Кракаўскія навучальныя ўстановы запрашаюць на фэстываль навукі

Крэсла факіра, робаты з канструктара Lego для дзяцей, экспэрымэнты й сучасныя тэхналёгіі для дарослых.

Кожны, хто паявіцца на фэстывалі навукі ў Кракаве, знойдзе нешта цікавае для сябе.

Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі шмат займальных прэзэнтацыяў і эфэктных экспэрымэнтаў, - пераконвае Пшэмыслаў Корнась з Палітэхнічнага інстытуту ў Кракаве.

Пшэмыслаў Корнась: Найбольш ахвотна я запрашаю паглядзець хімічныя паказы, якія адбудуцца ў суботу 14 траўня. Нашыя хімікі пакажуць шмат цікавых піратэхнічных зьяваў. Можна будзе, напрыклад, даведацца, як памяняць ваду ў віно, піва й малако. На кожнага наведвальніка будзе чакаць шмат іншых атракцыёнаў. Будуць робаты, паказы, экскурсіі. З падрабязнасьцямі праграмы можна пазнаёміцца на адмысловай, інтарнэтнай старонцы фэстывалю.
 
- заахвочваў Пшэмыслаў Корнась з Палітэхнічнага інстытуту ў Кракаве.

Фэстываль навукі пад лёзунгам „Чалавек – матэрыя – культура” пачнецца 11 траўня ды будзе працягвацца чатыры наступныя дні. Палаткі паасобных кракаўскіх ВНУ будуць расстаўленыя на Галоўным рынку ў Кракаве. Патронам і арганізатарам сёлетняга мерапрыемства зьяўляецца Сельскагаспадарчы ўнівэрсытэт. З падрабязнасьцямі, датычнымі фэстывалю, можна пазнаёміцца на сайце www.festiwalnauki.krakow.pl.


50-годзьдзе першага амэрыканца ў космасе

Сёньня мінае 50-годзьдзе палёту у космас першага амэрыканца. Алан Шэпард адправіўся ў космас з мыса Канавэрал на Фларыдзе на борце касьмічнага карабля Freedom 7.

Амэрыканец паляцеў у космас праз 23 дні пасьля Юрыя Гарарына, таму й ягоная папулярнасьць намнога меншая, чым расейскага касманаўта.

У 1971 годзе Алан Шэпард стаў пятым у гісторыі чалавекам, які саступіў на Месяц, а нават паспрабаваў пагуляць на ім у гольф.

Амэрыканскі касманаўт памёр у 1998 годзе.


Ападкі сьнегу у траўні – нармальная, хоць рэдкая зьява

Сьнег у траўні не зьяўляецца нечым надзвычайным, хаця гэта сапраўды рэдкая зьява, - лічыць кліматоляг зь Інстытуту мэтэаралёгіі й воднай гаспадаркі.

Міхал Кавалеўскі пераконвае, што ў сярэднім раз у 10 гадоў ападкі сьнегу могуць паявіцца ў адвольным рэгіёне Польшчы.

Міхал Кавалеўскі: Факт, што ў траўні адбываецца рашучае пахаладжаньне надвор’я, не зьяўляецца выключнай зьявай. Гэта даволі добра вядомая мэтэаралягічная зьява, якую ў народнай гаворцы называюць „халодныя агароднікі”. Але звычайна яна назіраецца не ў першых днях траўня, а два тыдні пазьней. Гэта зьвязана са зьменай структуры цыркуляцыі паветра.

Міхал Кавалеўскі  тлумачыць, што травенскае пахаладжаньне найчасьцей суправаджаюць іншыя, чым сьнег, кліматычныя зьявы.

Міхал Кавалеўскі: У найбольшай ступені наступствы гэткіх кліматычных зьменаў адчуваюць садаўнікі. Напрыклад, ападкі сьнегу ў траўні ў Варшаве фіксуюцца раз у 10 гадоў. Калі гаворка ідзе пра ападкі дажджу са сьнегам, то ў цэнтральнай Польшчы яны назіраюцца 2-3 разы ў 10 гадоў.  У суме, гэта 3-4 выпадкі ападкаў сьнегу ў 10 гадоў, а значыць, адна гэткая зьява дзесьці раз у 3 гады.

Паводле кліматоляга, у Польшчы у пэрыядзе ад чэрвеня да верасьня ападкі сьнегу не павінны назірацца ў іншых рэгіёнах, чым горы Татры. Цягам апошніх месяцаў году сьнег паявіцца можа ўсюды.

Інданэзія: гандаль драўнінай

Эўразьвяз і Інданэзія заключылі пагадненьне па справе аховы лясоў. Дамова павінна рашуча абмежаваць гандаль драўнінай.

Гэтак званая Добраахвотная партнэрская дамова была заключаная ў сталіцы Інданэзіі Джакарце. На ейнай аснове эўразьвязаўскія фірмы змогуць імпартаваць зь Інданэзіі выключна драўніну, якая адказвае патрабаваньням, датычным аховы навакольнага асяродзьдзя.

Актуальная вартасьць імпарту інданэзійскай драўніны ў Эўропу складае каля 1 мільярда эўра ў год. Гэта прыблізна адна шостая ўсяго экспарту згаданай краіны.

На думку экспэртаў, ахова лясоў у Інданэзіі - гэта вельмі важная справа, паколькі ў іх пражываюць многія гатункі часта вельмі рэдкіх жывёлаў.

Такім чынам Інданэзія зьяўляецца першай азіяцкай краінай, якая заключыла з Эўразьвязам Добраахвотную партнэрскую дамову. Раней падобным чынам зрабілі чатыры краіны Афрыкі. У сваю чаргу, на будучым тыдні па гэтай справе закончацца перамовы з урадам Лібэрыі.

Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org