• Запрашаем у Польшчу: Ясная Гара
  • 15.04.2011

1 траўня бягучага году ў Ватыкане пройдзе цырымонія бэатыфікацыі папы рымскага Яна Паўла Другога. У рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” працягнем гаворку пра месцы, зьвязаныя з пантыфікам.

Сёньня, сябры, распавядзем пра Ясную Гару ў горадзе Чэнстахова на паўднёвым захадзе Польшчы. Ясная Гара – гэта кляштарны комплекс каталіцкага ордэну паўлінаў, разьмешчаны на ўзгорку. Ясная Гара лічыцца найважнейшым у Польшчы месцам рэлігійнага культу. Караль Вайтыла, а пазьней папа рымскі Яна Павал ІІ, неаднойчы бываў у Чэнстахове.

Гісторыя кляштару сягае канца 14-га стагодзьдзя, калі паўліны прыбылі ў Польшчу з Вугоршчыны па запрашэньню мясцовага князя. Назву Ясная Гара далі самі вугорскія паўліны, у памяць аб сваім айчынным кляштары, які знаходзіўся менавіта на Яснай Гары. У 1384 годзе да чэнстахоўскіх паўлінаў трапіў абраз, на якім выяўлена Маці Божая зь Дзіцяткам Іісусам. Паводле легенды, абраз намаляваў сам Лука Эвангеліст на дошцы стала, за якім харчавалася сям’я Хрыста.  У палове 17-га стагодзьдзя на Яснай Гары ўзводзіцца абарончы комплекс, будова якога працягвалася каля 30-і гадоў.

Падчас наступленьня швэдаў у 1655 годзе імі была прадпрынятая спроба заняць кляштар. Манахі ды мясцовае насельніцтва не здаваліся, і аблога працягвалася больш за месяц. Ня змогшы заняць кляштар, швэды адступілі, а абарона Яснай Гары пачала лічыцца цудам. Паводле легенды, абараніць кляштар і людзей дапамог цудатворны абраз, які тады ўжо называлі Чорнай Мадоннай. Праўда, на момант аблогі абраз вывезьлі з кляштару, каб ён ня трапіў у рукі акупантаў. А гісторыя блякады Яснай Гары знайшла адлюстраваньне ў многіх творах, напрыклад, у рамане “Патоп” Генрыка Сянкевіча.

У часы падзелу Польшчы Чэнстахова ўваходзіла ў склад Расейскай Імпэрыі. Царская адміністрацыя абмяжоўвала колькасьць манахаў, канфіскавала таксама землі ордэну. У часы Польскай Народнай Рэспублікі Ясная Гара была цэнтрам рэлігійнага й грамадзянскага супраціву супраць новай улады. У 1956 годзе на Яснай Гары малілася 1 млн. палякаў, а малітву ўзначаліў харызматычны кардынал Стэфан Вышыньскі.

Ян Павал ІІ, будучы ўжо пантыфікам, быў на Яснай Гары шэсьць разоў. У 2006 годзе кляштар наведаў Бэнэдыкт XIV.  

Сёньня Ясная Гара - гэта ня толькі мэта пілігрымак вернікаў, але й месца шматлікіх гістарычных экскурсій.   


вс