• Славутыя асобы польска-беларускага памежжа - Станіслаў Манюшка
  • 15.04.2011

Вяршынямі творчасьці Манюшкі сталі опэры: «Галька» (1858) — пастаўленая спачатку ў Вільні, а потым у Варшаве, і «Страшны двор» (1865), пра якія калісьці прысутны на імпрэзе ў бібліятэцы НАН былы ўжо амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін слушна казаў як пра творы, якія пакладзены ў аснову фармаваньня самасьвядомасьці сучаснай польскай нацыі.

Але ж вытокі натхненьня Манюшкі — у разнастайнай і шматаблічнай культуры народаў Рэчы Паспалітай, польскага й беларускага, літоўскага й ўкраінскага. Звязаны зь Беларусьсю кроўна й па духу, ён і яго спадчына заканамерна прыцягваюць увагу беларусаў і зьяўляюцца прадметамі нашага гонару.

Яшчэ ў пачатку ХІХ стагодзьдзя ў салёнах і залях шыкоўных магнацкіх палацаў, пад дахамі шляхецкіх сядзібаў гучалі пераважна творы італьянскіх, францускіх, нямецкіх музыкаў. За некалькі дзесяцігодзьдзяў на прафэсійнай і хатняй сцэнах сваё годнае месца занялі мэлёдыі роднага краю. І дакладна падзяліць іх на польскія й беларускія — няўдзячная задача.

А з якой сям’і паходзіў герой нашага аповеду? Ці ў яго продкаў таксама былі музычныя таленты?

Кампазытар нарадзіўся ў фальварку Убель Ігуменскага павета Менскай губерніі (сёньняшні Чэрвеньскі раён) у шляхецкай сям’і, дзе бацька, Чэслаў Манюшка, сваяк менскага жывапісца Валенція Ваньковіча, быў добрым графікам, а маці, Альжбета з Маджарскіх, выдатна грала на фартэпіяна. Так пачыналася музычна-мастацкая адукацыя будучага кампазытара: выхаваньне маці, літургіі ў храмах, хатні тэатар у маёнтку роднага дзядзькі Юзэфа, нарэшце, народныя сьпевы, якія ня мог не зафіксаваць слых таленавітага маладзёна. А далей былі заняткі разам з іншай музычнай славутасьцю Беларусі, Фларыянам Міладоўскім, у Менскай гімназіі ў клясе музыканта й пэдагога Дамініка Стафановіча (да 1835 года), затым вучоба ў Вільні і, нарэшце, у рэктара Бэрлінскай пеўчай акадэміі К. Ф. Рунгенхагена. Там Манюшка шліфаваў сваё майстэрства дырыжора й кампазытара да 1840 года.

Першыя пастаноўкі Манюшкі — аднаактныя вадэвілі, «апэрэткі» — нескладаныя, але прыязна ўспрынятыя публікай, якой падабаліся выкарыстаныя ў іх фальклорна-абрадавыя матывы вясельляў, дажынак, зьдзейсьніліся ў Беларусі.

Творчая садружнасьць Манюшкі з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам распачала гісторыю беларускай опэры, бо разам яны падрыхтавалі чатыры апэрэты. І надрукаваная ў 1846 годзе ў Вільні «Ідылія» («Сялянка»), якая ўбачыла сцэну 9 лютага 1852-га ў Менску, а затым у Бабруйску, Слуцку, Нясьвіжы — першы твор, у якім дзеючыя асобы-сяляне загаварылі па-беларуску побач з польскамоўнымі панамі.

Ажаніўшыся ў 1840 годзе з Аляксандрай Мюлер, Манюшка па 1858 год жыў у доме Мюлераў на Нямецкай вуліцы ў Вільні (зараз Вокечу, 26). Зарабляў граньнем на аргане (дарэчы, перавезеным з Полацку) у касцёле св. Яна, а таксама арганізоўваў канцэрты, выкладаў, пісаў новую музыку. Пасьля быў пераезд у Варшаву й трыумф «Галькі», фабула якой — гісторыя ашуканага каханьня горскай дзяўчыны да паніча, на сцэне варшаўскай опэры ў 1858 годзе, і — народная музыка, народная мова — нараджэньне польскай нацыянальнай опэры. Затым — вяршыня «Страшнага двара» (1865), опэры хутчэй лёгкай і лірычнай па зьмесце, гісторыі каханьня двух братоў, Стэфана і Зьбігнева, што спачатку пакляліся адмовіцца ад цікавасьці да жанчын дзеля служэньня айчыне, да дзьвюх дзяўчат-сёстраў. Але глыбокая арыя Стэфана, у якой ён аплакваў сьмерць маці, успрымалася сымбалічна ў кантэксьце паразы нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 года ў былой Рэчы Паспалітай, дазваляла захопленай публіцы прачытваць прыхаваны зьмест п’есы.

Зрабіўшыся заснавальнікам польскай опэры, ці адыйшоў Манюшка з беларускага далягляду? Пэўна, не.

Імкненьне адштурхоўвацца ў творчасьці ад нацыянальных асноў Манюшка праграмна дэкляраваў у раньнія гады, распачынаючы, сучаснай мовай, праект са шматзначнай назвай «Хатні сьпеўнік».

Апрача амаль дваццаці опэр і апэрэт, трох балетаў, некалькіх кантат і мес ды іншых інструмэнтальных і вакальных твораў, Манюшка стварыў амаль 400 песень. Цыкл «Песьняў прынёманскіх вёсак», што ўвайшоў у «Хатнія сьпеўнікі», — узор яго супрацоўніцтва са старэйшым сучасьнікам, сябрам віленскага студэнцкага таварыства філяматаў, Янам Чачотам, які, захоплены народным фальклёрам, сабраў і выдаў у Вільні 6 зборнікаў народных «Сялянскіх песень» (1837–1846) у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале. Некаторыя тэксты для стварэньня музыкі Манюшка браў з друку, некаторыя па асабістай просьбе кампазытару даслаў у 1844 годзе сам Ян Чачот. Так, па словах выдатнага сьпевака й дасьледчыка Віктара Скарабагатава, Манюшка пераводзіў песьні з фальклёрнага стану ў акадэмічны. Каб потым рытміка й мэлёдыка народнай творчасьці ўвасаблялася ў набытак высокіх музычных жанраў.

ак