Міжнародны дзень барацьбы з шумам
Учора мы адзначалі Міжнародны дзень барацьбы з шумам.
На жаль, як падкрэсьліваюць экспэрты, згаданая барацьба пакуль не прыносіць спадзяваных вынікаў, паколькі гоман, у якім жывуць людзі, павялічваецца.
У гэтым перакананы таксама доктар Аркадыюш Іванюк – намесьнік Ваяводзкага інспэктара аховы навакольнага асяродзьдзя ў Любліне.
Аркадыюш Іванюк: Можна гаварыць пра рост узроўню шуму на 150% у параўнаньні з тым, што фіксавалася ў 2000 годзе. Згаданы рост мае пасьлядоўны характар, што бачна на падставе дыяграмаў. Перш за ўсё бачнае павелічэньне руху легкавых аўтамабіляў і рух на вуліцах, як у цэнтрах гарадоў, так і на акружных дарогах. Напрыклад, Люблін знаходзіцца ў асаблівай сытуацыі ў сувязі з адсутнасьцю акружной дарогі. Таму ў горадзе перасякаюцца шляхі з поўдня на поўнач ці з усходу на захад. Гэткі рух, можна сказаць, пакідае за сабой наступства ў выглядзе шуму.
- лічыць доктар Аркадыюш Іванюк – намесьнік Ваяводзкага інспэктара аховы навакольнага асяродзьдзя ў Любліне.
Прафэсар Генрык Скаржыньскі – дырэктар Інстытуту фізіялёгіі й паталёгіі слыху, падкрэслівае, што для нашых вушэй найбольш небясьпечным зьяўляецца шум у асяродзьдзі, у якім жывем і працуем. Гаворка ідзе пра тое, што мы не заўважаем паўсюднага, навакольнага гулу: з вуліцы, шуму розных прыладаў. Усё гэта ўплывае адмоўна на наш арганізм.
Праблема празьмернага шуму датычыць таксама дзяцей, напрыклад, падчас перапынку між заняткамі ў школе.
Генрык Скаржыньскі: Звычайна, калі мы гаворым пра шум, то атаесамліваем яго з шумам цяжкой індустрыі, якой ужо амаль няма. Няма вялікіх заводаў, фабрыкаў, якія гэты шум рабілі. У сваю чаргу, мы не заўважаем, што жывем ва ўсё большым шуме, і наш слых стамляецца. Дасьледваньні сьведчаць пра тое, што стамляюцца нашыя пачуцьцёвыя клеткі. Гэтую зьяву назіраем таксама ў дзяцей пасьля перапынку паміж урокамі, які маўляў, служыць адпачынку.
- лічыць прафэсар Генрык Скаржыньскі.
Да паступовай глухаватасьці прычыняюцца таксама вельмі папулярныя сярод моладзі й дзяцей плееры. Гаворка ідзе пра тое, што моладзь слухае за шмат музыкі і, дарэчы, у некарысных умовах.
Прафэсар Скаржыньскі нагадвае, што арганізм, які дзейнічае ў празьмерным шуме, хутчэй старэе. Таму настолькі важная адукацыя й прафіляктыка, якія павінны прадухіліць наступствы шуму.
Дырэктар Інстытуту фізіялёгіі й паталёгіі слыху дадае, што, на жаль, у польскім грамадзтве слыхавы апарат - гэта сорам, таму пацыенты карыстаюцца ім вельмі рэдка.
Генрык Скаржыньскі: У адрозьненьні ад акуляраў, якія мы носім вельмі ахвотна, слыхавы апарат палохае пацыентаў. Я прыводжу прыклад прэзыдэнтаў ЗША Клінтана й Рэйгана, якія карысталіся слыхавымі апаратамі, а нават зь імі фатаграфаваліся. Я пераконваю, што вядомыя людзі не саромеліся сваёй глухаватасьці, а паказвалі, што слыхавы апарат дазваляе ім лепш дзейнічаць у грамадзтве.
- тлумачыць прафэсар Генрык Скаржыньскі – дырэктар Інстытуту фізіялёгіі й паталёгіі слыху.
Сёлета Міжнародны дзень барацьбы з шумам адзначаўся 16-ы раз.
Сiлескі гоначны аўтамабіль на трэку Формула 1
Студэнты Сiлескага палітэхнічнага інстытуту сканструявалі гоначны аўтамабіль, які ў бліжэйшую нядзелю возьме ўдзел у гонках на Silverstone – вядомым трэку „Формулы 1”.
Дарэчы, за згаданым спаборніцтвам можа сачыць кожны, паколькі канструктары прымацавалі на аўтамабілі інтэрнэтную камэру.
Пры будове аўтамабіля ад пачатку акадэмічнага году працавала 13 студэнтаў факультэтаў аўтаматыкі, электронікі, інфарматыкі й мэханічнай тэхналёгіі. Сярод іх быў таксама Войцех Сьлюсарчык, які ў мінулым годзе разам з трымя іншымі студэнтамі збудаваў гоначны аўтамабіль, які прадстаўляў Сiлескі палітэхнічны інстытут на гонцы электрычных аўтамабіляў The Greenpower Corporate Challenge 2010 у Вялікабрытаніі.
Сёлета згаданае спаборніцтва было перанесенае на легэндарны трэк Silverstone.
У гонках пераможа той аўтамабіль, які найбольш разоў акружыць трэк да разраджэньня батарэяў.
Дадатковай прываблівасьцю зьяўляецца інтарнэтная камэра, што знаходзіцца на аўтамабіле.
Падрыхтавала Анна Задрожна
Здымкі: pl.wikipedia.org