказаць, што беларускія землі ўваходзілі ў Вялікае Княства Літоўскае". Народ, маючы такую высокую на тыя часы культуру і людзкую перавагу, ня мог "уваходзіць" у дзяржаву маленькага, на ніскім культурным узроўні жмудзкага народу (сучасная Літувія – Літва). Сьмешна ёсьць даказваць, што жмудзякі перамаглі наш народ, а пасьля былі  адсунутыя нашым народам аж да мора. Жмудзкія княствы ўліліся ў наш арганізм і прынялі актыўны ўдзел, як грамадзяне, у тварэньні нашае дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. Многа стагодзьдзяў пасьля перанялі гэты назоў як свой нацыянальны, аб гэтым спрачацца няма патрэбы, бо так гаворыць гісторыя даўнейшых і цяперашніх часоў". (тамсама) 

 Пісанае права - Статут ВКЛ быў заснаваны на звычаёвым праве беларускага народу. Таксама беларуская мова выконвала ролю мовы дзяржаўнай.

 "Толькі тыя, якія баяцца адраджэньня вялікага беларускага духа і беларускай дзяржавы могуць "даказываць", што ВКЛ было чужою дзяржаваю, а наш народ быў ёю паняволены" (тамсама) – напісаў аўтар публікацыі паз назовам Беларускі народ - аснова ВКЛ, зьмешчанай на старонках 4 (27) нумару „Барацьбы” за 1958 год – воргану Беларускага вызвольнага фронту, які выдаваўся ў Штутгарце.

Ніна Баршчэўская