• Курапаты як бясконцая барацьба за памяць (фота)
  • Audio4.99 MB
  • 28.04.2011

У надыходзячы аўторак беларусы сьвяткуюць Радаўніцу – дзень ушанаваньня памяці тых, хто адышоў ад нас назаўсёды. Рыхтуючыся да гэтага дню, людзі па традыцыі прыбіраюць могілкі. Наводзяць парадак і ў Курапатах – месцы, якое стала сымбалем трагедыі, памяці, і , на жаль, сымбалем чалавечага варварства ды абыякавасьці дзяржавы.

У Курапатах ляжаць ад 100 да 200 тысячаў палякаў, габрэяў, расейцаў, але перадусім беларусаў, якія прынялі страшную сьмерць ад рук НКВД. Адразу пасьля адкрыцьця гэтага месца людзі пачалі прыносіць сюды крыжы. Так паўстаў адзіны ў Беларусі народны мэмарыял – распавядае сакратар КХП БНФ мастацтвазнаўца Валеры Буйвал.

В. Буйвал: Сотні крыжоў народнага мэмарыялу ў Курапатах зробленыя альбо рукамі саміх людзей, альбо на замову. Грошы на іх зьбіралі простыя беларускія грамадзяне. З часам складкі пачалі рабіць палякі, летувісы, немцы, якія наведвалі Курапаты. Але гэта параўнальна малыя грошы. Перадусім мэмарыял ствараюць беларусы. Народны мэмарыял у Курапатах ствараецца на народныя грошы.

Крыжы ў Курапатах ставяць сябры партыяў, культурных суполак, нават футбольныя фанаты. Ставяць іх і звычайныя людзі – крыжы  зь імёнамі забітых бацькоў, дзядзькаў і дзядоў, якія былі вясковымі кавалямі, студэнтамі, настаўнікамі...

Кожную суботу ў Курапатах адбываецца талака. Ад некалькіх асобаў да некалькіх дзесяткаў чалавек прыходзяць сюды каб прыбраць сьмецьце, паставіць новыя крыжы ці адрамантаваць старыя, зьнішчаныя вандаламі. Вандалізм тут ня рэдкасьць - распавядае неаднаразовы ўдзельнік талакі Віктар.

Віктар: Акты вандалізму звычайна прымеркаваныя да нейкіх датаў. Часта крыжы ламаюць непасрэдна перад Дзядамі. Вельмі часта вэрхал адбываецца на 7 лістапада. Летам акты вандалізму адбываюцца не па нейкіх палітычных матывах – проста там любяць “адпачываць” “мясцовыя жыхары”, якія нападпітку гэтыя самыя крыжы й ламаюць. Зь якой мэтай – высьветліць вельмі цяжка.

На Вялікдзень нам таксама ўдалося наведаць Курапаты. Мы ўбачылі, як у царкоўнае сьвята кампанія каля 15 чалавек распаліла сярод магільных крыжоў вогнішча, ела й піла піва. Сярод удзельнікаў “пікніку” на могілках былі нават мамы з каляскамі й дзесяцігадовыя дзеці. Такія зьявы тут, на жаль, ня рэдкасьць. Ва ўрочышчы шмат сьлядоў па вогнішчах і пакінутага сьмецьця. Яшчэ адна шакуючая знаходка – выкарыстаныя шпрыцы й літаральна горы вываранага ў ацэтоне макавага зерня.  Прама на магілах наркаманы вараць і ўжываюць атруту – кажа Віктар.

Віктар: Наркаманы выкарыстоўваюць ацэтон і менавіта неапрацаванае насеньне кандытэрскага маку. Яны вараць наркотык і ўжываюць яго прама ў Курапатах. Такі чалавек жыве ня больш за два гады, бо вываранае ў ацэтоне насеньне проста спальвае арганізм. Чалавек спачатку ператварацца ў інваліда, а пазьней памірае. Наркотык забівае – і забівае вельмі хутка.

Жахлівая згадкі па наркаманах сустракаюцца ня толькі ў Курапатах, але й па ўсёй паўночнай ускраіне Менску – кажа Валеры Буйвал.

В. Буйвал: Наркаманы ня робяць сваё няшчасьце публічным. Сьляды па іх можна сустрэць ня толькі ў Курапатах – яны паўсюль. Я жыву недалёка Курапатаў. Летась ішоў у краму, убачыў што на лаўцы сядзіць малады чалавек. Мёртвы. Пад’ехала хуткая дапамога – канстатавала сьмерць. На руках сьляды уколаў. Значыць, памёр наркаман. Нібы сабака пад плотам. Гэта жахліва.

Ва ўрочышчы стаіць знак, які сьведчыць пра тое, што Курапаты ахоўваюцца дзяржавай. Але нашыя суразмоўцы ня здолелі прыгадаць ніводнага факту, каб хтосьці з вандалаў, якіх лавілі самі людзі й перадавалі ў рукі міліцыі, быў пакараны.

На месцы масавага пахаваньня запануе належны памерлым супакой толькі тады, калі яго пачне сапраўды ахоўваць міліцыя, а школа, царква ці СМІ абудзяць людзй ад гістарычнага бяспамяцтва. Але сёньня гэта проста немагчыма – лічыць Валеры Буйвал.

В. Буйвал: Трэба ўсталяваць рэгулярную паліцэйскую ахову Курапатаў. Зрабіць агароджу. Трэба запэўніць нармальнае функцыянаваньне культурна-гістарычнага помніка такога маштабу й такой каштоўнасьці. На аматарскім ўзроўні зрабіць гэтага не атрымаецца. У мініятуры ў Курапатах адбываецца тое, што адбываецца па ўсёй нашай краіне.  Гэта вельмі драматычны момант. І справа тут нават не ў шашлыках, а ў тым, што хочуць зьнішчыць душы нашых людзей.

Нягледзячы ні на што, у суботу на месца пахаваньня бязьвінна забітых зноў прыйдуць неабыякавыя людзі. А нам застаецца толькі падзякаваць усім тым, хто ставіць у Курапатах новыя крыжы, прыбірае сьмецьце.  І спадзявацца, што калі-небудзь людзі перастануць піць ды смажыць шашлыкі на магілах іх бязьвінна забітых дзядоў.


Аляксандар Папко

 

Народны мэмарыял у Курапатах уражвае прастатой і шчырасьцю.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Месца сталінскіх расстрэлаў сёньня перасякае кальцавая дарога.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Сафія Георгіеўна Аніхоўская-Маева (1902-1938), настаўніца...

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

На Вялікдзень кампанія менчукоў зладзіла сярод крыжоў вясёлы пікнік - зь півам і закускамі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ля вогнішча на могілках сабраліся як мужчыны сярэднягя ўзросту, так і  маладыя мамы зь дзецьмі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Яшчэ адна жахлівая знаходка - горы вываранага ў ацэтоне макавага зерня.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Пасярэдзіне - выкарыстаны шпрыц.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Знак "Ахоўваецца дзяржавай" - хоць дзяржава ніколі Курапатаў не ахоўвала.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

У Курапатах ня толькі вандалы - пажылая пара прыйшла ўшанаваць памяць родных.