• Няма дзьвюх дзяржаваў, у якіх быў бы адзін погляд на мінулае
  • Audio5.6 MB
  • 01.04.2011

Пагутарым пра падыход летувісаў да сваіх суседзяў: палякаў, беларусаў, латышоў і расейцаў. Ці можна казаць пра стэрэатыпы, і якія яны? Які народ летувісы лічаць найбольш блізкім?

Р. Камунтавічус: Зразумела, што найбліжэйшы народ – гэта латышы, бо ў нас агульная культура, падобная мова, хаця мы не разумеем адзін аднаго. Але ў нас вельмі кароткая супольная гісторыя, і таму ў маёй ацэнцы кантакты з латышамі ў нас зводзяцца да мінімуму. Намнога больш у нас кантактаў з палякамі. У нас вельмі доўгая супольная гісторыя. Нашая эліта яшчэ сто гадоў таму ў большасьці гаварыла па-польску. Але, з другога боку, у нас вялікі антаганізм да палякаў, таму што ў міжваенны пэрыяд у нас быў канфлікт за Вільню, і гэты факт вельмі моцна паўплываў на нашы сёньняшнія ўзаемадачыненьні. Таму стэрэатыпы пра палякаў вельмі адмоўныя.

А беларусы, зь якімі летувіскі народ мае багатую супольную гісторыю?

Р. Камунтавічус: Да беларусаў мы ставімся больш нэйтральна. Гэта таму, што ў нашай гістарычнай памяці беларусаў амаль не было. Калі паглядзець у нашыя падручнікі па гісторыі сярэдніх школ і ва ўнівэрсытэтах, то беларусаў намнога менш, чым палякаў. Карацей – беларусы ўспрымаюцца нэйтральна, палякі – вельмі адмоўна, латышы таксама нэйтральна. У выпадку Расеі – гэта цікава – хаця мы былі вельмі доўга пад расейскай акупацыяй, амаль 200 гадоў, за выключэньнем міжваеннага пэрыяду, але расейская культура, мова не ўспрымаюцца настолькі адмоўна, як польская мова й польская культура. Мне падаецца, што ў Коўне і ў Вільні лепш зь мясцовымі гаварыць па расейску, чым па-польску.

Скажыце, чым палякі заслужылі  такую антыпатыю ў летувісаў?

Р. Камунтавічус: Гэта ідзе ад міжваеннага пэрыяду. Канфлікт за Вільню зрабіў з палякаў найгоршага ворага Летувы. І гэты вобраз дрэннага паляка быў замацаваны ў нашых падручніках, у нашай гістарычная памяці. Цэлая эліта ў міжваенны час працавала над гэтым адмоўным уяўленнем паляка. І гэты вобраз умацоўваўся ў савецкі час. Расейцы хацелі, каб мы былі па іх баку, а не з палякамі.

З пункту гледжаньня беларусаў і тых, хто крыху разьбіраецца ў гісторыі, узьнікае ўражаньне, што летувісы поўнасьцю прысабечылі Вялікае Княства Літоўскае, прычым зрабілі гэта вынікова, таму што калі ў мінулым годзе гучна сьвяткавалі 600-годзьдзе бітвы пад Грунвальдам, зь вялікай павагай прымалася дэлегацыя Летувы, у сваю чаргу пра беларусаў ніхто й нязгадваў. Чаму гэтак адбываецца?

Р. Камунтавічус: Гэта таму, што летувісы вельмі многа прыклалі намаганьняў дзеля таго, каб вось такую ведалі гісторыю ня толькі ў Летуве, але па ўсёй Эўропе. Беларусы, на жаль, не стварылі сваёй дзяржавы ў міжваенны час, а пасьля 90-х гадоў яны не былі настолькі магутныя, каб стварыць свой вобраз, які быў бы ў роўнай меры пасьпяховы, як летувіскі. Ні летувіскі, ні беларускі варыянт падыходу да ВКЛ ня ёсьць справядлівы. Аб’ектыўна кажучы, кожны стварыў свой варыянт ВКЛ, ці бітвы пад Грунвальдам. Але гэта зусім натуральна, так мусіць быць у Цэнтральнай Эўропе.

Але чаму гэтак адбываецца? Як тлумачыць такі падыход да супольнай мінуўшчыны, такое ўзаемнае вышарпываньне яе?

Р. Камунтавічус: Кожны  народ, кожная дзяржава мусіць мець свой варыянт сваёй гісторыі. Усе маюць: французы, немцы, палякі. У Цэнтральнай Эўропе вельмі шмат супольнага мінулага. І калі адна дзяржава стварае свой варыянт мінулага, то ён застаецца ў пэўнай супярэчнасьці з варыянтам мінуўшыны суседа. Гэтак адбываецца ва ўсім сьвеце. Няма дзьвюх дзяржаваў, у якіх была б агульная гісторыя – адзін погляд на мінулае. Няма.

Пытаньне Статутаў ВКЛ. Паводле беларусаў, яны напісаныя на старабеларускай мове, летувісы трактуюць Статуты таксама як свае.

Р. Камунтавічус: Так. Гэта таксама старая дыскусія зь міжваеннага пэрыяду: што рабіць з мовай Статутаў і наогул са славянскай мовай ВКЛ? Летувісы ў выніку шырокай дыскусіі вырашылі, што гэта не была старабеларуская мова, а славянская канцылярская мова: не польская, не беларуская, а канцылярская славянская. Па-мойму, гэта было палітычнае  рашэньне. 

Абагульняючы, летувісы крыху маніпулююць гісторыяй?

Р. Камунтавічус: Дакладна як беларусы, палякі, французы й немцы са сваёй гісторыяй. Калі летувіс чытае гісторыю, напісаную беларусамі, кажа, што яны маніпулююць, а калі беларус чытае летувіскую – кажа, што маніпулююць летувісы. Таксама з палякамі. Трэба нарэшце прызнаць, што няма аб’ектыўнай гісторыі.


Летувіскі гісторык Руштціс Камунтавічус зазначае, што з павагай трэба адносіцца да гісторыі суседзяў, бо кожны народ мае права на сваю інтэрпрэтацыю мінулага. Гісторык прыгадвае, што 20-25 гадоў таму ствараліся круглыя сталы францускіх і нямецкіх, нямецкіх і польскіх, польскіх і летувіскіх гісторыкаў, якія імкнуліся стварыць аб’ектыўную гісторыю дзеля выкладаньня ў школах. Але вынік гэтага такі, што атрымаўся яшчэ адзін варыянт гісторыі.  Таму галоўнае – гэта навучыць талерантнасьці для іншых падыходаў.

Гутарыла Я. Сьмялоўская