Сёньня праваслаўныя, каталікі й грэка-каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. У хрысьціянскай традыцыі Вербная нядзеля заканчвае літургічны пэрыяд Вялікага посту ды распачынае пэрыяд Вялікага тыдня – час перад мучаніцтвам і сьмерцю Ісуса Хрыста на крыжу. 

Як заяўляе айцец Аляксандар Шымбалёў, Вербная нядзеля - вельмі важны для праваслаўных дзень, адно з 12 найважнейшых сьвятаў у праваслаўным літургічным каляндары.

а. Аляксандар Шымбалёў: У Вербную нядзелю ў праваслаўнай царкве служыцца з раніцы Бажэственная літургія. Гэта вельмі ўрачыстая літургія, паколькі мы сьвяткуем уваход Госпада ў Іерусалім. У гэтае вялікае сьвята царква ўспамінае гэтую падзею, калі Ісус Хрыстос прыйшоў у горад Іерусалім і яго сустракалі людзі з пальмамі - сустракалі як пераможцу, аддавалі яму хвалу. У памяць аб згаданай падзеі нашыя суайчыннікі прыходзяць у Вербную нядзелю ў храм і прыносяць з сабой вярбу, якая пачынае ўжо распускацца. У гэты дзень звычайна ў царкву прыходзіць вельмі шмат вернікаў з галінкамі вербы, а сьвятары асьвячаюць іх сьвятой вадой. Увечары, на схіле дня, пачынаецца Страсная нядзеля ды служыцца набажэнства, якое ўспамінае здраду Госпада нашага Ісуса Хрыста й яго пакуты.

Ці Вербная нядзеля, гэта важны дзень у пэрыяд посту ў праваслаўнай царкве?

а. Аляксандар Шымбалёў: Вербная нядзеля, гэта вельмі важны дзень ды вялікае сьвята, і таму ў гэты дзень дазволена есьці рыбу. У праваслаўнай царкве на працягу ўсяго Вялікага посту ёсьць літаральна два дні, калі па строгаму постнаму рэжыму дазваляецца есьці рыбу: гэта Вербная нядзеля і ў сьвята Добравешчаньня Гасподняга - 25 сакавіка.

Што адбываецца пазьней з гэтымі галінкамі вярбы? Як яны павінны захоўвацца?

а. Аляксандар Шымбалёў: Гэтыя галінкі вярбы звычайна людзі ставяць у вазу й яны там застаюцца даўжэйшы час. Ну, а там ужо далей, як народная традыцыя… Некаторыя людзі ставяць іх у ваду, і калі яны выпусьцяць карэньні, то засаджваюць іх у навакольлі. Іншыя чакаюць, пакуль яны дастаяць да наступнай Вербнай нядзелі й замяняюць іх новымі галінкамі.

Што можна зрабіць са старымі галінкамі? Ці іх можна проста выкінуць, ці трэба абыходзіцца зь імі нейкім асаблівым чынам?

а. Аляксандар Шымбалёў: Іх нельга выкідваць, паколькі яны асьвечаныя сьвятой вадой. Лепш іх проста спаліць, каб яны не папалі на сьмецьце.

- расказваў праваслаўны сьвятар Аляксандар Шымбалёў.

Вербная нядзеля заканчвае Вялікі пост ды пачынае Страсную Цямніцу, прысьвечаную ўспаміну апошніх дзён зямнога жыцця Госпада Ісуса Хрыста, яго крыжовым пакутам, сьмерці й пахаванню. Апошні тыдзень, які папераджае Пасху, мае асобны сэнс і глыбіню: кожны ягоны дзень называецца сьвятым і вялікім.

У гэтыя дні праваслаўная царква заклікае вернікаў прыняць духоўны ўдзел ва ўсіх службах і перажыць дзень за днём апошнія падзеі перад Уваскрасеньнем Збаўцы. Гэтыя дні з апостальскіх часоў праводзіліся ў строгім посце, глыбокай малітве й міласэрных учынках.

 
Таксама ў каталіцкай традыцыі Вербная нядзеля прысьвячаецца той жа самай як у праваслаўі падзеі, апісанай у Сьвятым Пісаньні. Яна распачынае Тыдзень мучаніцтва Пана, - нагадвае Юры Варанко - каталіцкі вікарый з парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці.

кс. Юры Варанко: Вербная нядзеля распачынае Тыдзень мукі Пана – час, які кожны хрысьціянін перажывае вельмі глыбока. Гэтая нядзеля ўспамінае падзеі, якія здарыліся з Ісусам Хрыстом, якія згадваюцца ў Сьвятым пісаньні – урачысты ўезд Ісуса ў Іерусалім. Кожны вернік, які чытаў Сьвятое Пісаньне, памятае апісаньне гэтай падзеі: спосаб прывітаньня Ісуса людзьмі быў сапраўды каралеўскім. Людзі ўбачылі ў ім сапраўднага караля, віталі Яго, кідалі пальмпвыя галінкі пад ногі. Нават самы вокліч гэтых людзей “Hosanna, сыну Давіда”, паказваюць гэты настрой. Што здарылася пазьней, чаму гэты настрой так раптоўна памяніўся, а людзі крычалі “Крыжуй!”, цяжка сабе да канца растлумачыць. Напэўна, гэта таксама дзеяньне фарысеяў, падбухторваньне, законы натоўпа. Аднак падзея ўезду сама па сабе радасная. Мы таксама прыходзім усімі сем’ямі, а паколькі ў нас няма пальмаў, прыносім з сабой больш распаўсюджаныя расліны, упрыхожваем іх, каб сустрэць Ісуса Хрыста.

Што адбываецца з прынесенымі са сьвятыні галінкамі вярбы? Якая іх моц ды значэньне?

кс. Юры Варанко: Гэтыя галінкі, якія прыносяць вернікі, ды якія асьвячае сьвятар перад пачаткам сьвятой імшы, яны маюць рознае народнае значэньне ў розных рэгіёнах сьвету, у тым ліку і ў Беларусі. Звычайна іх захоўваюць на покуці. Калісьці ў вёсцы іх зьмяшчалі за абразам, які вісеў у вугле хаты. Перад пачаткам Вялікага посту іх палілі й гэтым попелам пасыпалі галовы верных падчас Папяльцовай серады. Я яшчэ сустрэў гэткую традыцыю, калі вернікі прыходзілі дамоў і гэтымі галінкамі лёгка ўдаралі адзін другога – і з такім абрадам я сустрэўся ў розных мясьцінах нашай Беларусі.

- расказваў ксёндз Юры Варанко - вікарый з парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці.
 
Назва згаданага сьвята - Вербная альбо Пальмавая нядзеля - паходзіць ад уведзенага ў XІ стагодзьдзі абраду асьвячэньня пальмаў. 

Размаўляла Анна Задрожна