• Летувіскі МЗС: у выніку аварыі на АЭС уся краіна магла б апынуцца ў паралюшы
  • 26.04.2011

Чвэрць стагодзьдзя таму адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у выніку чаго радыёактыўныя выпады аселі ў шэрагу краін Эўропы, пацярпелі Ўкраіна, частка Расеі. Уся тэрыторыя Беларусі была забруджаная выпадамі вышэйшымі за натуральны фон. Афіцыйна прызналі забруджанымі 23% тэрыторыі краіны, дзе пражывае прыкладна 1,5 млн насельніцтва. Цяпер у Беларусі плянуецца пабудаваць уласную АЭС. Ужо вядуцца падрыхтоўчыя работы на пляцоўцы ў Астравецкім раёне. Летува рашуча супраць.

Сталіца Летвы – Вільня – усяго ў 50 кілямэтрах ад будучай атамнай станцыі. Гавораць, што з тэлевежы ў Вільні нават можна пабачыць хутар Нарвілішкі, пад якім і будзе месьціцца станцыя. Летувіскі бок катэгарычна супраць таго, каб АЭС будавалася побач зь Вільняй.

Дарадца аддзела палітыкі энэргетычнай бясьпекі МЗС Летувы Віліюс Самуйла параіў беларусам перанесьці АЭС пад Менск.

Віліюс Самуйла: Мы ня бачым эканамічнага складнікa ў гэтым рашэньні. Пасьля Фукусімы ніхто нам не дакажа, што будаваць АЭС ў 50 кілямэтрах ад населенага пункту – добра. Чарнобыль паказаў чым магла б абярнуцца трагедыя, калі б вецер падзьмуў у бок Кіева.  Зьдзіўляе тое, што Беларусь, якая больш за ўсіх пацярпела ў выніку чарнобыльскай трагедыі, працягвае пашыраць атамную энэргетыку й зноў наступае на тыя ж граблі. Калі японцы не змаглі справіцца са сваім ядзерным аб’ектам, то наўрад беларусы, якія ня маюць такой практыкі, змогуць валодаць ядзерным аб’ектам. Летува не супраць амбіцый Беларусі ў галіне атамнай энэргетыкі, але калі б адбылася трагедыя, ня толькі Вільнюс прыйшлося б эвакуяваць. Шчыра кажучы, уся наша краіна апынулася б у паралюшы.

Прадстаўнік МЗС падкрэсьліў, што літоўскі бок дагэтуль ня можа атрымаць поўнай інфармацыі аб бясьпечнасьці станцыі, акалічнасьцях яе эксплуатацыі. Маўляў, на ўсе запыты прыходзяць адказы без адказу.

Дырэктар Дэпартамэнта ядзернай бясьпекі Дзяржаўнай інспэкцыі па бясьпецы атамнай энэргетыкі Сігітас Шлепавічус гаворыць

Сігітас Шлепавічус: З пункту гледзішча бясьпекі карысьць, якую прынясе АЭС, мусіць пераважыць над рызыкаю радыяцыйнага забруджваньня. У нас будуць складанасьці, калі давядзецца ўводзіць плян аварыйнай гатоўнасьці. І мы адабраем, каб суседзі абралі іншую пляцоўку пад будаўніцтва.
 
Пазыцыю Летувы, выступаючы на міжнароднай канфэрэнцыі ў Кіеве, агучыў і летувіскі прэм'ер Андрыюс Кубілюс. Ён заклікаў прымяняць эканамічны байкот да краін, якія належным чынам не забясьпечваюць бясьпеку сваіх АЭС. Ён выступіў з крытыкай беларускага атамнага праекту ў Астраўцы, заявіўшы, што АЭС, якая будуецца недалёка ад летувіскай мяжы АЭС не адказвае патрабаваньням экспэртызы ўплыву на навакольнае асяродзьдзе й стварае пагрозу для, як мінімум, паўмільёна людзей. Ён таксама падкрэсьліў, што пасьля Чарнобыльскай трагедыі Летува пагадзілася на шкоду сваім эканамічным інтарэсам на закрыцьцё Ігналінскай АЭС, на якой працавалі рэактары таго ж тыпу, што й чарнобыльскія.

Дырэктар праграм дзяржкарпарацыі “Расатам” Сяргей Баяркін мяркуе, што прэтэнзіі Літвы абумоўленыя канкурэнтнай барацьбой.  “Літоўцы, не маючы на сёньняшні момант ніякіх інвэстараў, ня маючы нават праекта, разумеюць, што яны вельмі моцна адстаюць і, натуральна, яны спрабуюць тым ці іншым спосабам перашкодзіць будучым канкурэнтам”, -- зазначыў прадстаўнік “Расатама”.

Прадстаўнікі літоўскіх дзяржструктур мяркуюць, што Беларуская АЭС – гэта найперш расійскі праект, таму гаварыць аб дывэрсыфікацыі крыніц энэргіі, энэргетычнай незалежнасьці Беларусі – бессэнсоўна.

З тым, што выбар пляцоўкі пад будаўніцтва станцыі --  найперш палітычнае рашэньне згодны і былы старшыня Вярхоўнага савета Беларусі, фізік-ядзершчык паводле адукацыі Станіслаў Шушкевіч.

С. Шушкевіч: Я мяркую, што ў Беларусі няма годнай будучыні без ядзернай энэргетыкі. Нам патрэбная ядзерная энэргія, бо забясьпечыць высокі жыцьцёвы ўзровень толькі калі мець вялікую колькасьць энэргіі на душу насельніцтва. У Беларусі ён цяпер у пяць разоў меншы, чым у Нарвэгіі. Але я не падтрымліваю той праект і тое месца, таму што яно выбрана з палітычных меркаваньняў. Гэта адна з праяў агрэсіўнасьці й вайны. Яе хочуць пабудаваць у басейне Віліі. Нерыс працякае праз Вільнюс. Ня трэба ствараць пагрозу суседняй дзяржаве, альбо пераканайце суседнюю дзяржаву, што гэта ёй не пагражае. Так робяць годныя суседзі. Я прыхільнік ядзернай энэргетыкі, але я не прыхільнік ваеннай, ядзернай ці нейкі недарэчнай пагрозы суседняй дзяржаве.

Былі ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС, фізык, доктар тэхнічных навук, прафэсар Георгій Лепін -- праціўнік будаўніцтва атамнай станцыі. У яго і эканамічныя, і мэдыцынскія контраргумэнты.

Георгій Лепін: Дазваляюць афіцыйна выкідваць радыёактыўныя ізатопы з рэактара па-за аварыямі. Вось мы часта думаем: ня будзе аварый і ўсё ў парадку. Ды не! Аказваецца, кожны рэактар пастаянна выкідвае ў атмасфэру ізатопы. Нямецкія дасьледчыкі, урачы на працягу 24 год праводзілі аналіз як адчуваюць сябе дзеці, што жывуць паблізу з АЭС. Дык у іх рак крыві сустракаўся ў два разы часьцей. Гэта бяскрыўдныя станцыі?!

15 сакавіка 2011 г было падпісана Міжурадавае пагадненьне аб будаўніцтве беларускай АЭС. Згодна з дакумэнтам, у 2017 г. мусіць быць здадзены першы блёк станцыі, у 2018 г -- другі.

Марыя Кароль