Ігнацы Дамейка нарадзіўся ў маёнтку Мядзьведка недалёка ад Міра 31 ліпеня 1802 году. Некалькі гадоў пражыў ён у маёнтку свайго бацькі, старшыні Наваградзкага земскага суда Іпаліта Дамейкі. Вясной 1809 году Іпаліт памёр, і дзяцей (разам з Ігнацыем іх было пяцёра) узялі пад сваю апеку браты яго, таксама Ігнацы й Юзэф. Апошні калісьці вучыўся ў горным вучылішчы ў нямецкім горадзе Фрайбэргу. Магчыма, менавіта яго расказы выклікалі інтарэс да мінэралёгіі ў будучага вучонага.
Першапачатковую адукацыю Ігнацы атрымаў у калегіюме манахаў-піяраў у Шчучыне. Гэты манаскі ордэн вылучаўся сваім найбольш прагрэсіўным выхаваньнем і шырокімі ведамі, якія даваліся выхаванцам.
Пасьля заканчэньня калегіюма Ігнацы паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт і ў хуткім часе пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам. Адам увёў Ігнацыя ў кола членаў таемнага Таварыства філяматаў. Гэтае студэнцкае згуртаваньне ўзьнікла ў 1817 годзе й напачатку ставіла перад сабою асьветніцкія мэты: папулярызацыю здабыткаў францускіх асьветнікаў, вызначэньне ролі чалавека й грамадзяніна. Але пазьней філяматы прыйшлі да ўсьведамленьня неабходнасьці палітычнай барацьбы.
Ігнацы браў удзел у паўстаньні супраць Расеі. Як і многія іншыя ўзброеныя супрацівы, гэты таксама быў жорстка падаўлены, у выніку наш герой быў прымушаны эміграваць з радзімы.
1830 год, рэвалюцыя ў Францыі. Як водгук на яе – паўстаньне моладзі ў Варшаве. Пасьля яго перамогі полымя барацьбы распаўсюдзілася ледзь не па ўсёй Польшчы. У наступным годзе яно перакінулася на Беларусь. Ігнацы Дамейка далучыўся да паўстанцаў. Але, не падтрыманае народнымі масамі, паўстаньне было падаўлена. Дамейка вымушаны быў разам з атрадам генэрала Хлапкоўскага (пад кіраўніцтвам якога змагаўся) пакінуць радзіму. Ігнацы накіраваўся ў Парыж. Па дарозе, у Дрэздэне, сустрэўся з Адамам Міцкевічам. Яны засталіся верныя сваёй юнацкай дружбе.
У асяродзьдзі эмігрантаў стала вядома, што горнай школе ў Какімба (Рэспубліка Чылі) патрэбны выкладчык хіміі й мінэралёгіі. З дапамогай Міцкевіча Дамейка атрымаў кантракт. Ён абавязаўся за шасьцігадовы тэрмін стварыць у Какімбскай горнай школе хімічную лябараторыю й абвучыць студэнтаў хіміі.
У студзені 1838 году Дамейка накіраваўся на месца будучай працы. Са шматлікімі прыпынкамі, перасадкамі дабраўся ён да Буэнас-Айрэса. Далей можна было рухацца толькі па сушы. Трэба было сьпяшацца, бо набліжалася зіма і ўзнікла небясьпека закрыцьця сьнегам перавалаў праз Анды.
Зь вялікімі цяжкасьцямі пераадолеўшы Анды, Дамейка ўрэшце трапіў у Какімба. Наладзіў свой быт, з дапамогай вучняў пабудаваў памяшканьне для лябараторыі, чытаў лекцыі на гішпанскай мове (якую вывучыў за тры месяцы). Акрамя таго, рабіў з вучнямі шэраг экспэдыцый у горы. Нястомны вучоны адкрыў некалькі радовішчаў карысных выкапняў – срэбра, медзі, золата, вугалю. Яшчэ яму належыць адкрыцьцё сусьветнавядомых у наш час радовішчаў салетры.
У 1848 годзе Дамейку прапанавалі месца прафэсара хіміі й фізыкі ў незадоўга да таго адкрытым у сталіцы краіны нацыянальным унівэрсытэце. Ігнацы згадзіўся і ў хуткім часе пабудаваў на ўскраіне горада невялікі ўтульны домiк, абсадзіўшы яго экзатычнымі дрэвамі. Менавіта тут Дамейка пазнаёміўся й з пятнаццацігадовай дзяўчынай Энрыкай Гюзман дэ Сатамаер, якая хутка стала яго жонкай.
Ігнацы Дамейка шмат падарожнічаў. То на кані, то пешшу ён забіраўся ў самыя далёкія куткі краіны. Дамейка першым склаў падрабязную карту распрацовак каменнага вугалю ў Кансепьёне, першым вызначыў характар заляганьня медных рудаў у Чукікамаце й Патрарыльеса, першым зрабіў геаграфічнае апісаньне Араўканскіх стэпаў у сваёй кнізе «Араўканія й яе жыхары».
Наш зямляк, якога лёс кінуў так далёка, за акіян, здабыў аўтарытэт сярод жыхыроў сваёй новай айчыны.
Нястомная навуковая, экспэдыцыйная й грамадзянская дзейнасьць «дона Ігнасіа» выклікала вялікую павагу чылійскага грамадзтва. Яго выбіралі рэктарам унівэрсытэта ў Сант’яга чатыры разы запар. Толькі ў 1884 годзе Дамейка адмовіўся ад гэтай пасады, выказаўшы такім чынам пратэст захватніцкай вайне, разьвязанай урадам Чылі супраць Пэру.
Нягледзячы на гэта, у гонар вучонага вырашана было выпусьціць памятны мэдаль. А яшчэ яму прызначылі самую вялікую ў краіне пэнсію – 6000 піястраў у год.
Ігнацы Дамейка адышоў у іншы свет 23 студзеня 1898 году. А ў хуткім часе пасьля гэтага на адной з цэнтральных плошчаў чылійскай сталіцы зьявіўся помнік. На п’едэстале – ляканічны напіс: «Грандэ Эдукадор». І кожны, хто бачыў яго, разумеў: гэта помнік Вялікаму Настаўніку дону Ігнасіа Дамейку.
ак