31 сакавіка на канфэрэнцыі ў Брусэлі будзе дадзены старт праграме East Invest - новаму рэгіянальнаму інвэстыцыйнаму праекту, створанаму для разьвіцьця эканомікі рэгіёну краін Усходняга партнэрства.
Камэнтуючы гэтую падзею, эўрапейскі камісар па пашырэньні й эўрапейскай палітыцы суседзтва Штэфан Фюле сказаў, што праграма «будзе падтрымліваць эканамічныя трансфармацыі краін-удзельніц Усходняга партнэрства на шляху іх эканамічнай інтэграцыі ў ЭЗ».
Галоўная мэта ініцыятывы - падтрымка эканамічнага разьвіцьця й паляпшэньне ўмоваў дзейнасьці малых і сярэдніх прадпрыемстваў краін-удзельніц партнэрства, а таксама наладжваньне сувязяў паміж дзяржаўнымі й прыватнымі арганізацыямі ЭЗ і рэгіёну дзяржаў Усходняга партнэрства.
Бюджэт праекта - 8,75 млн. эўра. Удзельнікамі гэтай праграмы стануць краіны-ўдзельніцы Ўсходняга партнэрства: Азэрбайджан, Беларусь, Грузія, Армэнія, Малдова і Ўкраіна.
У Брусэлі адбылася нефармальная каардынацыйная сустрэча міжнародных донараў, накіраваная на павелічэньне дапамогі насельніцтву Беларусі.
У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці й міжнародных донарскіх інстытутаў - Эўракамісіі, дзяржаў-чальцоў ЭЗ, ААН, Рады Эўропы, Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця, МВФ, Сусьветнага банка й іншых устаноў.
Нагадаем, што ў адказ на рэпрэсіі, распачатыя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня, Эўрапейская камісія абвясьціла аб чатырохразовым павелічэньні дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці - з 4 мільёнаў да 15,6 мільёнаў эўра на бліжэйшыя тры гады.
Агулам на лютаўскай донарскай канфэрэнцыі міжнародныя арганізацыі абвясьцілі аб гатоўнсьці выдзяліць беларускай грамадзянскай супольнасьці 87 млн. эўра.
Сродкі павінны пайсьці на дапамогу грамадзянскай супольнасьці, Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту ў выгнаньні й беларускім студэнтам.
Жорсткія штрафныя санкцыі ў дачыненьні да парушальнікаў фінансавай дысцыпліны, павышэньне канкурэнтаздольнасьці й пастаянны стабілізацыйны фонд павінны абараніць эўра ва ўмовах крызысу. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі прайшоўшага ў Брусэлі саміту ЭЗ, якія прынялі пакет мер у мэтах забесьпячэньня стабільнасьці агульнаэўрапейскай валюты.
Цяпер парушальнікі будуць пакараныя ня толькі тады, калі штогадовы прырост дзяржзапазычанасьці будзе большым за 3 % ад ВУП, але й пры агульнай суме запазычанасьці, якая перавышае 60% ВУП. Акрамя таго, краіны эўразоны будуць цяпер шчыльна кансультаваць сваю палітыку ў сацыяльнай сфэры, падаткаабкладаньні й падрыхтоўцы бюджэтаў. Гэтыя меры павінны павялічыць канкурэнтаздольнасьць і забясьпечыць абарону эўра ў крызысных сытуацыях.
Прагрэс новых тэхналёгій усё часьцей ставіць пытаньне, ці можна перанесьці выбарчы працэс у інтэрнэт.
На мінулым тыдні дэпутаты Эўрапарлямэнта гаварылі аб тым, ці можа «электроннае галасаваньне» павысіць ўдзел моладзі ў выбарах. Калі прагаласаваць за сваю партыю можна будзе паміж праглядам YouTube або размовамі ў Facebook, маладыя людзі будуць больш актыўнымі ў выбарчым працэсе, лічаць некаторыя дэпутаты.
У якасьці прыкладу яны прыводзяць Эстонію. Тут электроннае галасаваньне ўвялі ў 2005 годзе. Тады ім скарысталіся 2% грамадзян. Праз два гады гэтая лічба склала 5,4%, у 2009 - 15%, у гэтым годзе - 24,3%.
Перашкодай для ўвядзеньня інтэрнэт-галасаваньня ва ўсёй Эўропе зьяўляецца небясьпека хакерскіх атак. Аднак, зь іншага боку, прыхільнікі такога кроку зьвяртаюць увагу, што гэты фактар не ўплывае на забарону, напрыклад, электроннага гандлю, адукацыі ды нават інтэрнэт-кіраваньня.
Экспэрты лічаць, што электроннае галасаваньне можа быць уведзенае ў ЭЗ празь некалькі гадоў.
60% грамадзян ЭЗ сьцьвярджаюць, што гатовыя заплаціць больш за машыну, якая выдзяляе менш шкодных выкідаў у атмасфэру. Пра гэта сьведчаць дадзеныя Эўрабаромэтра (сацыялягічная служба ЭЗ), апублікаваныя на бягучым тыдні.
Паводле дадзеных дасьледаваньня, 66% эўрапейцаў гатовыя купіць больш кампактную, але й больш чыстую машыну. 62% аддадуць перавагу экалягічна чыстай машыне.
Вынікі дасьледаваньня зьяўляюцца «вялікім імпульсам для ЭЗ у імкненьні да разьвіцьця транспарту, гарманічнага з навакольным асяродзьдзем”, так пракамэнтаваў дасьледаваньне камісар па транспарце Эз Сім Калас.
дг