• Голда Мэір – «залаты» прэм'ер-міністр Ізраілю
  • Audio12.37 MB
  • 06.04.2011

 

Голда Мэір нарадзілася ў беднай габрэйскай сям’і ў 1898 годзе. Бацька й маці Голды пазнаёміліся ў Пінску, хаця бацька сам нарадзіўся ў Кіеве. Куды ён і адвёз маці будучай прэм’ер-міністра. Сям’я жыла вельмі бедна. Такія ўмовы прывялі да таго, што першыя чацьвёра дзяцей сям’і Мабовіч памерлі. З часам бацькі Голды, разам з ёй пераехалі ў Пінск, які пакінуў глыбокі сьлед у сьвядомасьці маленькай дзяўчынкі.

Пазьней, яна двойчы хацела наведаць свой родны горад ў 1939 і ў 1949. У 1949 годзе кіраўніцтва СССР адмовіла ёй у візе.

У 1905 годзе калі ў Расеі пачыналіся рэвалюцыйныя бунты, Голда разам з сястрой і маці перабраліся ў ЗША. І там пачалася яе палітычная дзейнасьць, зьвязаная з адраждэньнем Ізраілю.

Голда Мэір пэўны час жыла ў вельмі маленькім памяшканьні зь дзьвюма іншымі дзяўчынамі, якія хварэлі на табэркулёз. Каб вучыцца яна па начах закрывалася ў ваннай і чытала.

Але вернемся да палітычнай дзейнасьці Мэір. Яшчэ маладой дзяўчынай яна стала сябрам руху сацыял-сіяністаў - партыі “Паалей-Ціён” (Працоўныя Сыёну). Мэтай гэтага руху было адбудаваньне дзяржавы Ізраіль на сацыялістычных ідэях. Варта сказаць, што сярод габрэяў было шмат тых, хто прытрымліваўся інтэрнацыяналістычных поглядаў, то бок, ідэі сусьветнай рэвалюцыі, якая б спрыяла зьнікненьню нацыяў, а разам з гэтым і габрэйскага пытаньня. 

 У 1921 годзе Голда Мэір разам са сваім мужам пераехала ў Палестыну ў г. Тэль-Авіў, дзе пасьля заканчэньня Першай Сусьветнай вайны пачалося адбудаваньне габрэйскай дзяржавы. Узгадаю, што Тэль-Авіў (Холм адраджэньня) быў заснаваны ў 1909 годзе групай габрэйскіх пасяленцаў. Доўгі час Голда працавала ў кібуцы (сялянская абшчына, свайго роду камуна) і займалася гадоўлей птушак, потым працавала касіршай, потым ў 1928 годзе пачала працаваць у праўленьні Гістадруту – прафэсійным саюзе габрэйскіх рабочых, які быў камітэтам самакіраваньня габрэяў у Палестыне.

З гэтага пачалася яе грамадзкая й палітычная дзейнасьць ў Палестыне. У 1934 годзе яна стала сябрам камітэту Гістадруту. Гэта быў цяжкі пэрыяд для габрэяў Палестыны, сутыкненьні з арабамі, супраціў брытанскай адміністрацыі ў справе габрэйскай дзяржавы. Голда Мэір у той час займалася зборам сродкаў для розных сацыяльных праектаў у Палестыне й шмат езьдзіла па сьвеце. У час Другой Сусьветнай вайны й пасьля яе заканчэньня, яна намагался пераканаць брытанскае кіраўніцтва ў неабходнасьці памяняць сваю палітыку ў дачыненьні да габрэяў. Брытанцы ў 1939 годзе ўвялі так званую “Белую кнігу”, якая абмяжоўвала лічбу габрэйскіх імігрантаў.

Яна была адной з 24 чалавек, якія падпісалі дэклярацыю незалежнасьці Ізраілю й па сутнасьці лічыцца адной з заснавальніц дзяржавы.
 Пасьля таго, як было абвешчана ўзьнікненьне дзяржавы Ізраіль, Голда Мэір працавала ў Міністэрстве замежных справаў.

 У 1948 годзе яна стала першым амбасадарам у СССР. Там яна прабыла толькі адзін год. Але падчас гэтага візыту яна змагала сустрэцца з савецкімі габрэямі, якія тысячамі зьбіраліся ў маскоўскай сінагозе. У той час афіцыйная савецкая прапаганда, казала аб тым, што Ізраіль быў створаны толькі дзякуючы Сталіну.

Значнай у жыцьці Мэір была размова з жонкай Молатава, Палінай Жамчужнай, якая была габрэйкай. Гэтая размова сталася адной з прычын арышту Жамчужнай.

 Пасьля вяртаньня ў Ізраіль Мэір была прызначана міністрам працы, а ў 1956 годзе стала міністрам замежных справаў. Яна зьмяніла сваё прозьвішча з Мэірсан, на Мэір, што азначае “сьвяціць”. Адным з кірункаў зьнешняй палітыкі было пашырэньне сувязей з афрыканскімі дзяржавамі. Для шмат каго зь іх Ізраіль стаўся галоўным саюзьнікам і партнэрам. Дзякуючы яе актыўнасьці былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны зь Нямеччынай, яна заставалася прыхільніцай нямецкіх рэпарацыяў.

 У 1969 годзе Голда Мэір стала прэм’ер-міністрам Ізраілю. Гэта былі вельмі цяжкія гады. У 1972 г. здарыўся тэрарыстычны акт на Мюнхенскай алімпіядзе, дзе арабскімі баявікамі была забіта спартыўная каманда габрэяў. Потым у  1973 - вайна “Суднага дня” з арабамі.
Падчас калі Мэір кіравала ўрадам, Ізраіль паказаў сьвету, што нішто й ніхто ня можа пагражаць дзяржаве. Але пасьля вайны “Суднага дня” Мэір зыйшла ў дастаўку. Вайскоўцаў і яе абвінавачвалі ў тым ліку, што яны дазволілі арабам атакаваць Ізраіль, хаця Ізраіль мог нанесьці ўдар першым. Але Мэір разумела, што калі б Ізраіль гэта зрабіў, то не атрымаў бы падтрымкі з боку ЗША.

 Голда Мэір памерла ад раку ва ўзросьце 80 гадоў у 1978 годзе.

Павал Усаў

Паслухай эфірны сюжэт