Стомленыя судзьдзі больш жорсткія
Характар судовага прысуду ў значнай ступені залежыць ад добрага настрою, а перш за ўсё ад таго, якім чынам адпачылі судзьдзі. Гэткую выснову зрабілі ізраільскія дасьледчыкі на падставе аналізаў больш як 1 тысячы судовых прысудаў, выдадзеных па вельмі падобных справах.
Навукоўцы аналізавалі заявы вязьняў з просьбай аб датэрміновым вызваленьні або паляпшэньні ўмоваў адбываньня пакараньня ў турме. Паводле ізраільскіх навукоўцаў, раніцай, пасьля сьнеданьня або пасьля перапынкаў судзьдзі па справах падсудных прымалі больш пазытыўныя рашэньні (у 60-70%).
Пасьля некалькіх гадзінаў працы шанец вязьняў на станоўчае судовае рашэньне падаў амаль да нуля. Дарэчы, прысуды былі незалежныя ад полу ці этнічнага паходжаньня падсуднага.
На падставе згаданых назіраньняў, навукоўцы з Унівэрсытэту Бэн-Гурыёна дайшлі да высновы, што судзьдзі, якія адпачылі, больш старанна разглядалі справы, прысьвячалі ім больш часу й увагі, ды больш ахвотна прымалі адносна мяккія прысуды. Калі яны былі стомленыя, шукалі хуткіх рашэньняў, таму часьцей не задавальнялі заяваў вязьняў.
Навукоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што паказчык стомленасьці бярэцца пад увагу, напрыклад, у працы пілётаў. Цяпер яны лічаць, што падобныя працэдуры трэба ўвесьці ў дачыненьні да судзьдзяў.
Азотныя ўгнаеньні шкодзяць біятопам
Забруджаньне азотам аказвае адмоўны ўплыў на амаль палову месцаў у Эўропе, дзе растуць дзікія расьліны, - такім чынам сьведчыць рапарт, падрыхтаваны эўразьвязаўскімі экспэртамі.
Забруджаньае паветра некарысна ўплывае на 60% эўрапейскіх біятопаў, у прыватнасьці гаворка ідзе пра лугі, лясы й зарасьнікі верасу. Пад асаблівай пагрозай апынуліся далікатныя гатункі: мох, парасьнікі ці расянкі. У сваю чаргу, вельмі агрэсіўна разьвіваюцца рознага роду травы, ажыны й крапівы.
На думку эўразьвязаўскіх экспэртаў, такім чынам адбываецца, паколькі людзі выкарыстоўваюць празьмерныя колькасьці азотных угнаеньняў, якія шкодзяць адным і дапамагаюць разьвівацца іншым гатункам расьлінаў.
Ці чалавечая мова ўзьнікла ў сярэдзіне Афрыкі?
Чалавечая мова ўзьнікла ў цэнтральнай або паўднёвай частцы Афрыкі. Такім чынам сьведчаць найноўшыя аналізы гукаў, якія выкатыстоўваюцца людзьмі па ўсім сьвеце. Вынікі згаданых аналізаў публікуе прэстыжны тыднёвік „Science”.
Мова чалавека настолькі разнародная, што людзі ня ў стане зразумець адзін аднаго нават тады, калі іхныя мовы належаць да адной моўнай сям’і. Напрыклад, палякам цяжка зразумець славакаў, хаця іхныя мовы належаць да адной славянскай сям’і.
Тым часам, як даказвае Куэнцін Аткінсан з новазэляндзкага ўнівэрсытэту Оклэнд, усе мовы паходзяць з аднаго месца ў сьвеце.
Аткінсан дасьледваў фанэмы – найменшыя адзінкі мовы, якім у гаворцы адпавядаюць гукі. Ён прааналізаваў у суме 504 мовы. Найбольш фанэмаў, якія яго цікавілі, зафіксаваў у мовах раёнаў Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Найменш – паўднёвай Амэрыкі й трапічных выспаў Ціхага акіяна, дзе чалавек пасяліўся зусім нядаўна.
Мапы выкарыстаньня фанэмаў адпавядаюць мапам генэрычнай разнароднасьці ў згаданых рэгіёнах. Гэта, паводле навукоўцаў, азначае, што людзі пачалі выкарыстоўваць мову даўно таму ў сярэдзіне Афрыкі, а пазьней распаўсюдзілі згаданае ўмельства на іншыя рэгіёны сьвету падчас іх калянізацыі.
Неабходная атамная рэвалюцыя!
Да суцэльнай зьмены палітыкі атамнай бясьпекі ў сьвеце заклікаў учора ў Чарнобыле генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун.
„Гаворка ідзе пра зьмену стандартаў бясьпекі, праверку ўплыву стыхійных бедстваў на ядзерную бясьпеку, разгляд усіх козыраў і заганаў згаданай крыніцы энэргіі ды ахову атамных аб’ектаў ад тэрарыстычных атакаў, - заявіў Пан Гі Мун, наведваючы зачыненую зону вакол Чарнобыльскай АЭС.
Нагадаем, генэральны сакратар ААН прыбыў ва Ўкраіну ў сувязі з міжнароднай канфэрэнцыяў донараў, якія дапамогуць сабраць сродкі на новы саркафаг над чацьвёртым рэактарам ЧАЭС, зьнішчаным пасьля аварыі ў 1986 годзе.
Падрыхтавала Анна Задрожна
Здымкі: pl.wikipedia.org