• Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Беларускае Слова”
  • 07.04.2011

 У 13 нумары „Беларускага Слова” быў зьмешчаны артыкул Н. Северскага пад загалоўкам Да Слова аб палку Ігаравым.

 „Каб зразумець мову, на якой было напісана Слова аб палку Ігаравым, ці ня лепш будзе нам заглянуць у той геаграфічны абшар, які паслужыў пачаткам драматычнага сюжэту цудоўнай паэмы. Гэты абшар называўся Северскай зямлёй, якая шырока разьляглася па абодвух бакох сярэдняга цячэньня Дзясны і часткова ракі Сейму. Разглядаючы гэты абшар з боку яго дыялектолегічных дадзеных, мы знаходзім, што беларуская мова на 85 прац. пераважае над украінскаю.

15 прац. украінізмаў, якія бытуюць зараз у Северскай зямлі, ёсьць вынікам адносна нядаўнай калёнізацыі Северскай зямлі украінцамі. Згодна гістарычных дадзеных, узмоцненая калёнізацыя Северскай зямлі ўкраінцамі пачалася з панаваньня Кацярыны ІІ і спынілася яна толькі на пачатку першае сусьветнае вайны. Яшчэ ў эпоху цараваньня Мікалая ІІ мы бачылі новаствораныя ўкраінскія пасёлкі амаль пад самым Бранскам” (Н. Северскі, Да Слова аб палку Ігаравым, у:  „Беларускае Слова”, № 13, Міхельсдорф, с. 2)

 Затым аўтар прывёў выказваньні пра мову Слова аб палку Ігаравым розных вучоных. Меркаваньнем акадэміка А.С. Арлова, на расейскім захадзе існавалі рысы мовы, уласьцівыя не ўкраінскай, а толькі беларускай. Кандратовіч (1850) назваў Слова аб палку Ігаравым песьняй, напісанай на мове беларускай. П.А. Бяссонаў, выдаючы у 1871 годзе беларускія песьні, сказаў, што ў Слове народна-паэтычныя элемэнты, яўна беларускія, складаюць адну трэцюю частку. У.Н. Перэтц у 1928 годзе прывёў паралелі да асобных выразаў Слова зь беларускіх песьняў. Лічачы Слова помнікам паўдзённа-расейскім, аўтар гісторыі беларускай сярэдневяковай пісьмовасьці Багдановіч (Менск, 1928) сказаў, што ў Слове ўстаўлены два заходне-рускія сказаньні – аб князёх Ізяславе і Ўсяславе Полацкім. Нарэшце П.А. Растаргуеў, лінгвіст дыялектоляг сказаў у дысэртацыі аб паўночна-беларускім дыялекце (Ленінград, 1927), што Слова аб палку Ігаравым напісана ў Северскай беларускай зямлі.

 Цікава яшчэ адзначыць выказваньні А.С. Арлова аб тым, як далёка пашыраўся рух беларускіх заходніх плямёнаў на ўсход:

 „У мінулым Беларусі назіраўся рух заходніх плямёнаў на ўсход, у тыя ж Ноўгарад-Северскія вобласьці. Гэты рух вельмі моцны, вельмі старадаўні. Некаторыя беларускія рысы ідуць так далёка, што мы б маглі іх там не чакаць... Па Волзе ішоў моцны рух беларускіх плямёнаў. Былое Цьверскае княства ў значнай ступені было заселена беларусамі; пранікалі яны і далей. Асобныя беларускія пасёлкі сустракаюцца ў былой Уладзімерскай і былой Ноўгарадзкай губэрнях”. (Тамсама) Беларускія гнёзды сустракаюцца таксама у Разанскай губэрні.
 
Н. Северскі адзначыў, што ён ня мае ніякіх сумненьняў у тым, што Слова аб палку Ігаравым напісана на беларускай мове й натхнялася беларускай народнай паэзіяй на беларускай зямлі.

Абароненая непраходнымі лясамі ад усялякіх зьнешніх уламаньняў Захаду і Ўсходу, карыстаючыся сама воднымі шляхамі для зносінаў як з Візантыяй, так і з Заходняй Эўропай, ахоўваючы свае нацыянальныя традыцыі, Беларусь стварыла сваю ўласную культуру і ўжо ў XІІ веку здольна была даць сьвету такі літаратурны твор, як Слова аб палку Ігаравым” (Тамсама) 

Ніна Баршчэўская