• Запрашаем у Польшчу: Вадавіцэ
  • 01.04.2011

1 траўня бягучага году ў Ватыкане пройдзе цырымонія бэатыфікацыі Папы Рымскага Яна Паўла Другога. Сёньня ў рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” дазвольце распавесьці пра родны горад пантыфіка. Нарадзіўся Караль Вайтыла (будучы Папа) 18 траўня 1920 году ў гарадку Вадавіцэ – сёньня гэта цэнтар павету Малапольскага ваяводзтва, у 50 кілямэтрах ад Кракава.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах горад узгадваецца ў 1325 годзе, у 1430 годзе ён атрымаў Кульмскае права на моцы дакумэнту князя Казіміра. Цікава тое, што наданьне Вадавіцэ Кульмскага права ў гэтым рэгіёне Польшчы было надзвычай рэдкім, паколькі яно надавалася ў асноўным гарадам Прусіі й Памэраніі. Гісторыкі мяркуюць, што такім чынам князь хацеў даць штуршок да актыўнасьці насельніцтва, паколькі Кульмскае права было больш элястычным і давала шырэйшыя правы, чым Магдэбурскае. Так, паводле Кульмскага права жыхары цягам шасьці гадоў не плацілі падаткі князю, а таксама атрымалі неабмежаваны дазвол на вырубку лесу й лоўлю рыбы ў мясцовых вадаёмах па серадах і пятніцах. Акрамя таго, жыхары Вадавіцэ маглі праводзіць без аплатаў і падаткаў кірмаш у горадзе ды атрымалі гэтак званае права адной мілі. Гэта азначае, што ў радыюсе адной мілі ад гораду Вадавіцэ атрымалі манаполію на гаспадарчую дзейнасьць, напрыклад, карчмы ды заезды маглі быць уласнасьцю выключна гораду альбо гараджан. У сувязі з гэтым Вадавіцэ сталіся цэнтрам рамяства й купецтва, і з таго моманту наступіла паступовае разьвіцьцё гораду. У часы падзелаў Польшчы Вадавіцэ ўвайшлі ў склад Аўстра-Вугорскай імпэрыі. Падчас Другой сусьветнай вайны Вадавіцэ былі ўключаны ў склад Трэцяга Рэйху.

Але найбольш горад вядомы як малая радзіма Караля Вайтылы – Папы Рымскага Яна Паўла Другога. Тут захаваўся родны дом Вайтылаў, ды ўвогуле ў горадзе шмат помнікаў гісторыі ды архітэктуры. А сам Папа, будучы зь візытам у Польшчы ў 1999 годзе, праславіў пэўнае вадавіцкае пірожанае. Выступаючы перад вернікамі, ён узгадаў дзяцінства, калі пасьля школы ён разам зь сябрамі хадзілі ў кандытарскую па ласункі, дзе куплялі “Напалеон”. З таго часу пірожанае “Напалеон” зрабіла імклівую кар’еру ў Польшчы. Так што запрашаем у Вадавіцэ пахадзіць па горадзе, пазнаёміцца зь ім, а ў мясцовай кавярні пачаставацца “папскім” пірожаным.

вс