Смаргонь вядомая з ХV стагодзьдзя як прыватнае мястэчка. Гэта самы паўночны горад Гарадзеншчыны, разьмешчаны ля прытокаў ракі Віліі – Оксне й Гервятцы. Архэолягі выявілі на беразе Оксны каля 50 курганоў, якія дазваляюць сцьвярджаць, што чалавек жыў тут ужо ў другой палаве першага тысячагоддзя нашай эры, у той час як у летапісах Смаргонь упамінаецца толькі ў XV стагодзьдзі.
Горад быў сведкам і ўдзельнікам шматлікіх гістарычных падзей. У жніўні 1385 г., у мястэчку Крэва, недалёка ад Смаргоні, была заключана Унія, якая аб'яднала землі Вялікага Княства Літоўскага й Польскага каралеўства, гэтая падзея адыграла пазьней значную ролю ў жыцьці ўсёй Эўропы.
Галоўнай славутасьцю Смаргоні зьяўляецца Кальвінскі збор – архітэктурны помнік XVI ст. Гэта адзін зь цікавейшых помнікаў раньняга рэнэсансу на Беларусі.
Школа дрэсіроўкі мядзьведзяў, якая ўвайшла ў гісторыю як «Смаргонская акадэмія», была заснавана Радзівіламі ў ХVII ст. Медзведзянят вучылі танчыць так: саджалі ў спэцыяльную клетку, мэталічнае дно якой награвалася. Калі ім не ставала сілаў трываць гарачыню падлогі, жывёліны пачыналі пераступаць з лапы на лапу. У гэты момант дрэсіроўшчык біў у бубен. Так было штодзённа напрацягу месяца-двух. Вучылі мядзьведзяў рабіць і іншыя, не зусім “зьвярыныя” штукі. За шэсьць гадоў дрэсіроўкі ў касалапых выпрацоўваўся ўмоўны рэфлекс. Гастралявалі яны па ўсёй Эўропе.
У пачатку XVIII ст., падчас Паўночнай вайны, тутэйшыя месцы сталі арэнай жорсткіх баёў. Пётр I пісаў пазьней, што ў лясах Смаргоні мужыкі моцна б'юць ворага. 3 гэтым горадам звязаны й бясслаўны канец Напалеона. Менавіта тут Банапарт прыняў рашэньне кінуць сваё войска.
3 горадам звязана жыцьцё і дзейнасьць шырока вядомага кампазытара, грамадзкага й палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага. Ен прымаў актыўны ўдзел у паўстаньні Тадэвуша Касцюшкі, у якім камандаваў батальёнам егераў-коньнікаў. Але сусьветную славу Агінскаму прынесьлі яго песьні, маршы й палянэзы.
Са Смаргоньню зьвязаны жыцьцё й творчасьць родапачыльніка крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, удзельніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага – Францішка Багушэвіча.
ак