• Запрашаем у Польшчу – лагчынa ракі Нараў
  • 09.04.2011

Сёньня, шаноўныя слухачы, мы хацелі б вам распавесьці пра рэгіён, які называюць польскай Амазоніяй. Размова ідзе пра лагчыну ракі Нараў і Нараўскі нацыянальны парк. Гэта цудоўнае месца для ўсіх, хто хоча адпачыць ад гарадзкога шума ў цішыні ды супакоі, хоча сутыкнуцца з экзотыкай, але ня можа сабе дазволіць наведаць сапраўдную Амазонію.

У гэтым рэгіёне ёсьць усе складнікі для добрага адпачынку. Гэта падрыхтаваныя, але бязьлюдныя й спакойныя турыстычныя сьцежкі. Цікавыя помнікі гісторыі ды рэгіянальная спэцыфіка (ежа, строі, традыцыі), якая шмат якому месьцічу падасца экзотыкай.

Паводле навукоўцаў, прырода ў Нараўскім нацыянальным парку не зьмянілася з часоў адыходу ледавіка. Сама жа Нараў зьяўляецца ўнікальнай ракой, якая стварае шырокі лябірынт-сець рэчышчаў, поймаў, балотных ды мацерыковых біятопаў.

Штогод парк наведваюць 12 тысяч турыстаў, у тым ліку тры тысячы замежнікаў, у асноўным немцаў. Іх прыцягвае сюды адпачынак на лоне прыроды й сець цікавых турыстычных сьцежак: водных, пешых, роварных і дыдактычных. Адна такая сьцежка пачынаецца ў Курове. Гэта кладка, яка вядзе праз прыбрэжны трыснёг, і канчаецца драўлянай панарамнай вежай. Ёсьць іншая цікавая сьцежка, якай пачынаецца ў вёсцы Ванева ды вядзе да Сьліўна. Адметнасьць гэтай сьцежкі палягае на тым, што яна перакрыжоўваецца са старадаўнім гасьцінцам з Кароны ў Літву, які існаваў з 1511-га году. Тут адноўлена старадаўняя паромавая пераправа, якую варта наведаць. Іншая цікавай сьцежка вядзе праз Эўрапейскую вёску буслоў у Пэнтове.

Аматарам гісторыі варта зарэзэрваваць некалькі дзён на наведваньне Архэалягічнага музэю ў Суражу, сярэднявечнага гарадзішча Каралевы Боны, і Тыкіцін – архітэктурную жамчужыну Падляшша. Гэтае мястэчка захавала свой XVII-вечны характар, з рынкам, касьцёлам і сынагогай -- адной з найстарэйшых у Эўропе. Горад адбудоўвае сярэднявечны замак.

Падарожжа па лагчыне Нараву будзе няпоўным без азнаямленьня зь мясцовай кухняй. У вёсцы Енькі варта паспрабаваць сыр уласнай вытворчасьці, у Тыкоціне – стравы габрэйскай кухні, а у Бокінах – фаршыраванага шчупака. Чым не экзотыка!

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч