• Па сьлядах Яна Паўла ІІ: Кальварыя Зэбжыдоўска
  • 22.04.2011

1 траўня бягучага году ў Ватыкане пройдзе цырымонія бэатыфікацыі папы рымскага Яна Паўла ІІ. У рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” працягнем гаворку пра месцы, зьвязаныя з пантыфікам.

Сёньня, сябры, распавядзем пра гарадок Кальварыя Зэбжыдоўска на поўдні краіны. А дакладней – пра базіліку й манастыр бэрнардынцаў, якія разам з паркам з 17-га стагодзьдзя ўнесены ў сьпіс Сусьветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Кальварыя Зэбжыдоўска – гэта адно з важных у Польшчы месцаў каталіцкага рэлігійнага культу. Базіліка й кляштар разьмешчаны на гары Жар, а вакол яе – 42 капліцы й касьцёлы. Часта Кальварыю называюць польскім Ерусалімам.

У 1600 годзе кракаўскі ваявода Мікалай Зэбжыдоўскі пабудаваў невялічкі касьцёл. Паводле легенды, ваявода ды яго жонка Ўршуля пабачылі з вакон свайго замку тры палаючыя крыжы на гары. Палічыўшы гэта знакам зь нябёс, на гэтай гары яны вырашылі ўзьнесьці храм. Пазьней, у 1609 годзе, на гары Жар быў пабудаваны большы касьцёл ды манастыр, дарэчы, паводле праекту вядомага італьянскага архітэктара Яна Марыі Бэрнардоні. Дарэчы, гэта менавіта паводле яго архітэктурнага пляну ўзьнесены касьцёл у Нясьвіжы – другі ў сьвеце пасьля рымскага ў стылі барока.

Але вернемся да Кальварыі Зэбжыдоўскай... Потым, цягам паўтара стагодзьдзя, будаваліся чарговыя сакральныя аб’екты на гары, вакол яе й ля падножжа. Фундатарамі выступалі як продкі ваяводы Зэбжыдоўскага, так і прадстаўнікі іншых вядомых польскіх шляхецкіх родаў, напрыклад, Чартарыскія. У кальварыйскай базіліцы ёсьць цудоўны абраз Маці Божай зь Дзіцяткам Ісусам з 1641 году.

Рэлігійныя аб’екты ў Кальварыі займаюць плошчу 6 квадратных кілямэтраў, а каб прайсьці шлях па ўсіх касьцёлах і капліцах, неабходна пераадолець 6 кілямэтраў. 42 сакральныя аб’екты пабудаваны паводле ўзору са Сьвятой зямлі, а паасобныя месцы называюцца гэтак жа, як у Ерусаліме. Напрыклад, Галгофа, Сіён, Масьлічная гара. У Кальварыі праходзяць важныя рэлігійныя мерапрыемствы, напрыклад, Крыжовая дарога. Тут таксама вялікае значэньне надаецца культу Марыі.

Караль Вайтыла – пазьнейшы папа рымскі Ян Павал ІІ – зьвязаны з Кальварыяй Зэбжыдоўскай зь юначых гадоў. Тут ён прыяжджаў, будучы хлапчуком, пазьней – ксяндзом, біскупам, арцыбіскупам і галавой каталіцкага касьцёлу. Займаючы Апостальскі пасад, пантыфік быў тут два разы – падчас першага візыту ў Польшчу ў 1979 годзе й апошняга – у 2002 годзе. Знаходзячыся ў Польшчы ў 1987 годзе папа перадаў базіліцы ў Кальварыі Залатую ружу. Гэтая традыцыя сягае 10-га стагодзьдзя. Пантыфік перадае ружу, зробленую з чыстага золата, касьцёлам, манастырам, манархам ці вядомым людзям у знак пашаны й падзякі за працу. У Польшчы, акрамя Кальварыі Зэбжыдоўскай, Залатую ружу ад Яна Паўла ІІ атрымаў кляштар на Яснай Гары, пра які мы распавядалі тыдзень таму.

А Кальварыя – гэта ня толькі важнае для католікаў месца, але й прыгожыя краявіды. Сам Ян Павал ІІ некалі сказаў: “У Кальварыі ёсьць нешта, што чалавека прыцягвае... Гэта й натуральная прыгажосьць прыроды, якая раскінулася тут, у падножжа польскіх Бяскідаў”. Так што запрашаем Вас у Кальварыю Зэбжыдоўску!

вс