• У Варшаве прэзэнтавалі Тэатар для немаўлят
  • 06.04.2011

Міжнародны фэстываль экспэрымэнтальных тэатраў адкрыецца 21 красавіка на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі плястычным спэктаклем "Фантом Прыдом". Яго прадставяць артысты зь Германіі.

На працягу тыдня на розных пляцоўках горада свае пастаноўкі таксама пакажуць трупы з Польшчы, Чэхіі, ЗША, Расіі, Беларусі. Яны будуць выступаць у Новым драматычным тэатры, Палацы культуры вэтэранаў, ДК культуры й спорту чыгуначнікаў.

Агулам у Менск прыедуць 18 калектываў зь дзевяці краін. Галоўная мэта фэстывалю – папулярызацыя сучаснага мастацтва, абмен досьведам і павышэньне прафэсійнага майстэрства. У рамках фэстывалю адбудуцца навукова-практычная канфэрэнцыя, майстар-клясы, дыскусіі.

Галерэя TUT.BY адкрывае новую выставу фотамастака Сяргея Брушко «Аскепкі зь дзёньніка». Вэрнісаж адбудзецца 7 красавіка 2011 году ў 18.00 па адрасе: В. Харужай, 1а, 6 паверх.

Сяргей Брушко вядомы як фатограф-дакумэнталіст. Многія знаўцы фотамастацтва ставяць яго ў адзін шэраг зь вялікім майстрам рэпартажнага жанру Анры Карцье-Брэсонам. Але яго далікатныя й сапраўды лірычныя фотаработы вядомыя толькі адзінкам, бо большую частку працаў, прадстаўленых на экспазыцыі, ніхто ня бачыў.

Выстава «Аскепкі зь дзёньніка» не закранае вострай сацыяльнай і  палітычнай праблематыкі, у якой быў моцны Сяргей Брушко. Гэта іншы бок майстра – яго погляд на штодзённасьць беларускага жыцьця 80-х гадоў, на будзённасьці, каштоўнасьць й прыгажосьць, якія часьцяком застаюцца нікім не заўважанымі.

Гэта нават не выстава, а амаль інтымны дзёньнік чалавека, у якім простымі словамі распавядаецца пра любоў да роднай хаты, прыгажосьць жанчын, прыроду, дзяцінства й пра многае іншае, што прыўносіла яркія фарбы ў жыцьцё й працы аўтара.

Выставу можна паглядзець да 6 траўня (панядзелак – пятніца, 9.00-18.00.) Уваход вольны.

Падчас Варшаўскіх тэатральных сустрэчаў, якія на выходныя адчыніліся ў польскай сталіцы, быў прэзэнтаваны Тэатар для немаўлят. У рэпэртуры для саміх маленькіх гледачоў апынуліся наступныя спэктаклі: «Слон Тромбібомбі», «Под-гжыбэк», «Пан Сацье», «Аліса па другім баку люстэрка». Падрыхтоўкай спэктакляў займалася Аліцыя Мараўска-Рубчак, адзіны ў Польшчы адмысловец па дзіцячым тэатры.

Спэктаклі могуць наведваць дзеці ад ... 0 да 4 гадоў. Пастаноўкі для самых маленькіх падрыхтавалі артысты з Познані. Гэта ня проста спэктаклі, у інсцэніроўках могуць прымаць удзел і самі гледачы. У Заходняй Эўропе тэатры для немаўлят вельмі распаўсюджаныя й карыстаюцца посьпехам у дзяцей.

Імпрэза адбываецца пад патранажам Генрыкі Кшыванос-Стрыхарскай, жанчыны 20 ст., легендарнай актывісткі руху «Салідарнасьць».

Варшаўскія тэатральныя сустрэчы, у тым ліку й для немаўлят, будуць працягвацца два тыдні.

Працягваюцца працы над рэканструкцыяй Варшавы паводле дакумэнтаў з 1935 году. Карцінка – здымкі й фільм – ствараюцца ў тэхналёгіі 3D. У 30-х гадах Варшаву называлі Паўночным Парыжам. Стваральнікі фільму абяцаюць, што змогуць вярнуць, прынамсі ў фільме, клімат і магію тагачаснай сталіцы.

У другой палове 30-х Варшава імкліва разьвівалася. Гэта быў горад глямуру й снабізму.

Каб стварыць 1 сэкунду фільму аўтары мусяць працаваць цэлы тыдзень. У фільме будзе прадстаўленая ня толькі архітэктура, але й людзі. Прэм'ера фільму «Варшава 1935» адбудзецца, хутчэй за ўсё, у ліпені.

Архітэктурную прэмію Прыцкера ў гэтым годзе атрымаў партугалец Эдуарда Саута дэ Моўра за “аўтарскую інтэрпрэтацыю гісторыі краіны, лякальных традыцый і ляндшафту”. Узнагароду Прыцкера частка называюць “архітэктурным Нобэлем”.

Саута дэ Моўра працуе цяпер над праектамі на два конкурсы ў Швайцарыі, стадыён і музэй у Лазане, а таксама завяршае праект лябараторыі ў Базэлі, крэматорый у Бэльгіі, двухпавярховы будынак у Бардо, станцыю мэтро ў Нэапалі.

Ён выкладае ў архітэктурных вучэльнях у родным Порту й Лазане. Яго працы можна пабачыць у Партугаліі, Італіі, Нямеччыне, Швайцарыі, Вялікабрытаніі, Бэльгіі й Гішпаніі.

Узнагарода Прыцкера заснаваная ў 1979 годзе. Яе штогод уручаюць архітэктарам, якія сваім мастацтвам і талентам упрыгожваюць навакольны сьвет чалавека. Ганаровы мэдальён і чэк на 100 тыс. даляраў Эдуарда Саута дэ Моўра атрымае 2 чэрвеня падчас цырымоніі ў Вашынгтоне.

дг