• Польскі “OPEN FOLK” выступіць у Менску
  • 04.05.2011

На выходныя ў Пінску памерла беларуская пісьменьніца Валянціна Коўтун.  Ёй было 66 гадоў.

Коўтун нарадзілася ў 1946 годзе ў вёсцы Дземяхі, Рэчыцкага раёну ў сям’і настаўнікаў. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы ў 1964 годзе паступіла на філялягічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а з 4 курса перавялася ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, які скончыла ў 1969.

Працавала настаўніцай мовы й літаратуры, літкансультантам «Сельской газеты». З 1979 - рэдактар аддзела крытыкі й літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1982 г. - загадчыца рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва», з 1990 г. - старэйшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя».

Валянціна Коўтун была кандыдатам філялягічных навук. Перакладала з расейскай і ўкраінскай моваў. У друку выступала з 1966 году.

У Нацыянальным гістарычным музэі завершана рэстаўрацыя кнігі "Апостал", надрукаванай пасьля 1595 году ў віленскай друкарні Мамонічаў.

Больш за год рэстаўрацыю ажыцьцяўляў майстар Андрэй Крапіўка з дапамогай жонкі Ірыны Зялёнай-Крапіўкі. Памер фаліянту - 29,5 см на 18,5 см.

Музэй закупіў кнігу ў прыватнай асобы ў 2001 годзе. Гэтае выданьне «Апостала» захоўваецца ў зборах музэя толькі ў адным экзэмпляры. На сёньня вядомыя яшчэ тры экзэмпляры гэтага выданьня, якія знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Адноўлены фаліянт з 17 траўня заплянавана дэманстраваць на выставе новых паступленьняў у Нацыянальным гістарычным музэі.

Зараз Андрэй Крапіўка займаецца аднаўленьнем больш раньняга выданьня "Апостала", надрукаванага беларускім і ўкраінскім першадрукаром беларускага паходжаньня Іванам Фёдаравым у 1574 годзе ў Львове.

36 фільмаў з 19-ці краінаў з усяго сьвету пазмагаюцца за ўзнагароду на 9-м Фэстывалі дакумэнтальных карцін  Gdańsk DocFilm Festiwal. Імпрэза прысьвечаная працы й годнасьці чалавека. Фэст працягнецца пяць дзён.

Польшчу на паказе прадставяць “Паглядзі” Адама Паленты, “Гугара” Анджэя Дыбчака й Яцэка Наглоўскага, “Дэклярацыя несьмяротнасьці” Марціна Кашалкі й іншыя.
Агулам на фэстываль было даслана 230 фільмаў, але ў фінал трапіла 36 карцін. 12 зь іх ужо раней былі паказаныя ў Польшчы. Ацэньваць стужкі будзе міжнароднае журы. Галоўная ўзнагарода фэсту – 10 тыс. злотых, а таксама статуэтка “Брама Свабоды”.

Разам з конкурснымі паказамі адбудцца й адмысловыя сэансы. Гледачы змогуць пабачыць фільмы ўдзельнікаў журы, францускіх і амэрыканскіх кінематографаў, а таксама фільмы ісьляндзкіх рэжысэраў. Напрыклад, фільмы Фрыдрыка Тора Фрыдрыксона й Ары Магнусона, якія супрацоўнічаюць з Б’ёрк і Лярсам фон Трыерам. Адбудуцца таксама тэматычныя паказы, між іншым, будзе прадстаўлены скандальны фільм швайцарскага дакумэнталіста Штэфа Грубэра „Passion Despair”, у якім распавядаецца гісторыя мужчыны, які фатаграфуе маладых дзяўчат.

Канцэрт польскага гурта “OPEN FOLK” адбудзецца ў рамках Дударскага фэстывалю ў Менску.

„OpenFolk” − гэта ня толькі назва, але й мастацкае крэда калектыву. Спачатку гурт быў зачараваны кельцкай музыкай, якая спалучае ў сабе старажытныя традыцыі бардаў з актуальнай, зразумелай для сучаснага слухача формай.  Але зь цягам часу музыканты шукалі натхненьня ў фальклёры іншых культур − ад славян да Ўсходу. Гурт выкарыстоўвае як старажытныя, так і цалкам сучасныя інструмэнты з розных частак сьвету.

Імпрэза адбудзецца 15 траўня ў клюбе “Рэактар”, на вуліцы Харужай, 20, у Менску.

Расьце колькасьць артыстаў, якія ўлетку выступяць на гдыньскім фэсьце Openair. У юбілейным – дзесятым фэстывалі ўжо пацьвердзілі свой удзел 50 гуртоў і выканаўцаў. Нагадаем, імпрэза пройдзе з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.

З польскіх артыстаў на фэсьце выступяць: Brodka, Pogodno, Vavamuffin, R.U.T.A., Baaba Kulka, Wojtek Mazolewski Quintet, Tides From Nebula, Małe Instrumenty, Karolina Cicha i Niechęć.

Галоўнай падзеяй Openair стане выступ брытанскай каманды Coldplay. Апошні альбом музыкі запісалі ў 2008 годзе. Музыкі сталі ляўрэатамі прэстыжных прэмій Brit Awards i Grammy Awards. Гэта будзе першы канцэрт гэтай каманды ў Польшчы.

Першы Openair адбыўся ў 2002 годзе ў Варшаве. Годам пазьней імпрэза прайшло ўжо ў Гдыні.

На пачатку 2011 году, падчас цырымоніі ўручэньня ўзнагарод European Festival Awards у Гронінгу, імпрэза другі раз атрымала прыз за Найлепшы вялікі фэстываль.

Нагадваем пра старонку moje.polskieradio.pl. Гэта новы партал Польскага радыё, на якім ёсьць цэлы шэраг тэматычных каналаў, уключна з музычнымі, а таксама архіўныя матэрыялы Польскага радыё.

дг