• "Сапраўдныя фіны" абяцаюць "дзень расплаты"
  • 18.04.2011

Парлямэнцкія выбары ў Фінляндыі завершыліся посьпехам права-папулісцкай партыі “Сапраўдных фінаў”. Perussuomalaiset, а менавіт так гучыць назва партыі па-фінску, здабыла амаль адну пятую галасоў. Да гэтага ў “Сапраўдных фінаў” было 5 мандатаў, ад учорашняга дня 39. Добры выбарчы вынік ультраправай партыі з занепакоенасьцю сустрэлі ў Брусэлі.

Посьпех “Сапраўдных фінаў” можа адгукнуццам сур’ёзнымі наступствамі ня толькі для самой Фінляндыі, але і для іншых краін ЭЗ. Справа ў тым, што адным з асноўных пунктаў іх перадвыбарнай праграмы зьяўляецца адмова ад дапамогі эўрапейскім краінам, у якіх ёсьць праблемы з абслугоўваньнем свайго зьнешняга доўгу.

Калі “Сапраўдныя фіны” не зьменяць сваёй думкі, некаторыя дзяржавы-даўжнікі могуць не атрымаць фінансавай дапамогі ад іншых дзяржаваў Эўразьвязу.

Пасьля таго, як былі агучаныя першыя вынікі выбараў, лідар “Сапраўдных фінаў” Ціма Саіні заявіў, што праграма дапамогі ЭЗ Партугаліі будзе заблякаваная. У той жа час ён супакоіў фінаў, што яго партыя – гэта не экстрэмісты й паабяцаў зьмены сваім прыхільнікам.

Ц. Саіні: Мы рэалісты й ведаем, што ніякія зьмены не адбываюцца імгненна, але ў той жа час мы ведаем, што калі пастарацца, то цуды часам здараюцца.

Вынікі галасаваньня Саіні назваў гістарычным выбарам фінаў. Паплечнікі й прыхільнікі віталі свайго лідара авацыямі й воклічамі.

Ц. Саіні: Надышоў дзень расплаты.

Назіральнікі, што праўда, не выключаюць, што пры фарміраваньні кааліцыі нацыяналістам прыйдзецца адмовіцца ад найбольш радыкальных ідэй. Катэгарычную адмову ад аказаньня дапамогі “Сапраўдныя фіны” могуць абмяняць на прапанову яе радыкальнага перагляду. З аналягічнай ініцыятывай, у прыватнасці, выступаюць сацыял-дэмакраты.

Партыя “Сапраўдных фінаў” зьвяртаецца да маргіналізаванай часткі фінскага грамадзтва. Іх праграма складаецца з абяцаньняў шчодрых сацыяльных гарантый, характэрных для скандынаўскіх краін. «Сапраўдныя фіны» адклікаюцца да нацыяналізму й ксэнафобіі. Яны, напрыклад, прапануюць пазбавіць швэдзкую мову статусу дзяржаўнай і спыніць яе выкладаньне ў школах. «Сапраўдныя фіны» выступаюць супраць далучэньня краіны да NATO й крытыкуюць чальцоўства Фінляндыі ў ЭЗ.

У Фінлянды існуе традыцыя шматпартыйных урадаў, няма пастаянных блёкаў. Аднак гэтым разам, з-за добрага выбарчага выніку папулістаў, могуць быць асабліва складанымі.

Першае месца з 20% галасоў заняла Нацыянальная кааліцыйная партыя міністра фінансаў і віцэ-прэм’ера краіны Юркі Катайнэна. Другое месца з 19% занялі узначаленыя Ютай Урпілайнэн сацыял-дэмакраты. Для цэнтрыстаў пад лідарствам прэм'ер-міністра краіны Мары Ківініемі ўчорашняе галасаваніне стала сапраўднай катастрофай: партыя заняла чацьвёртае месца, набраўшы толькі 15,8%. Ківініемі прызнала сваю паразу й паабяцала перайсьці ў апазыцыю.

дг