• Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Літва” - 4
  • 05.05.2011

 У 4 нумары эміграцыйнага часопіса „Літва”, які выдаваўся ў Чыкага, былі зьмешчаныя Заўвагі Вацлава Пануцэвўча да публікацыі Ўладзімера Анічэнкі Аб украінскай лексічнай варыянтнасьці ў статрабеларускай пісьменнасьці (V.P., Ab ukrainskaj leksičnaj varyjantnaści ŭ starabiełaruskaj piśmiennaści. U.V. Aničenka, Vieści AN BSSR nr 5, 1969. Zaŭvahi, u: „Litva”, № 4, Чыкага, студзень-сьнежань 1970, с. 267-272).

 Беларускі дасьледчык адзначыў, што ўзбагачэньне старабеларускай пісьмовасьці ўкраінскімі варыянтнымі формамі й словамі зьяўляецца цікавым і неабходным для вывучэньня агульнай праблемы беларуска-ўкраінскіх пісьмовых сувязяў у мінуўшчыне. Зьяўленьне ў старабеларускай лексічнай сыстэме ўкраінізмаў абумоўлена гісторыяй літаратурна-пісьмовай мовы Беларусі, вонкавымі ды ўнутранымі фактарамі, калі, апрача беларускіх земляў, вялікая частка ўкраінскіх знаходзілася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, а пазьней – Рэчы Паспалітай. Гэты час датуецца канцом XVI ст. Тады замацавалася ды пазьней доўга трывала літаратурная беларуская мова зь некаторымі аспэктамі мовы ўкраінскае. З часам, у XVII ст. гэтая мова стала дыфэрэнцыявацца. На Беларусі яна ачысьцілася ад украінізмаў, а на Ўкраіне – узмоцнілася. Наяўным паказьнікам разыходжаньня між мовамі беларускай ды ўкраінскай зьяўляецца слоўнік першай паловы XVIII ст. Памвы Бярынды ў „лексыконе славянороскім” (тамсама, с. 267).

 Удзельная вага ўкраінксіх слоў у старабеларускай пісьмовасьці была неаднолькавай на працягу цэлай гісторыі разьвіцьця беларуска-ўкраінскіх моўных сувязяў. Найбольш разьвітай была тэндэнцыя росту ўкраінізмаў на Беларусі з канца XVI – пачатку XVII с., калі многім дзеячом украінскае культуры прыходзілася жыць на тэрыторыі ВКЛ. Гэта быў час дзейнасьці праваслаўных брацтваў на беларускай тэрыторыі.

 Словы з характэрнай украінскай агалоскай, якія знаходзім у помніках старабеларускай пісьмовасьці, неаднародныя. Іх можна выдзеліць у 3 групы.
 
Першую, невялікую групу складаюць словы, утвораныя на аснове даўніх каранёў шляхам зьмены існуючых фанэтычных працэсаў, якія зь цягам часу сталіся характэрнымі для ўкраінскае мовы, напр. трансфармаваная форма чьто. Пасьля выпадзеньня ера ў слабым становішчы ў расейскай мове замацавалася яна ў пісьмовай форме як что, у беларускай – што, а ў украінскай – шчо. Ужываньне шчо зрэдку сустракаецца ў некаторых пісьмовых крыніцах, напісаных на тэрыторыі Беларусі, напр.: Люді не ведаюць шчо ест шатан (XVII ст., Еўл.), альбо: мовілі і чынілі то, шчо Богу, а не сьветку і целу належыт’ (1622, Паўуст.). Форма шчо, частая ў палескіх гаворках, зьяўляецца паказьнікам, што аўтары паходзілі з Палесься, як, дапусьцім, Еўлашэўскі ці Апанас Берасьцейскі. Іншыя прыклады лексычных украінізмаў – гэта: сокыра (замест сякера), ці который (замест каторы) (тамсама, с.268-270).

 Да другой групы ўкраінізмаў Уладзімер Анічэнка залічае словы, якія розьняцца ад беларускіх суфіксамі й прэфіксамі, як: опочінок (адпачынак), шчадок (нашчадак). Вацлаў Пануцэвіч – рэцэнзэнт артыкулу Анічэнкі – заўважае, што скароты слоў з прэфіксамі характэрныя ня толькі для ўкраінскае мовы, але таксама й для беларускае, напр. шчэ (замест яшчэ).

Зь нешматлікіх прыкладаў украінізмаў, якія сустракаюцца ў тэкстах старабеларускай пісьмовасьці, вынікае, што не паявіліся яны ў выніку панаваньня ўкраінскае мовы ў ВКЛ, але зьяўляюцца выпадковымі асаблівасьцямі, якія замацаваліся з прычыны блізкасьці паўднёвых беларускіх дыялектаў да паўночна-ўкраінкіх, а таксама ў выніку кантактаў паміж беларускімі і ўкраінскімі культурна-рэлігійнымі дзеячамі. Не аказалі аднак яны ўплыву на разьвіцьцё беларускае мовы  – падкрэсьліў усьлед за беларускім мовазнаўцам Уладзімерам Анічэнкам і эміграцыйны дасьледчык Вацлаў Пануцэвіч (тамсама, с. 271-272).

Цікавы погляд В. Пануцэвіча таксама на ролю беларускае мовы ў пазьнейшы пэрыяд –XVIII-XІX ст.ст. Не пагаджаецца ён з тэзай, што пасьля заняцьця польскай мовай напрыканцы XVII ст. функцыі мовы дзяржаўнай, беларуская перастала зусім разьвівацца. „Kali ŭ narodzie paralelna raźvivałasia niekalki litaraturnych movaŭ, to ŭ niekatorych peryjadach jaho historyi nastupała pieratasoŭka viadučych litaraturnych movaŭ. Takim čynam polskaja mova u 18-19 st.st. u našym litaraturnym pracesie zaniała viadučaje miesca. Ale heta nie značyć, što kryvickaja i inšyja movy našaha litaraturnaha pracesu byli zabaronieny, ci zamierli. Jany płyli mienšymi ciokami”. У гэтым пэрыядзе разьвівалася школьная драма зь дзьвюма моўнымі стыхіямі: крывіцкай і польскай, народныя тэатры „батлейкі” з крывіцкімі інтэрмэдыямі; разьвівалася вусная народная творчасьць зь песьнямі, былінамі, паэтычнымі аповесьцямі, казкамі й г.д. З гэтага часу (XVII-XVIII ст.ст.) паходзіць беларуская сатырычная паэма Хрыстос вызваляе з пекла Адама й Эву ці зборнік Пэрла многацэнная Кірыла Транквілёна (XVII ст.), зборнік Новае Неба І. Галатоўскага (1699 г.) ды іншыя (V. Panucevič, Da pytańnia pra miesca Prancisia Bahuševica u historyi biełaruskaj litaratury. (Artykuł A.Adamoviča u Zapisach 3, 1964 h.), u: „Litva”, № 1, Чыкага, студзень-чэрвень, с.250-252).
 
 Аказваецца, што нават у ня вельмі спрыяльныя часы беларуская мова працягвала разьвівацца.

Ніна Баршчэўская