• Падчас польскага прэзыдэнцтва ў Эўразьвязе пройдзе 2,5 тыс. культурніцкіх падзея
  • 27.04.2011

У Берасьці ўвечары 26 красавіка адбылася прэм'ера спэктакля "Чорны боль", прысьвечанага 25-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яго паставіў берасьцейскі народны тэатар-студыя "Раёк".

У тэатральнай пастаноўцы з выкарыстаньнем харэаграфіі, паэзіі, дакумэнтальнага кіно й фотахронікі расказваецца пра чарнобыльскую аварыю – самую буйную радыяцыйную тэхнагенную катастрофу ў гісторыі чалавецтва – і яе наступствы.

У спэктаклі гучаць вершы Вольгі Сполахавай, Вадзіма Задарожнага, Васіля Зуёнка, Міхаіла Янчука. Выкарыстаная музыка беларускіх і замежных кампазытараў. Працягласьць спэктакля – 50 хвілін, у ім задзейнічаны 25 актораў тэатра-студыі "Раёк".

Прэм'ера адбылася ў абласным цэнтры моладзевай творчасьці. Спэктакль паглядзелі больш за 400 чалавек.

У менскім Палацы мастацтва 20 красавіка адкрылася рэспубліканская мастацкая выстава "Беларускі нацюрморт".

Дэманструюцца нацюрморты, створаныя за 50 гадоў: работы з уласных збораў сябраў Беларускага саюза мастакоў, з фондаў БСМ, Нацыянальнага мастацкага музэя, Музэя сучаснага выяўленчага мастацтва й Полацкага мастацкага музэя.

Старшыня рады БСМ прафэсар Уладзімер Зінькевіч кажа, што «ў нацюрморце ёсьць нешта, што заўсёды існуе з намі. Гэта наша бытавое, падсьвядомае й касьмічнае жыцьцё. І мяне ўразіла, што ў такім разуменьні нацюрморта адзіныя беларускія мастакі розных пакаленьняў", — сказаў Зінькевіч. Паводле яго слоў, выстава "бліскуча адлюстроўвае высокі прафэсіяналізм айчыннай школы нацюрморта".

Цікавасць да гэтага жанру ў беларускім мастацтве асабліва праявілася ў другой палове мінулага стагодзьдзя.

З 25 красавіка па 13 траўня ў Кіеве адбываецца пяты штогадовы фэстываль «Беларуская вясна – 2011». Акцыі фэстывалю закліканы прыцягнуць увагу грамадзкасьці да рэпрэсій, якія зараз адбываюцца ў Беларусі, адзначаюць арганізатары.

Выстава “Асаблівы рэжым”, якая адкрые фэст – гэта водгук на апошнюю хвалю тэрору, якая пачалася ў Беларусі ў сьнежні 2010 году пасьля непрызнаных міжнароднай супольнасьцю прэзыдэнцкіх выбараў. Сытуацыя, якая нагадвае хутчэй лягер для асабліва небясьпечных злачынцаў, чым «астравок міру й спакою ў бушуючай Эўропе», перададзена праз турэмную графіку Юрася Навіцкага, постэры Мікіты Кадана, паштоўкі палітвязьням расейскага карыкатурыста Андрэя Більжо, відэаінсталяцыі Вадзіма Заміроўскага, удзельніка "Беларускай вясны» 2009 – 2010 гадоў.

У рамках фэстывалю таксама адбудуцца: прэзэнтацыя коміксу Марыны Напрушкінай «Пераканаўчая перамога», пэрформанс Сашы Ірванца «Чыстасардэчнае прызнаньне», майстар-кляс «Мастацтва ў турме» й адкрытая дыскусія аб адказнасьці за свабоду перакананьняў, а ў завяршэньне – бой падушкамі ад культурнага дзеяча й былога палітвязьня Андрэя Кіма.

Падчас польскага прэзыдэнцтва ў Эўразьвязе пройдзе 2,5 тыс. культурніцкіх падзеяў, сустрэч і дэбатаў па-за межамі краіны.

Сярод іх: найбуйнейшая прэзэнтацыя польскага тэатру ў Маскве, а таксама ў Брусэлі й Ерусаліме, першая вялікая прэзэнтацыя польскай сучаснай музыкі ў Нью-Ёрку й выставы польскага рамяства на фэстывалях у Вене, Будапэшце, Маскве й Парыжы.

Арганізатары імпрэза хочуць такім чынам разрэклямаваць марку “Польшча” ў Эўропе
Мерапрыемствы будуць адбывацца ў дзесяці сталіцах, і ня толькі эўрапейскіх. Культурніцкія акцыі пройдуць і на Далёкім Усходзе. У арганізацыі імпрэзаў дапамагаюць Польскія інстытуты, культурніцкія ўстановы Польшчы за мяжой. Іх у сьвеце 22. Яны працуюць ня толькі ў Эўропе, да прыкладу, у Тэль-Авіве й Нью-Ёрку.

дг