• Паліэтыленавы пакет не такі дрэнны для прыроды
  • Audio4.88 MB
  • 15.04.2011

У агульнай сьвядомасьці людзей існуе меркаваньне, што паліэтыленавыя пакеты – гэта зло для навакольнага асяродзьдзя. І ёсьць у гэтым доля праўды. Кожны дзень мноства цэляфанавай упакоўкі трапляе на звалкі і будзе там ляжаць некалькі дзесяткаў, калі не сотняў гадоў.

Аднак барацьба з усімі пакетамі са штучнага рэчыва ня мае сэнсу – кажа Славамір Бжузэк з  Фундацыі „Nasza Ziemia” .

С. Бжузэк: Праблема ня ў тым, які пакет выбраць: са штучнага рэчыва, ці авоську з тканіны. Пытаньне гучыць: выбіраем пакет аднаразовага ці шматразовага выкарыстаньня. Бо тое, што ў выпадку цэляфанавых пакетаў зьяўляецца праблемай, у выпадку саліднага плястыкавага пакета шматразовага карыстаньня становіцца козырам. Гаворка ідзе пра доўгі час распаду рэчыва. Бо калі можам сабе ўявіць пакет, які будзе нам служыць 300 гадоў – то ня знойдзеш іншага, больш экалягічнага.

Эколяг зьвяртае ўвагу, што тыя пакеты, якія нам даюць у крамах, не разьлічаны на выкарыстаньне цягам доўгіх гадоў. Вельмі часта бывае так, што гэты пакет лопае, рвецца ўжо ля касы. А калі не, то й так кліент бярэ пакет у якасьці аднаразовай упакоўкі.

С. Бжузэк: Пераважна жыцьцё пакета працягваецца максімум 30 хвілін – да часу, пакуль дома распакуем нашыя пакупкі. Потым выкідаем іх проста ў сьметніцу. Салідны штучны пакет не наносіць шкоды навакольнаму асяродзьдзю ў большай ступені, чым сумка з тканіны, бо яе таксама трэба вырабіць. Напрыклад, на выраб сеткі з бавоўны патрэбная аграмадная колькасьць вады.

Сетка, вырабленая мэтадамі шкоднымі для навакольнага асяродзьдзя, праігрывае з паліэтыленавым мяшком, - лічыць прадстаўнік экалягічнай арганізацыі „Fundacja Nasza Ziemia”.

С. Бжузэк:  Вытворчасьць цэяфанаванага пакета ў невялікай ступені шкодзіць прыродзе. Калі супаставім вагу й аб’ём, то паліэтыленавыя пакеты выігрываюць. Адзін грузавік транспартуе некалькі сотняў тысяч пакетаў, у той жа час такі ж грузавік забярэ толькі некалькі тысяч баваўняных сетак. Страты навакольнага асяродзьдзя, зьвязаныя з колькасьцю рэйсаў, спаленага паліва, выкідаў газу – гэта чарговая страта.

Пакет, які, напрыклад, атрымаем у краме, у сярэднім выкарыстоўваецца паўторна ня больш як тройчы, таксама й таму, што ён проста даўжэй ня вытрымае. Славамір Бжузэк зазначае, што ўтопіяй было б думаць, што мы зусім ня будзем карыстацца цэляфанавымі пакетамі. Бо ёсьць такія тавары, якіх інакш не запакуем – мяса, рыба, бульба. Пэўным паратункам для прыроды маглі б быць біядэградавальныя (якія распадаюцца ў кампосьце) ці оксідэградавальныя (якія распадаюцца пад уплывам кіслароду) пакеты. Аднак, паводле эколяга, у гэтым выпадку таксама трэба выканаць дадатковыя ўмовы.

С. Бжузэк:  Біядэградавальныя пакеты – гэта спроба зьмяншэньня колькасьці сьмецьця, якое забруджвае прыроду. Яны хутчэй распадаюцца. Галоўным спалучальным чыньнікам  у іх зьяўляецца крухмал. Праблема заключаецца ў тым, што пасьля выкарыстаньня трэба біядэградавальны пакет кінуць у кампост. Энзімы й бактэрыі раскладаюць пакет. Бальшыня людзей аб гэтым ня ведае. Яны думаюць, што можна такі пакет кінуць абы-дзе, і ён проста зьнікне. Гэта ня так. Ня ўсюды ёсьць кампосты, у Варшаве, напрыклад, няма. У крайнім выпадку можна яго выкінуць у звычайнае сьмецьце, паколькі там ёсьць арганічныя рэшткі. Кідаць у сартаванае нельга. Праблема зьмяншаецца, аднак біядэградавальныя пакеты ня вырашаюць справы.

На сёньняшні дзень і ў нашых умовах, калі мы хочам паводзіць сябе экалягічна, мы павінны абмежаваць да мінімуму выкарыстаньне аднаразовых пакетаў – ня браць іх у краме, калі няма такой неабходнасьці, а ідучы за пакупкамі – узяць з сабою шматразовую сетку.

А паліэтыленавыя пакеты можна й трэба выкідаць у кантэйнэры для сартаванага сьмецьця, завязаныя ў вузел, каб вецер іх не разносіў. Цэляфанавыя пакеты – гэта дасканалая крыніца энэргіі. Яны ж вырабляюцца з нафты. На энэргіі скумуляванай у адным паліэтыленавым пакеце аўтамабіль мог бы праехаць 160 мэтраў – 10 пакетаў і ёсьць энэргія на адзін кілямэтар.  

Паводле Фундацыі „Nasza Ziemia”, за апошнія паўтары году выкарыстаньне аднаразовых пакетаў у Польшчы зьменшылася на 20%. Гэта вынік грамадзкай акцыі „СТОП пакетам”.

Яланта Сьмялоўская