Увага, кляшчы атакуюць!
Кожны год у Польшчы павялічваецца колькасьць асобаў, што пакутуюць ад хвароб, якія пераносяць кляшчы.
Найбольш захворваньняў адзначаецца ў Вармінска-Мазурскім і Падляскім ваяводзтвах, але апошнім часам экспэртаў непакояць таксама дадзеныя, якія паступаюць з Падпарпацьця, Любліншчыны ды Сьвентакшыскага ваяводзтва.
У 2009 годзе на Падкарпацьці (поўдзень краіны) хваробай Лайма ды іншымі хваробамі, якімі інфэкуюць людзей кляшчы захварэла, амаль 700 чалавек. Сёлета згаданая колькасьць можа павялічыцца ўдвая, - лічыць Шчэпан Ендраль – ваяводзкі санітарны інспэктар з Жэшава.
Шчэпан Ендраль: Гэта, перш за ўсё, вынік таго, што паводле агульных ацэнкаў, ажно 60% папуляцыі кляшчоў на поўдні краіны інфэкаваныя хваробай Лайма й вірусам клешчавога энцэфаліта ды іншых хваробаў.
- заяўляе Шчэпан Ендраль.
Доктар Януш Калішчак, ваяводзкі кансультант па справах эпідэміялёгіі Падкарпацкага ваяводзтва, лічыць, што нельга зьдзіўляцца пагрозе з боку кляшчоў.
Януш Калішчак: Гэта хучтйэ за ўсё выкліканае зьявай, якая была апісаная яшчэ за часаў старажытнага навукоўцы Лінэя - Natura abhorret vacuum, што значыць –прырода ня церпіць пустаты. На месцы высяцьненых хваробаў узьнікаюць новыя, якія знаходзяць носьбітаў, напрыклад, у выглядзе кляшчоў.
- лічыць доктар Януш Калішчак.
Ваяводзкія санітарна-эпідэміялягічныя службы ў Жэшаве пачалі адукацыйную праграму ў гімназіях і сярэдніх школах пад назовам „Клешч малы ці вялікі - гэта нічога добрага”.
Сланцавы газ можа быць спараўднай пагрозай для клімату?
Сланцавы газ можа быць спараўднай пагрозай для клімату. Так лічаць амэрыканскія экспэрты, якія намерваюцца апублікаваць у навуковай прэсе адмысловы артыкул па гэтаму пытаньню.
Рэсурсы сланцавага газу знаходзяцца на тэрыторыі многіх краінаў: ЗША, Канады, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Кітая ды некалькіх эўрапейскіх краінаў, у тым ліку Польшчы.
Паводле прыхільнікаў згаданага паліва, сланцавы газ зьяўляецца шанцам для многіх краінаў, калі гаворка ідзе пра энэргетычную бясьпеку, а таксама пра даволі невялікі выкід вуглякіслага газу пры яго спальваньні.
Тым часам амэрыканскія навукоўцы з Карнэльскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку зьвяртаюць увагу на мэтан – цяплічны газ, якога значныя колькасьці выкідваюцца ў атмасфэру падчас здабычы сланцавага газу. Гэта, паводле экспэртаў, азначае, што сланцавы газ таксама шкодзіць клімату, як прыродны, ды яшчэ больш, чым традыцыйны вугаль.
Гэта першыя настолькі буйныя навуковыя аналізы на згаданую тэму, таму амэрыканскія адмыслоўцы спадзяюцца заўзятых ды працяглых дэбатаў. Іхная праца будзе публікаваная у часопісе „Кліматычныя зьмены” (Climatic Change).
Цікавая знаходка на дне Фінскага заліву
У водах Фінскага заліву група аквалянгістаў знайшла загадкавы стары карабель, які знаходзіцца ў 60 мэтрах пад паверхняй вады і ў адлегласці 20 кілямэтраў на поўдзень ад Хэльсінкі.
Пра месцазнаходжаньне карабля навукоўцы ведалі 8 гадоў, але яны лічылі, што на дне мора ляжаць нецікавыя часткі гандлёвага альбо рыбацкага судна.
Пасьля бліжэйшых аглядаў аказалася, што гэта ваенны ветразёвец з XVIII стагодзьдзя, які стаіць на дне з мачтамі, прычым цалкам нядрэнна захаваўся. На ягонай палубе знаходзіцца нават звон. Па сёньняшні дзень захаваліся таксама 6 з 12 гарматаў. Экспэрты падазраюць, што астатнія магчыма былі выкінутыя ў мора для зьмяншэньня цяжару карабля.
Пакуль невядома, чаму карабель патануў, ані каму прыналежыў. У ацэнцы спэцыялістаў, гэта можа быць судна ваенна-марскіх флётаў, якія тады плавалі па Балтыйскім моры: ангельскага, прускага, расейскага альбо швэдзкага. У марскія музэі згаданых краінаў аквалянгісты даслалі ўжо здымкі й характарыстыку знойдзенага судна.
На Антарктыдзе зьнікаюць пінгвіны
Навукоўцы перасьцерагаюць, што зьмяншаецца папуляцыя пінгвінаў, якія жывуць у заходняй частцы Антарктыды.
Гэта, паводле іх, зьвязана з доступам згаданых жывёлаў да іх любімага корму – антарктычнага крыля.
Пасьля аналізаў дадзеных за 30 апошніх гадоў навукоўцы зрабілі выснову, што папуляцыя пінгвінаў зьмяншаецца з 1986 году. Паводле іх, гэта вынік глябальнага пацяпленьня, якое прычыняецца да павелічэньня колькасьці цюленяў і кітоў, якія харчуюцца любімым кормам пінгвінаў.
Дасьледчыкі прыроды са Злучаных Штатаў Амэрыкі перасьцерагаюць, што хуткае ацяпленьне водаў Антарктыды можа прычыніцца да далейшага зьмяншэньня колькасьці пінгвінаў ды іншых гатункаў мясцовай фаўны.
Падрыхтавала Анна Задрожна
Здымкі: pl.wikipedia.org