• Караед-тыпограф зьядае Белавескую пушчу
  • 23.04.2011

Лясьнікі з польскай часткі Белавескай пушчы б’юць трывогу, што караед-тыпограф зьядае частку запаведніка, разьмешчанага ўздоўж шашы паміж Гайнаўкай і Белавежай.

Запаведнік імя прафэсара Ўладыслава Шафэра займае больш за паўтары тысячы гектараў. У значнай частцы растуць там яліны. Іх атакаваў шкоднік – караед тыпограф. Лясьнік зь Белавежы Войцех Нядзельскі тлумачыць, што пасьля атакі праз некалькі месяцаў дрэвы паміраюць.

В. Нядзельскі: Назіраем поўны распад дрэвастою. Караед-тыпограф атакуе яліны, а калі іх няма - перакідаецца на сосны. У эканамічных зонах, а таксама ў некаторых запаведніках лясьнікі ці іншыя вызначаныя асобы, ходзяць па лесе і назіраюць. Калі ўбачаць апілкі, значыць - гэтае дрэва заняў караед – няма паратунку. Дрэва памірае.

За адзін сэзон разьвіваюцца ажно чатыры пакаленьні шкодніка, якія атакуюць чарговыя яліны, а потым і сосны. Лясьнік падкрэсьлівае, што ў запаведніку Шафэра ўжо некалькі гадоў забараняецца зрубаць і вывозіць дрэвы, якіх атакаваў гэты жук.

В. Нядзельскі: Караед–тыпограф зьяўляецца неад'емным элемэнтам лесу. Мы не імкнемся поўнасьцю яго зьнішчыць. Караед быў, ёсьць і будзе. Наша задача -  зьменшыць папуляцыю. Зараз дрэвастрой знаходзіцца на этапе распаду. Жук амаль у 100% заняў лес. Гэтыя ўсе дрэвы – трупы. Ад 2008 году мы вялі пастаянны нагляд. Аднак ад таго часу дзейнічае такама забарона на высечку дрэў, атакаваных караедам. Мы інфармавалі нашых начальнікаў, што гэтая зьява пашыраецца, што можа адбыцца катаклізм, і ён адбыўся.

Лясьнікі даказваюць, што права не забараняе актыўнай абароны лесу, але, нягледзячы на гэта, ваяводзкі кансэрватар пыроды дазволіў толькі нагляд за працэсамі разьвіцьця інвазіі караеда. Не дазваляе вырубаць і вывозіць з лесу хворыя дрэвы. Тым часам такія меры датычаць толькі нацыянальных паркаў, у якіх права забараняе актыўную абарону лесу.

Анджэй Антчак, які ў Беластоцкай дырэкцыі дзяржаўных лясоў займаецца лясной гаспадаркай, падкрэсьлівае, што такія дзеяньні вядуць да дэградацыі краявіду пушчы, які, па сваёй сутнасьці, павінен ахоўвацца.

А. Антчак: Мэтай краявіднага запаведніка зьяўляецца абарона краявіду, ахова менавіта такіх шматслоевых, шматгатункавых дрэвастрояў. Зараз мы губляем гэтую мэту. Зараз, на самой справе, акрамя адзінкавых старых ялін, якія не паддаліся караеду, засталося некалькі дзясяткаў штук сасны, другі слой складае граб. Сёньня гэты лес страціў тыя прыкметы, на падставе якіх у 60-тыя гады прымалася рашэньне аб вызначэньні тут краявіднага запаведніка.

Андрэй Антчак пераконвае, што на месцы зьнішчаных караедам дрэў не вырастаюць маладыя яліны й лес страчвае свой першабытны характар.

А. Антчак: У гэтак званым налёце, калі парастае маладняк, дзякуючы таму, што атрымаў доступ да сонца, найбольш актыўна нарастае граб – у 90%, і толькі ў 10%- елкі. Існуе пагроза, што мы страцім і гэтыя яліны, бо не ўсе дрэўцы пасьпеюць вырасьці на шыкоўныя дрэвы. У гэтым бары павінна быць таксама сосна, а паводле інвэнтарнага сьпісу ў маладняку няма сосны.

Зараз лясьнікі зрубаюць сугія яліны ў краявідным запаведніку імя Шафэра, якія стаяць уздоўж шашы Гайнаўка -Белавежа, бо яны могуць пагражаць бясьпецы людзей. Іншыя мёртвыя дрэвы мусяць заставацца на месцы. Нельга іх забраць з лесу. Гэта мера, якя павінна прадухіліць незаконныя высечкі пушчы.

Кандыдат біялягічных навук Георгій Казулька пацьвярджае, што па беларускім баку Белавежскай пушчы таксама існуе праблема з караедам-тыпографам. Вялікая ўспышка была у 2001-2003 гадах. Эколяг шкадуе, што барацьба з гэтым шкоднікам вядзецца на вельмі нізкім прафэсійным узроўні.

Г. Казулька: У хворых дрэвах жывуць ня толькі караеды, але ж таксама паразіты, драпежнікі, якія яго зьнішчаюць. Калі гэтая справа дрэнна арганізавана, дык мы ў першую чаргу зьнішчаем гэтых драпежнікаў і паразітаў, не караедаў. Гэтак было на беларускім баку. Дрэвы ў недакладны час вывозіліся з лесу, не рабілася іх адкорваньне. Не было такога кантролю, які павінен быць. Справа ў тым, што нашая частка Белавескай пушчы ня столькі прыродаахоўная ўстанова, колькі гаспдарачая й ўсе сілы накіраваныя на тое, каб зарабляць грошы. Ахова прыроды, навука, экалягічная адукацыя на другім пляне. Наадварот, рабілася шмат таго, каб гэты караед больш распаўсюджваўся па Белавескай пушчы.

Георгій Казулька бачыць сэнс у тым, што польскі кансэрватар прыроды не дазваляе вывозіць з лесу дрэвы з караедам. -Белавежская пушча - гэта першабытны лес, пярвічная экасыстэма, яна мае свае мэханізмы для самарэгуляваньня, і гэта таксама трэба ўлічваць, - зазначае беларускі эколяг.

Г. Казулька: Па-першае, ня ўсе яліны згінуць, а па-другое, трэба зыходзіць з экалёгіі. У нас зараз такі час, што ідзе глябальнае пацяпленьне й пушча не застанецца такая, якая яна была 50-100 гадоў таму. Яна будзе мяняцца. Гэты працэс называецца сукцэсія, натуральная прыродная сукцэсія. Нельга захаваць пушчу ў тым выглядзе, калі ідуць такія глябальныя зьмены.

Трэба давяраць прыродзе, бо яна сама ведае, што для яе найлепшае, - такі пункт гледжаньня пераважае сярод пераважае сярод прыхільнікаў жыцьця паводле правіл натуры.

ЯС