25 гадоў таму, 26 красавіка 1986 году, адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэтая была аднай з найвялікшых катастрофаў у гісторыі атамнай энэргетыкі. Вынікам аварыі стала радыектыўнае забруджаньне значнай часткі Эўропы ды запавольваньне разьвіцьця гэтага сэктара энэргетыкі.
Улады Савецкага Саюза першапачаткова абвяргалі інфармацыю пра выбух. Потым, пасьля таго, як эўрапейскія краіны зарэгістравалі гвалтоўнае павелічэньне радыеактыўнага фону, савецкае кіраўніцтва абежавалася мінімальнымі дадзенымі. Гэта выклікала ў розных эўрапейскіх краінах спэкуляцыі пра тысячы сьмяротных ахвяраў, пагрозе для іншых краінаў ды магчымасьці выбуху ядзернай вайны. Менавіта так тыя падзеі запамятаў прафэсар Збігнеў Явароўскі, кіраўнік Навуковай рады Цэнтральнай лябараторыі радыяцыйнай абароны ў Варшаве.
Збігнеў Явароўскі: Я прыйшоў 28 красавіка на працу. Асыстэнтка сказала мне, што радыеактыўнасьць павялічылася ў 550 тысяч разоў у параўнаньні з учорашнім днём. Гэта быў шок. Таму што ў нас не было ніякай інфармацыі, апроч той, што даваў наш маніторынг. Тады я падаумаў, што пачалася ядзерная вайна.
Працягваюцца дыскусіі адносна прычын гэтай катастрофы. Сёньня дамінуюць два тлумачэньні: “чалавечыя” памылкі, то бок памылкі абслугоўваючага пэрсаналу, і тэхнічныя недасканаласьці канструкцыі тагачасных рэактараў, дзе ядзернае паліва ахалоджвалі вадой, а не адмысловым газам. Пра гэта распавядае Ежы Неваднічаньскі, прафэсар катэдры ядзернай энэргетыкі з кракаўскай Горнапрамысловай акадэміі. Польскі спэцыяліст заўважыў, што наступствы чарнобыльскай аварыі адчуваліся ў Польшчы, дзе людзі пачалі масава прымаць ёд.
Ежы Неваднічаньскі: У атмасфэру трапілі ня толькі ізатопы ёду ці цэзію, але цяжкія ўранавыя элемэнты, якія былі ў паліве. Усё гэта пайшло вельмі высока ў атмасфэру й разьляцелася даволі далёка. Польшчы пашанцавала, бо тады вецер дзьмуў у асноўным з поўначы на поўдзень ці наадварот. Напрыклад, нашмат больш была забруджана Грэцыя альбо нават Шатляндыя, чым Польшча. У раёне ж Чарнобыля, у Беларусі ці ва Ўкраіне ды ў Польшчы ў атмасфэры замала ёду. Мы атрымоўваем штучна ёд, які дабаўляецца ў соль. У нас дэфіцыт ёду ў арганізме. Калі ў атмасфэры зьяўляецца дадатковы ёд, нашы арганізмы яго ахвотна паглынаюць. Гэта вядзе да заляганьня ёду ў шчытападобнай залозе й можа прывесьці да непажаданых наступстваў.
Савецкія ўлады кінуліся на ліквідацыю наступстваў аварыі. Быў пабудаваны саркафаг над зьнічаным чацьвёртым рэактарам. Больш чым 350 тысяч жыхароў былі эвакуяваныя. Па сёньняшні дзень працягваецца спрэчка экспэртаў што да колькасьці ахвяраў катастрофы. Паводле Станіслава Лятэка, прэсавага сакратара Дзяржаўнага атамнага агенцтва Польшчы, Чарнобыль моцна паўплываў на запаволеньне разьвіцьця атамнай энэргетыякі ў сьвеце.
Станіслаў Лятэк: Шматлікія краіны, напрыклад, Італія, спынілі працу сваіх электрастанцыяў. Аднак, калі палічыць шкоднасьць розных крыніц энэргіі, беручы пад увагу вугальную энэргетыку, водную, ядзерную, ядзерная энэргія самая бясьпечная, нягледзячы на Чарнобыль і Фукусіму. Здараліся прыклады разбурэньня плаціны на рацэ, у вініку чаго гінулі дзясяткі тысяч чалавек, ядзерныя аб’екты да такіх ахвяраў ніколі не прыводзілі.
Паводле апошняй справаздачы Навуковага камітэту ААН па справах наступстваў ядзернага выпраменьваньня (UNSCEAR), 134 працаўнікі Чарнобыльскай АЭС і каманды ратаўнікоў атрымалі высокія дозы радыяцыі, пасьля чаго ў іх пачалася праменевая хвароба. 28 сярод іх загінулі ад выпраменьваньня, а 2 асобы ад апёкаў. Некалькі дзясяткаў чалавек загінулі падчас будаўніцтва саркафагу. Прыкладна 4-9 тысяч чалаек памерлі ад ракавых захворваньняў пасьля аварыі. Больш жудасныя лічбы агучыла арганізацыя Greenpeace, якая зявіла, што ад рака, які зьявіўся пад узьдзеяньнем радыяцыі з ЧАЭС, памерлі 200 тысяч чалавек, а яшчэ каля 100 тысяч памруць у бліжэйшыя гады.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч